Фота: facebook
Пры падтрымцы Амбасады Ізраіля ў Мінску на беларускую мову перакладуць кнігу ізраільскага даследчыка юдаізму Міхаіла Туваля «Сінагога гігантаў. Як чараўнікі, фарысэі і празеліты змянілі свет».
Кніга выйшла ў Іерусаліме на рускай мове ў 2022 годзе.
Пераклад і рэдагаванне Ганны Дзягель. Пераклад урыўкаў крыніц на старагрэцкай — Лявона Баршчэўскага.
У кнізе Міхаіл Туваль дзеліцца з чытачом многімі цікавымі фактамі і яркімі ідэямі, знойдзенымі ў працэсе шматгадовага вывучэння антычнага юдаізму ў акадэмічным кантэксце, асвятляе некаторыя дасягненні сучаснай гісторыка-філалагічнай навукі ў гэтай галіне і знаёміць з найноўшымі інтэрпрэтацыямі вядомых персанажаў, падзей і працэсаў старажытнаяўрэйскай гісторыі.
Мэта кнігі «Сінагога гігантаў» — зацікавіць чытача навуковымі версіямі зараджэння і эвалюцыі антычнага юдаізму.
«Кніга мае шмат перакладаў першакрыніц, уводзячы чытача ў найбагацейшую, але не вельмі шырока вядомую спадчыну яўрэйскай літаратуры перыяду Другога Храма. Амаль уся гэтая літаратура была забытая пазнейшым юдаізмам і захавалася ў неяўрэйскіх колах і пячорах пустыні.
Яна сведчыць аб згубленым свеце бурных падзей, кіпучых ідэй, няздзейсненых мар, утапічных сцэнарыяў і псіхадэлічных адкрыццяў — пра свет, у якім дзеці нараджаліся ад духаў, людзі лёталі на неба, а яўрэі спрабавалі заваяваць увесь свет. Аб віры і руху восевага часу, калі нарадзілася цывілізацыя Захаду», — паведамляе анатацыя.
Выхад кнігі запланаваны да канца 2026 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram