Фота: тг Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".
На Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» супольна з Міністэрства унутраных спраў афіцыйна ідуць здымкі шматсерыйнага ігравога фільма пад рабочай назвай «Слово офицера». Праект здымаецца паводле дзяржзаказу і прысвечаны 110-годдзю беларускай міліцыі, якое рэжым збіраецца адзначаць 4 сакавіка 2027 года. Задумка маштабная: кінастудыя замахнулася адразу на 3 сезоны па 8 серый (усяго 24 эпізоды).
У цэнтры гісторыі — прыдуманая дынастыя міліцыянераў Уладзіміравых (сын, унук, праўнук), дзе «клятва становіцца сямейным кодам гонару».
Дзеянне ахоплівае восем дзесяцігоддзяў — з 1941 па 2020 год.
Стваральнікі сцвярджаюць, што працуюць з «закрытымі архівамі МУС». Аднак акцэнт у праекце таксама будзе зроблены і на падзеях 2020 года: прапаганда паспрабуе «пераасэнсаваць» народныя пратэсты і гвалт сілавікоў.
Здымкі стартавалі ў вёсцы Вялікія Навасёлкі Дзяржынскага раёна і працягваюцца на натурных пляцоўках у Мінску, Магілёве, Бабруйску, Маладзечне, а таксама ў вёсках Засвіры і Заброддзе.
Над стварэннем ідэалагічнага эпасу працуе каманда правераных кадраў.
Сцэнарысты — Агата Моцка, Валерыя Салаўёва і Валянцін Залужны.
Агата Моцка, якая выступае на праекце і рэжысёркай-пастаноўшчыцай, вядомая сваёй працай над маштабнымі дзяржпраектамі, у прыватнасці, канцэртамі «Кінатэатр «Александрыя» і «Время выбрало нас». Нагадаем, што апошнія былі часткай акцыі «Марафон адзінства», якая суправаджала «перадвыбарчую кампанію» Аляксандра Лукашенкі ў 2025 годзе.
Аператар-пастаноўшчык — выпускнік БДАМ Сяргей Торбік.
У акцёрскую каманду запрашаюць як расійскіх артыстаў, так і лаяльных рэжыму беларускіх дзеячаў. У прыватнасці, кажуць аб магчымым удзеле Уладзіміра Гасцюхіна.
Спроба ператварыць сілавікоў у герояў экраннага эпасу — не навінка для «Беларусьфільма». Дзяржаўныя ведамствы рэгулярна замаўляюць кіно пад свае юбілеі альбо ідэалагічныя патрэбы.
Так, у 2016 годзе да 100-годдзя міліцыі быў створаны рэтра-дэтэктыў «Сляды на вадзе» Аляксандра Анісімава пра «барацьбу з бандытызмам» у 1946-м.
А ў 2018 годзе на заказ Міністэрства абароны выйшла стужка «Не гульня» Дзяніса Скварцова — агітацыйная драма пра геймера, які знаходзіць сябе падчас службы ў беларускай арміі.
Цяпер была абраная для ўвасаблення ідэалагічных мэтаў серыяльная форма, якая, пэўна, мусіць пераканаць беларускага гледача ў выключна пазітыўным вобразе беларускага міліцыянера.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram