На 69-м годзе жыцця памёр беларускі мастак і манументаліст Юрый Несцярук

Пра смерць мастака паведаміў Беларускі саюз мастакоў.

Юрый Несцярук нарадзіўся 12 кастрычніка 1957 года ў Стоўбцах на Міншчыне. Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (1976, цяпер Гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка) і аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1981, цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Вучыўся ў Гаўрыіла Вашчанкі, Алеся Хадыкі, Уладзіміра Стэльмашонка і Анатоля Бараноўскага.

У выставах удзельнічаў з 1980 года, у 1988-м уступіў у Беларускі саюз мастакоў, а з 1995 па 2000 год узначальваў яго Магілёўскую абласную арганізацыю. З 2002 года выкладаў на аддзяленні дызайну Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, таксама ўваходзіў у Беларускі саюз дызайнераў (з 2013 года).

Юрый Несцярук працаваў у станковым і манументальным жывапісе, эвалюцыянаваўшы ад гістарычных сюжэтаў і палескіх краявідаў да абстракцыі, дзе спалучаў традыцыі беларускага авангарду з народным светаўспрыманнем — найбольш яскрава гэта праявілася ў яго знакавай серыі «Вясковы супрэматызм». Сярод іншых яго вядомых твораў — «Крыж у Давыд-Гарадку», «Сон палешука», «Мост на Гарыні», «Шляхамі Скарыны. Вільня», «Мірскі замак», вітражы «Музыкант» у Крычаве і «Беларускія асветнікі» ў Магілёўскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, а таксама аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя са шкла і металу ў магілёўскім Палацы грамадзянскіх абрадаў.

Яго работы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім і Нацыянальным гістарычным музеях, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, краязнаўчых музеях і прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram