«Кожная старонка, кожны радочак Быкава — адны з наймацнейшых у еўрапейскай традыцыі пра «Ніколі больш!». Памятаеце, як мы ў мірныя часы смяяліся з нашых бабулек, якія паўтаралі «Толькі б не было вайны!». І наколькі яны мелі святую рацыю», — кажа літаратар Андрэй Хадановіч пра антываенную прозу Быкава і параўноўвае яе настрой з сучаснымі расійскімі трэндамі.
Падчас дыскусіі «Доўгая дарога ад Быкава» пісьменніца Святлана Курс (Ева Вежнавец), філолаг і выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта Андрэй Масквін і паэт Андрэй Хадановіч паразважалі пра час дзікага палявання, разбурэнне ілюзій і бацылу вайны.
Мадэравала дыскусію літаратуразнаўца Марына Казлоўская.
«Калі мне трэба было прыдумаць назву да гэтай дыскусіі, — пачала размову мадэратарка, — многае хацелася абыграць, але ў выніку думкай, якая стымулявала мой пошук, стала дзіўная рэфлексія, што мы (я буду казаць за сваё пакаленне) — пакаленне людзей, якія гадаваліся на высокім шляхецкім міфе, створаным Уладзімірам Караткевічам, міфе пра тое, што дзікае паляванне можна перамагчы, можа, не да канца, але на нейкім лакальным этапе ў жыцці можа так здарыцца, што дабро пераможа зло.
І пакаленне вырасла на гэтых ідэалах, аднак у нейкі момант мы ўсе прачнуліся, азірнуліся і знайшлі адно аднога ў свеце, створаным Васілём Быкавым. Прычым адначасова і ў свеце «Ліквідацыі», і ў свеце «Аблавы», і ў свеце «Знаку бяды», і «Кошкі-мышкі», і «Сцяны» — і цяпер не ведаем, як з гэтага выбрацца.
І ўласна вось ён — Быкаў, абсалютна немагчымы для чытання. Не ведаю, як вы, але ў мяне не атрымліваецца апошнія чатыры гады прачытаць які-небудзь яго твор…
Як нам з гэтага свету выбрацца, хаця б ментальна, для таго, каб вярнуцца ў свет нармальнасці…
І навошта нам яго сёння чытаць, згадваць, перачытваць?».
Андрэй Хадановіч адказаў, што Быкаў — горкі лек, які дае магчымасць не блытаць пажаданага з сапраўдным, бо мы некалькі разоў трапялі ў гэтую пастку і рамантычна падмянялі ў сваёй оптыцы пажаданае з сапраўдным. У сённяшнім свеце, у якім «дна няма», і ў якім Васіль Уладзіміравіч наладжваў сваю пісьменніцкую оптыку, ён несумненна падтрымаў бы нас у нашым чаканні зменаў, дадаўшы, што «перамены непазбежна адбудуцца, але ці будуць яны да лепшага».
«Я калісьці з цынічным максімалізмам сфармуляваў: каб у нас не здарылася Другой сусветнай вайны, пісьменнік маштабу і оптыкі Быкава цалкам мог бы яе прыдумаць і мала б не падалося. Бо гэта адзін з палярных спосабаў погляду на свет і на чалавека», — сказаў Андрэй Хадановіч і дадаў, што аднойчы пісьменніца Герта Мюлер у размове са Святланай Алексіевіч сфармулявала задачу інтэлектуала: «Суцяшаць не хлусячы».
«Васіль Быкаў нам не хлусіць. Уладзімір Караткевіч нас суцяшае.
Магчыма, гэтых аўтараў трэба чытаць па чарзе і ў слушных прапорцыях.
Але ж мы апынуліся ў быкаўскія часы. Сапраўды: гадаваліся на Загорскіх, на Вылівахах. Нам здавалася, што жэстам Астапа Бэндара мы зараз скрадзем ладдзю з шахматнай дошкі, а аднавокіх шахматыстаў, сярод якіх і смерць, чалавецтва пераможа, што мы перайграем гэта ўсё.
А пачынаецца гэта ўсё з паліцаеў, толькі найменні паліцаеў мяняюцца», — падзяліўся Андрэй Хадановіч сваімі разважаннямі.
«Сёння Міжнародны дзень паэзіі пісьменніка ў зняволенні, — нагадаў літаратар, — таму мне на думку прыходзяць найперш быкаўскія сюжэты пра зняволеных, пра людзей, якія б’юцца ў сцяну, прагрызаюць гэтую сцяну, каб апынуцца дзе?.. У турэмным падворку, у суседняй камеры, пад ценем шыбеніцы?
Альбо ў жоўтым пясочку, дзе відаць сацыялагічны зрэз беларускага грамадства і становіцца зразумела, як можна трапіць у турэмны варанок.
Хто ў Быкава бунтуе? Хто ў Быкава адмаўляецца штурхаць з гразі машыну, якая вязе да месца расстрэлу? Маскоўскі прыхадзень, крымінальнік, які выпадкова трапляе ў кампанію беларусаў. Беларусы штурхаюць машыну з гразі, і да апошняй секунды, стоячы ў чарзе па смерць, спадзяюцца, што нешта за секунду ўдасца перахітрыць. А перахітрыць не ўдасца. Быкаўскі Рыбак спрабаваў перахітрыць…
Пры гэтым у Быкава ёсць кароткая прыпавесць у кнізе «Пахаджане», якая мяне суцяшае. Тры старонкі пасля трох тысяч іншых быкаўскіх старонак… Напрыканцы свайго шляху народны пісьменнік напісаў прыпавесць «Насарогі ідуць». Быкаў як бы даследуе, да якой ступені нас можна загнаць у кут, каб мы адчулі, што край. Аднойчы ў гэты кут было загнанае маленькае, здавалася б, бездапаможнае племя, і яно дало адлуп нашмат мацнейшым і магутнейшым насарогам. Такое выключэнне з правілаў», — падсумаваў літаратар.
Святлана Курс у школе не магла чытаць Быкава, а потым прачытала «Трэцюю ракету», і некалькі гадоў «яна пякла». У 1990-я, калі Быкаў стаў пісаць свае чорныя, цяжкія прытчы, пісьменніца спытала ў Быкава: «Спадар Васіль, як вы маглі апынуцца такім прарокам? Чаму вам было не напрарочыць чагосьці светлага». Пасля «Жоўценькага пясочку» чытаць Быкава зноў стала немагчыма.
«У «Знаку бяды» Быкаў апісвае зімовы беларускі лес, у ім толькі тры фарбы — мохавая, зелянкавыя і шараватая. І ў гэтым бедным краявідзе адбываюцца вялізныя і страшныя рэчы», — апісала Святлана Курс вобраз быкаўскай прозы.
Пісьменніца расказала, што ў Германіі выходзіць пераклад кнігі Адамовіча, Брыля і Калесніка «Я з вогненнай вёскі» — «з таго самага шэрагу пра тых самых загубленых людзей». «У свеце пра нас мала знаюць, — сказала Святлана Курс, — калі б не Быкаў, Калеснік і Адамовіч, то гэтыя людзі так бы і ляжалі безыменнымі ў жоўценькім пясочку».
«Як нас бачаць нашы суседзі, ці цікавы Быкаў польскаму чытачу?», — спытала мадэратарка Марына Казлоўская ў Андрэя Масквіна, які вывучае беларускую літаратуру з польскімі студэнтамі.
Андрэй Масквін падзяліўся, што перачытаў усю польскую крытыку, якая з’яўлялася пасля кожнага перакладу кніг Быкава, і тая колькасць рэцэнзій уражвае: пра Быкава пісалі ўсе галоўныя крытыкі 1970-х — 1990-х гадоў.
Што тычыцца студэнтаў, то Быкаў ім зразумелы, бо гэта выдатная літаратура. Аднак сённяшнія студэнты не надта хочуць чытаць пра жахі. «Я не ведаю, ці яны сочаць за падзеямі вайны?» — патлумачыў выкладчык.
«Быкава чытаць цяжка, таму што ў яго ўсё скандэнсавана, у яго шмат пра чалавека такога, што цяжка ўспрымаць. Ён стварае космас. Аднак сучасная моладзь крышачку лягчэй жыве, ім цяжка ўспрымаць гэткую густую рэальнасць».
Андрэй Масквін дадаў, што вартасць Быкава ў тым, што ён пісаў пра праўду вайны.
«Быкаў не проста пісаў пра вайну, — удакладніў Андрэй Хадановіч, — а быў адным з наймацнейшых антываенных пісьменнікаў. Пра вайну можна пісаць па-рознаму. Пачынаючы з гераічных эпасаў, дзе героі, якія ваююць, малююцца мужнымі і ўзнёслымі. Чытач глядзіць у іх як у люстэрка і расце ў сваіх вачах: «А ці мог бы я ўзяць зброю?», — запытвае. «Мог бы!» — адказвае ён пасля некаторых тэкстаў. Такога вельмі шмат у літаратуры нашай усходняй суседкі: кніжка да кніжкі, фільмік да фільміка і нараджаецца мем «Можам паўтарыць!». Бацылы вайны ёсць у шматлікіх апавяданнях пра снайпераў, пра лётчыкаў, пра марэсьевых.
Кожная старонка, кожны радочак Быкава — адны з наймацнейшых у еўрапейскай традыцыі пра «Ніколі больш!». Памятаеце, як мы ў мірныя часы смяяліся з нашых бабулек, якія паўтаралі «Толькі б не было вайны!». І наколькі яны мелі святую рацыю. Чалавек, які патоне ў прозе Быкава, паўтарыць не захоча. Нават прымерыць на сабе не захоча.
Быкаў меў мужнасць не адводзіць вачэй ад самых балючых рэчаў. Калі я яго чытаю, у мяне на кожнай старонцы, на кожным павароце быкаўскай прозы з’яўляецца пачуццё няёмкасці за чалавека, за ўсіх, за сябе самога, за недасканаласць таго, у чым мы ўдзельнічаем, за недасканала арганізаванае жыццё.
У свеце, які робіцца штораз змрачнейшым, скончыўся карнавал «канца гісторыі», новая гісторыя пачалася! Нудна нікому не будзе, і актуальнасць Быкава вернецца. І не толькі ў Беларусі».
«Тая роля, якую Быкаў займеў у 1990-я — апостал нацыі — дазваляе нам пагутарыць пра ролю літаратуры і літаратара, — працягнула дыскусію Марына Казлоўская.
— Я свята перакананая, што беларуская дзяржаўнасць пачыналася як літаратурны працэс, яе прыдумалі літаратары. Можа, таму мы не дабеглі канца, бо гэта толькі чарнавік нейкага цудоўнага тэксту. І ў нейкі момант аказалася, што ты не можаш быць проста літаратарам, бо ты прарок, вядзеш свой народ з рабства і не можаш быць толькі сам за сябе.
Як вам здаецца, ці з быкаўскіх часоў нешта змянілася? І калі не, то што можа прымусіць чалавека выйсці са свайго ўтульнага кабінета на барыкады?»
«У мяне няма адназначнага адказу на гэта пытанне, — адказаў Андрэй Хадановіч. — Я часам чытаю пра тое, што ранейшы Быкаў быў псіхалагічна глыбейшым, а вось у 1980-я — 1990-я пайшоў на нейкія спрашчэнні.
Аднак, з іншага боку, змянілася сама эпоха, пісьменнік апынуўся ў кепскіх акустычных умовах, якія перашкаджаюць яму спакойным голасам размаўляць, адключыліся механізмы трансляцыі, і даводзіцца пераходзіць калі не на крык, то, метафарычна кажучы, на капслок.
Познія кароткія апавяданні Быкава напісаныя гэтым капслокам і, мне здаецца, пісьменнік з разуменнем набыткаў і стратаў прымае гэтыя правілы гульні, можа, проста таму, што… больш ніхто не зробіць. Ён разумее, што мусіць устаць, пайсці, напісаць прадмову, пасля якой надрукуюць артыкул Пазняка пра Курапаты. Што трэба адабраць, у каго трэба, мікрафон, каб для Беларусі было прынятае правільнае рашэнне.
Быкаў заўсёды казаў тую канкрэтную праўду, якую мог прамовіць у канкрэтны час. Як толькі час дазволіў яму адкрываць пэўныя беларускія палітычныя вымярэнні, ён адкрыўся насустрач гэтым выклікам.
Таму і БНФ, таму і крытыка ўлады, таму і адмова ад вельмі камфортнага становішча беларускага савецкага пісьменніка… За пяць апошніх гадоў жыцця ён памяняў тры замежныя краіны і вярнуўся на радзіму толькі незадоўга да смерці.
Я ведаю, з кім параўнаць Быкава — з найлепшымі французскімі асветнікамі ХVІІІ стагоддзя. З Вальтэрам, які ў Францыі меў усё, але калі інквізіцыя пачынае нанова паліць людзей, то той замест геніяльна вершаваных паэм пачынае пісаць трактат пра талерантнасць, а найлепшай сваёй пісьменніцкай перамогай лічыць уратаваных ад інквізіцыі людзей.
Быкаў свядома гэтыя ўмовы гульні і гэтую ступень адказнасці прыняў», — перакананы Андрэй Хадановіч.
«З кожнымі выбарамі я спадзяюся, што інтэлігентныя людзі не будуць у гэтым удзельнічаць, — сказаў Андрэй Масквін, — аднак кожны раз нехта з’яўляецца… Гэта нейкі феномен у Беларусі: незапатрабаванасць інтэлігенцыі. І яны вырашаюць на сябе ўзяць нейкую місію і зрабіць тое, чаго не могуць зрабіць палітыкі».
«Калі гэтая патрэба і канон, у якім ты выхаваны, прымушаюць браць адказнасць не толькі за свой лёс, але і за лёс сваёй краіны, то што патрэбна рабіць, каб быць пачутым сваім народам, быць падтрыманым і ўспрынятым ім, — задала мадэратарка апошняе пытанне. — Ці магчымы гэты дыялог? Ці наша грамадства дарасло да таго, каб інтэлектуал прамаўляў і быў пачуты? І што ён мусіць казаць для таго, каб быць пачутым?»
«Гэта пытанне мяне зусім ніколі не хвалявала, — адказала Святлана Курс. — Я вынайшла для сябе формулу, што буду пазбягаць усялякай адказнасці. Дыялогу з народам я не вяду, я вяду дыялог з кожным асобным чалавекам. Гэта мой спосаб жыць, пісаць, тварыць. Мне падабаецца быць прыватным чалавекам сярод прыватных людзей».
«Добра, што літаратура дае досыць разгалінаваную сістэму жанраў, і ты можаш у канкрэтны момант выбраць спосаб гаварэння і самаўсведамлення, — патлумачыў Андрэй Хдановіч. — Быкаў выхоўваўся і ладную частку сваёй пісьменніцкай дарогі прайшоў у часы, калі літаратары былі валадарамі думак. Іншая рэч, што чым яны за гэта плацілі. За імі стаяла ідэалогія, якая рабіла шворку то даўжэйшай, то карацейшай. За імі былі бізуны і пернікі, больш сур’ёзныя бізуны і пернікі, чым заспела нашае пакаленне, штосьці большае за сяброўства ў БРСМ ці месца ў інтэрнаце.
У ХХІ стагоддзі вяршыняй ідыятызму было б прамаўляць з нейкай уяўнай трыбуны, тым больш, што ў нас гэтай трыбуны няма…
Хтосьці з нас робіць кар’еру ў цік-току? Якім яшчэ спосабам можна «з цэлым народам гутарку весці»?..
Мы на маленечкім узгорку з вельмі слабым мікрафонам. Таму з цэлым народам гутарку весці — неадэкватная пазіцыя, але пры гэтым можна без пафасу прымаць звароты, штосьці рабіць як грамадзянін, не піхаючы ў гэта літаратуру. І грамадству, і літаратуры ад гэтага будзе лягчэй», — падсумаваў літаратар.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram