«Мы не спынімся, нават калі памром»: як у Варшаве адзначылі Дзень беларускага кіно. З жахамі і эротыкай

У бары варшаўскага кінатэатра AMONDO — гаманіць публіка. «Вось пра каго ты з вызваленых палітвязняў хацеў бы зняць фільм?», — пытаецца адзін наведвальнік у іншага. «Трэба падумаць, — адказвае той. — Гэта няпростае пытанне, але здымаць трэба». «Нядаўні пітчынг майго новага праекта зусім мяне даканаў», — далучаецца трэці. Раптам гоман размоваў перапыняе зварот да прысутных аднаго з арганізатараў імпрэзы — рэжысёра Андрэя Кашперскага: «Калі ласка, шаноўная публіка, прашу хвілінку цішыні: зараз у глядацкай зале мусіць быць кульмінацыйны момант — крык», — усе прысутныя і сапраўды заціхаюць. «Усё, кульмінацыя адбылася!» — дадае ён, стоячы за стойкай бару і кіруючы гукам на пульце. Публіка зноў пачынае размаўляць, пакуль зусім побач, за дзвярыма, у зале на 20 месцаў адбываюцца паказы беларускіх фільмаў — «Свінгеры» і «Суд мёртвых».

17 снежня ў Варшаве незалежная кінасупольнасць адзначыла Дзень беларускага кіно.

Фота: Reform.news.

«Глядача беларускага кіно варта занесці ў Чырвоную кнігу»

Як прызнаўся Андрэй Кашперскі, які вырашыў для ўсіх ахвотных зладзіць імпрэзу з паказамі сваіх «свежых» стужак, на авантуру яго падштурхнула цалкам простае жаданне сустрэчы з гледачамі.

Публіка беларускага кіно — хоць і невялікая, але вельмі ўдзячная і лаяльная. Гэта той глядач, якога, можна сказаць, варта занесці ў Чырвоную кнігу. Нашай публікі нават меней за саміх беларускіх рэжысёраў (усміхаецца). Таму для яе трэба абавязкова рабіць паказы, і я вельмі рады, што сёння яна да нас прыйшла, — распавёў пра зладжаны вечар адзін са стваральнікаў серыяла «Працэсы».

Кінатэатр AMONDO — гэта даволі прыязная «лампавая» прастора з барам і невялічкай залай на 20 месцаў. Пакуль адны гледачы глядзяць кіно, другія чакаюць свайго сеансу ў бары, дзе можна без праблем пастасавацца з беларускім культурным бамондам.

Побач з рэжысёрам можна было ўбачыць і сцэнарыста, прадзюсара праекта Міхася Зуя, і аператара ды таксама прадзюсара Ягора Яфімава, іншых дзеячаў беларускага кіно, якія выбраліся ў свет на імпрэзу.

Падсаджваемся да століка да музыкі і актора Дзяніса Тарасенкі, які прыйшоў на паказ са сваёй жонкай. Як высветлілася, творца іграе эпізадычную ролю ў фільме Андрэя Кашперскага «Суд мёртвых».

Фота: Reform.news.
Дзяніс Тарасенка з жонкай. Фота: Reform.news.

Працы Андрэя — фільмы, кліпы, што я бачыў — гэта маё, — прызнаецца артыст з фірмовай усмешкай. — Гумар у рэжысёра я б сказаў «чарнаваты», «сцебаваты», але мне ён даспадобы. Мы тут з Андрэем на адной хвалі, — дадае ён, адказваючы на пытанне пра адметнасць стылю Кашперскага.

Былы актор Беларускага свабоднага тэатра адзначае, што ён здымаецца ў беларускіх рэжысёраў «па магчымасці», але чамусьці адбываецца гэта раз у два гады, калі казаць пра колькасць беларускіх фільмаў. Так бы мовіць, малафільм’е.

Не паспеў яшчэ паглядзець стужку Мары Тамковіч «Пад шэрым небам», дзе я іграў кіроўцу таксоўкі — таксама невялікі эпізод, але ў прынцыпе прапановаў здымацца небагата, — дзеліцца Дзяніс, выказваючы хутчэй песімізм, чым аптымізм у дачыненні да колькасці беларускага кіно ў цэлым. — Чуў, што неўзабаве будзе запускацца з карцінай Аляксей Палуян, вядома, гэта быў бы гонар для мяне — папрацаваць з ім, бо гэта заўжды надзвычай творчае, цікавае і прафесійнае кіно, — дадае ён.

Пересякаемся ў бары з Максімам Шведам, рэжысёрам-дакументалістам, аўтарам стужак «Маршрут перабудаваны», «Чыстае мастацтва», праекта «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі». Ён з іроніяй дзеліцца, што з закрыццём фестывалю беларускіх фільмаў «Бульбамуві» ў яго прапаў імпульс рабіць кіно («Памінкі» кінафэсту акурат адбываліся ў гэты ж дзень у Беластоку).

Афіша «Суда мёртвых». Фота: Reform.news.

У пазамінулым годзе я так і стварыў адзін фільм: так хацеў трапіць на «Бульбамуві», што перагледзеў матэрыялы сваёй дачкі, і мы разам зрабілі стужку. Вельмі шкада, што зараз яшчэ адна важная пляцоўка для белкіно — на невядомай «паўзе». Знікае яшчэ адзін стымул, — праз яшчэ адзін прагал апісвае сітуацыю ў незалежным беларускім кінематаграфе фільммейкер. Нікога ўжо не здзівіш тым, што кінарэжысёры вымушаны паралельна працаваць на іншых дзялянках, каб развіваць свае праекты. А сёлета язнік з культурніцкай мапы яшчэ адзін фэст беларускага кіно.

Аднак кінематаграфісты цікавяцца, што і каму ўдалося зняць, напісаць.

Размаўляючы пра апошнія карціны беларускіх аўтараў, якія Максіму ўдалося паглядзець, ён вылучае фільм Вольгі Кірылавай «Пакуль глядзіш ты на мяне» — нечаканае дакументальнае кіно пра асабістыя і сэксуальныя межы, якое яму запомнілася. Ігравое кіно Максім апошнім часам не глядзіць.

Што да актуальнай палітычнай сітуацыі, якую нам варта захаваць і асэнсаваць, то пакуль гэта зрабіць складана, — разважае аўтар. — Праз гадоў 10-15 недзе мы атрымаем фільм, які чакаем. Бо з гэтай кропкі складана разабрацца, што адбываецца.

Прастора, нібыта адгукнуўшыся на словы кінематаграфіста, падала знак. На пэўны час у бары і кіназале пагасла святло, але потым аднавілася, і на новы сеанс сталі заходзіць гледачы.

Фота: Reform.news.

«Сэкс да і пасля смерці»

Глядацкая зала AMONDO была залітая чырвоным святлом — нібыта ў тон афішы адной са стужак сеанса — сатырычнага хорара «Суд мёртвых». У пэўным сэнсе «ўраўнаважывала» яе карціна «Свінгеры» — бытавая камедыя на пікантную тэму свінгерства.

Максім Швед, убачыўшы поўную залу, выказаў шкадаванне: маўляў, чаму ў нас толькі раз на год Дзень беларускага кіно.

Тэму беларускага кінематаграфа, сэксу і невядомасці ў прывітальнай прамове гледачам, нібыта згаворваючыся, працягнуў і Андрэй Кашперскі.

Дзякуй, што прыйшлі сёння сюды, на беларускія фільмы, а не пайшлі на перадпаказ «Аватара-3», — звярнуўся кінематаграфіст да аўдыторыі. — Сёння мы пакажам дзве нашыя працы — «Свінгеры» і «Суд мёртвых», якія прысвечаны сэксу і смерці. Так што перад вамі, можна сказаць, — Эрас і Танатас беларускага кіно.

Глядачкі з трэцяга шэрагу пажартавалі на рэпліку: «Хочам сэкс пасля смерці». Хтосьці адказаў: «Але можна і да яе».

Варта адзначыць, што каманда Андрэя Кашперскага, сапраўды, падрыхтавала цудоўнае кінакомба. «Свінгеры» атрымаліся забаўнымі і жывымі: з добрай акторскай гульнёй, дынамічным мантажом, музычнасцю. Пілот серыяла пра тры пары, якія вырашыліся заняцца свінгерствам, парадаваў «лёгкай», але ўпэўненай рэжысурай — у фільме ствараецца надзвычай арганічная атмасфера нялоўкасці, спакусы і «праўды» жыцця, калі героі карціны ў адным варшаўскім бары намагаюцца дамовіцца аб сумеснай сустрэчы.

Фота: Reform.news.
Фота: Reform.news.

«Суд мёртвых», які звяртаецца да рэчаў больш сумных — закону лукашэнкаўскага рэжыму, які дазваляе судзіць мёртвых, цалкам можна апісаць як палітычны хорар. Калі ў першай частцы кароткаметражнага фільма з удзелам народнай артыстцы Беларусі Зоі Белахвосцік можна ўлавіць тую саму атмасферу абсурдысцкіх «Працэсаў», то кульмінацыя карціны цалкам трапляе пад азначэнне хорар — гэта выхад на тэрыторыю больш «прамога» кіно жахаў у духу Дарыа Арджэнта. І варта адзначыць смеласць вядомай беларускай актрысы, якая паспрабавала сябе ў цалкам нечаканым жанры.

Ды ўсё ж я б хацеў далучыць да гэтага хорару максімальна шырокую аўдыторыю, — прызнаецца Андрэй ужо ў асабістай размове. — Прызнацца, мы рабілі «Суд мёртвых» як прыквел да паўнаметражнага фільма. Ужо даўно гатовы сцэнар для поўнага метра, і зараз мы вядзем перамовы з польскімі прадзюсарамі.

Фільммейкер прызнаўся, што плануе падаць праект на конкурс у Польскі інстытут кінамастацтва.

Што да «Свінгераў», то таксама з’явіліся інвестары, якія ўбачылі ў нашым серыяле патэнцыял. Пакуль мы яшчэ не ўдарылі па руках, таму адмоўлюся сказаць больш канкрэтную інфармацыю. Першапачаткова мы планавалі «Свінгераў» як мультыкультурны праект, бо там усе персанажы трошкі з іншых месцаў. Таму не выключаю, што «Свінгеры» могуць быць перакладзены і на іншую мову. Увогуле, я вельмі люблю жанравае кіно і хацеў бы яго здымаць — так званы арт-мейнстрым, — дзеліцца кінематаграфіст.

Андрэй Кашперскі. Фота: Reform.news.

«Зачэпкамі за палітычную рэальнасць сябе не абмяжоўваю»

У эміграцыі кар’ера кожнага беларускага незалежнага кінематаграфіста сёння — гэта пакручасты шлях у барацьбе за выжыванне, свае кіно і ідэі. Ці ўдалося Андрэю Кашперскаму знайсці свой шлях, сваю мадэль у выгнанні? — пытанне, якое на паверхні.

На жаль, не, — адказвае ён. (Наша размова адбываецца ў бары і да рэжысёра часта падыходзяць з вітаннямі знаёмыя). — 2025 быў цяжкім для мяне ў фінансавым плане, у першую чаргу. Мой заробак скаціўся да нуля. (Андрэй з уласцівай яму іроніяй дадае, што быў бы не супраць, калі ў тэксце мы пакінулі б спасылку на донат). Але з 2019 па 2024 год я жыў выключна праз свае кінапраекты. Аднак рэаліі змяніліся, цікавасць да Беларусі згасае, шмат для каго мы з краіны-суагрэсара, што ўскладняе пошук фінансавання. Таму ёсць адчуванне, што за 2025 год я сапраўды вырашыў памерці і нарадзіцца нанова, — кажа творца.

Але ідэй у мяне процьма — і іх не забіць. Можна сказаць, што, на жаль, на маім прыкладзе няма гісторыі поспеху. Але ўвогуле люблю акурат гісторыі непоспеху, бо такіх гісторый у маім атачэнні шмат — цікавейшых, глыбейшых, больш меладраматычных. Увогуле, кінематаграфістам варта задумацца над тым, каб болей здымаць гісторый непоспеху. Бо шмат хто здолее пазнаць у гэтых гісторыях сябе.

Публіка падчас чакання ў бары. Фота: Reform.news.
Рэжысёр Сяргей Каласоўскі. Фота:Reform.news.

Нягледзячы на праблемы ў пошуку фінансаў і апораў у беларускім незалежным кіно, Андрэй Кашперскі вылучае поспехі беларускіх кінематаграфістаў.

Я заўжды заўзею за сваіх калег, — ахвотна ён распавядае пра праекты. — Бо любая перамога беларускага кіно на міжнародных пляцоўках — гэта і мая перамога. Калі хтосьці глядзіць на HBO «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, гэта значыць, што ён даведваецца пра беларускі кінематограф і, магчыма, пачынае за ім сачыць. Таму я вельмі натхняюся фільмамі беларускіх аўтараў і радуюся іх поспехам.

Я сачу за тым, што робіць Мара Тамковіч, Даша Жук, Улада Сянькова, Мікіта Лаўрэцкі. І я вялікі фан Юрыя Сямашкі, абагаўляю яго кароткаметражныя фільмы,  — працягвае аўтар. —  Мне было цікава паглядзець «Лебядзіную песню Фёдара Озерава», бо гэта яго дэбютны поўны метр, але гэты фільм для мяне — іншы Юрый Сямашка, не той, да каго я прызвычаіўся. Я б сказаў, што «Лебядзіная песню Фёдара Озерава» выйшла ў стылі амаль такой савецкай хвалі 1980-х: фільмаў «Аса», «Кур’ер», «Ігла», «Пыл». Мне падабаецца такая стылістыка, але для мяне гэта не тое, што ён рабіў раней. Тым цікавей тады паглядзець, якім будзе ў Юры другі поўны метр.

Разважаючы пра магчымасці беларускага кіно, узгадваем поспех «Працэсаў», таго праекта, праз які большасць адкрыла для сябе аўтара Андрэя Кашперскага. Сёння рэжысёр, відавочна, спрабуе сябе ў розных жанрах: тыя ж «Свінгеры» — відавочна, апалітычны праект. Так ці застанецца Андрэй Кашперскі ў палітычным кіно?

Калі працаваў над «Працэсамі» — гэта была рэальнасць, у якой я тады жыў, — трошкі падумаўшы, адказвае кінематаграфіст. — Сёння я знаходжуся ўжо ў іншай рэальнасці. Мае інтарэсы змяняюцца, ды нават другі сезон «Працэсаў», які мы напісалі з Мішам Зуем, вядзе ў бок Польшчы, Еўропы, хоць ён пра Беларусь — лакацыя там змянілася. Новыя праекты, якія мы распрацоўваем, не так моцна датычацца беларускай палітычнай сітуацыі.

Сёння я б хацеў здымаць тое, што хвалюе мяне і маіх блізкіх, сяброў. Так бы мовіць, маю «бурбалку». Прычым хацеў бы спалучыць у фільме некалькі такіх «бурбалак», каб было цікавей. То-бок толькі зачэпкамі за палітычную рэальнасць, за сатыру я сябе не абмяжоўваю. І ў прыватнасці, «Свінгеры» і «Суд мёртвых» — для мяне гэта і частка жанравага кіно, дзе я магу выразіць сябе як рэжысёр і суаўтар сцэнарыя.

Фота:Reform.news.

Рэжысёр дадае, што яго бязумоўна глыбока кранула вызваленне беларускіх палітвязняў. І ён як творца бачыць тут тэму для кіно.

Гэтыя кадры з вызваленымі палітвязнямі «білі» ў самае сэрца, я быў расчулены да слёз. Безумоўна, гэта тэма, і я хацеў бы гэтым займацца далей. Але не толькі гэтым, — падкрэслівае ён. — Мне цікава вывучаць розныя бакі жанраў, тэмаў.

Андрэй дзеліцца, што разам з Міхасём Зуем напісаў сцэнар поўнага метра пра польскага байкера.

Гэта іншая гісторыя — пра сучасную Польшу. Мне хацелася б рабіць жанравае, глядацкае кіно, — паўтарае Андрэй Кашперскі, — і я буду шукаць розныя тэмы.

На думку рэжысёра, як бы ні хавалі беларускае кіно, яно будзе адраджацца.

Беларускія кінематаграфісты як гэтыя мёртвыя, што паўсталі ў маім фільме і прыйшлі жыць далей. Наша белкіно ўсё хаваюць і хаваюць, а мы працягваем штосьці рабіць і здымаць. Ды і не спынімся, нават калі памром.

Замест P.S.

На выхадзе з кінатэатру прашу глядачку падзяліцца ўражаннямі ад прагледжаных карцін.

Я вельмі люблю фільмы Андрэя Кашперскага, і мне падаецца, што мы нарэшце займелі свайго камедыйнага рэжысёра з «чорным» пачуццём гумару. На «Судзе мёртвых» я адчула сапраўдны катарсіс, бо Андрэй візуалізаваў тое, пра што, мне падаецца, мараць усе беларусы ў выгнанні ў дачыненні да дзеючых суддзяў і супрацоўнікаў правапарадку. Гэта было страшна і здорава! Яшчэ я падумала пра тое, што ён бы здолеў экранізаваць творы Сашы Філіпенкі. Гэта яго аўтар.

З 17 снежня Андрэй Кашперскі выклаў у сеціва сваю кароткаметражную стужку «Суд мёртвых». Яна будзе ў адкрытым доступе да 17 студзеня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!