З пачаткам лета шэраг расійскіх тэатраў рынуліся на гастролі ў Мінск і іншыя гарады краіны ўмацоўваць творчыя сувязі з беларускімі ўстановамі культуры. Візіты расійскіх інстытуцый становяцца трэндам у культурным жыцці Беларусі: тэатры выступаюць і на разнастайных фестывалях, і ў фармаце абменных гастроляў.
Так, Вялікі тэатр Беларусі запрашае на «Балетнае лета» з удзелам спектакляў Варонежскага і Башкірскага дзяржаўных тэатраў оперы і балета. У межах IX форума балетнага мастацтва, які пачнецца заўтра, 8 чэрвеня, гледачу прапаноўваецца пяць пастановак ад расійскіх тэатраў — «Продавец игрушек», «Кармен.NEW», «Арлекинада.NEW», «Аленький цветочек», «Легенда о любви», і толькі тры — «Лебединое озеро», «Жизель» і «Дон Кихот» — ад Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета. У фінальным гала-канцэрце беларускі тэатр анансуе выступленні: Аксаны Скорык, Эвена Капітэна (Санкт-Пецярбург), Дзмітрыя Сабалеўскага (Расія), Булгана Рэнцэндоржа і Алега Мангадаева (Пермскі тэатр оперы і балета), а таксама балерыны «Крамлёўскага балета» Дар’і Бочкавай.
Тэатр юнага гледача з Мінска рэкламуе на сваёй пляцоўцы гастролі Тэатра юнага гледача імя А. А. Бранцава (г. Санкт-Пецярбург) — яны распачнуцца 28 чэрвеня. Чатыры пастаноўкі тэатра — «Алые паруса», «Бедная Лиза», «Сказка о потерянном времени», «Петсон и Финдус» — будуць паказаны ў межах абменных гастроляў паміж установамі культуры Расіі і Беларусі. На пачатку чэрвеня беларускі ТЮГ са сваімі пастаноўкамі выступаў у Санкт-Пецярбургу.
На сцэне Коласаўскага тэатра ў межах фестываля «Тэатральныя сустрэчы» на «Славянскім базары ў Віцебску» будуць дэманстравацца спектаклі, якія можна ахарактарызаваць як «правільныя музычныя шоу» на рускай мове.
Чаго варты той жа мюзікл-біяграфія «Гурьянов» Маладзёжнага тэатра эстрады — «лепшы культурны праект патрыятычнай скіраванасці» ў Беларусі. У мюзікле распавядаецца гісторыя старца Праваслаўнай царквы Мікалая Гур’янава — яго грае ў пастаноўцы праўладны акцёр Руслан Чарнецкі. Той жа Чарнецкі выконвае галоўную ролю і ў іншым спектаклі на «Сустрэчах» — у рок-оперы «Граф Монте-Кристо» Горкаўскага тэатра.
Таксама ў праграме тэатральнага фестываля ў Віцебску заяўлены «Вишневый sad» праекта Веры Паляковай «ТриТФормат» — не складана здагадацца, хто тут увасабляе галоўную жаночую постаць у шоу. «Душераздирающие монологи; невероятные фокусы; настоящий ливень; танцы, песни, и ружье, которое не выстрелит», — так анансуецца спектакль паводле п’есы Антона Чэхава ад расійскай рэжысёркі Таццяны Самбук.
Ад расійскага боку ў форуме ўдзельнічае Маскоўскі тэатр «На паўднёвым захадзе» з пастаноўкай «На дне» паводле твора Максіма Горкага, Расійскі інстытут тэатральнага мастацтва з вадэвілем «Хлопотун, или Дело мастера боится» і Маскоўскі музычна-драматычны цыганскі тэатр «Рамэн» са спектаклем «Мы — цыгане». Пройдуць гэтыя «неверагодныя» «Тэатральныя сустрэчы» з 12 па 17 ліпеня ў Віцебску.
А ўжо ў верасні на пляцоўцы Купалаўскага тэатра ў Мінску распачнуцца гастролі Казанскага акадэмічнага вялікага драматычнага тэатра імя У. І. Качалава — адкрывацца яны будуць пастаноўкай «Ревизор» паводле п’есы Мікалая Гогаля.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram