Памяшканне Музея Вольнай Беларусі. Фото: Google Maps
Музей Вольнай Беларусі запрашае на прэзентацыйна-практычную сесію Беларускай музейнай лабараторыі «Стварэнне беларускіх лічбавых калекцый: вопыт ініцыятыў і пошук сродкаў».
На сустрэчы можна будзе пазнаёміцца з вопытам беларускіх культурніцкіх арганізацый замежжа па стварэнні сваіх электронных калекцый, вызначыць ключавыя праблемы і дасягненні ў гэтым працэсе. У праграме мерапрыемства запланаваны прэзентацыі беларускіх музейных ініцыятываў у Варшаве, Лондане, Вільні, электроннай бібліятэкі «Камунікат».
Таксама ў межах сесіі пройдзе практычны занятак ад польскай эксперткі, доктаркі гуманітарных навук і кіраўнічкі партала «Kasa na Kulture» Ганны Мальчук-Вакулінскай на тэму: «Дзе шукаць сродкі для лічбавізацыі калекцый». Варкшоп разлічаны на самае шырокае кола зацікаўленых удзельнікаў – як арганізацый, так і прыватных асобаў.
Гэта будзе першая сесія з цэлай серыі, адзначае Музей Вольнай Беларусі. На наступных занятках удзельнікі змогуць дазнацца пра тое, якія ёсць магчымасці выкарыстоўваць існуючыя польскія і еўрапейскія платформы, вывучаць бясплатныя і платныя рашэнні для фармавання сваіх лічбавых калекцый – што будзе карысна як устойлівым арганізацыям, так і прыватным калекцыянерам.
Прыняць удзел у мерапрыемстве, якое адбудзецца 29 верасня ў Варшаве, можна як у афлайн, так і анлайн-фармаце.
Для ўдзелу неабходна зарэгістравацца. Дэдлайн — да 28 верасня ўключна.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram