Музей Вольнай Беларусі запрашае cёння на акцыю памяці «Ноч паэтаў»

Вялікая колькасць мерапрыемстваў ладзіцца сёння беларусамі па ўсім свеце, каб нагадаць пра «чорную» дату ў гісторыі краіны, калі ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам у ноч з 29 на 30 кастрычніка савецкая ўлада расстраляла больш за сто прадстаўнікоў нашай інтэлектуальнай эліты. Запрашае на міжнародную акцыю памяці і Музей Вольнай Беларусі — яна распачнецца па адрасе Foksal, 11 а 19.00.

У праграме вечера адбудзецца сустрэча з гісторыкам і лекцыя «Беларусь (не)расстраляная», ды гэтаксама літаратурна-тэатральная імпрэза ад Купалаўцаў.

«Каштоўнасць, якую мы атрымалі ў спадчыну ад маладых і таленавітых людзей, жыццё якіх гвалтоўна прыпынілі, немагчыма зруйнаваць, — незалежная тэатральная група не засталася ў баку ад даты. — Яны любілі краіну, яны верылі ў будучыню, а значыць — верылі ў нас з вамі. Мы працягваем стаяць на варце ў памяць нявінных ахвяр, каб “Чорная ноч” не стала яшчэ чарней».

Купалаўцы запрашаюць гэтаксама далучыцца да іх праекта «Чорная ноч» на YouTube незалежнай трупы.

Сёння вечарам гэтаксама адбудуцца чытанні і вечары памяці ў Берліне, Брэмене, Сан-Францыска, Таронта, Вільні, Клайпедзе, Кіеве, Празе, Беластоку, Варшаве, Гданьску, Кракаве, Лодзі і іншых польскіх гарадах. Вечарына-мітынг “Ноч расстраляных паэтаў” на Гарадской плошчы адбудзецца ў Осла. Лекцыя-спектакль “Каралі беларускага Парнаса” ў выкананні Васіля Дранько-Майсюка і Алены Баяравай у Дзюсельдорфе.

Некалькі мерапрыемстваў адбудзецца анлайн, напрыклад лекцыя Мікіты Моніча і чытанне вершаў расстраляных паэтаў і сучасных палітвязняў (трансляцыя падзеі ў YouTube) і сустрэча беларусаў ЗША.

Тут сабраныя ўсе падзеі «Ночы паэтаў».

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!