Барабаны ўдзельнікаў пратэсных акцый у Мінску і Варшаве ў 2020-2022 гадах. Экспанат з калекцыі музея. Фота: Музей Вольнай Беларусі.
17 ліпеня Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве будзе святкаваць сваё трохгоддзе. Да даты інстытуцыя падрыхтавала шэраг імпрэзаў: 17 ліпеня ва ўжо вядомым будынку па вуліцы Foksal, 11 адкрыецца выстава пра супраціў і памяць «Fragmenty». А 18 ліпеня ва ўтульным дворыку музея адбудзецца вечар жывой музыкі, сустрэч і супольнасці.
Выстава «Fragmenty» складаецца з найбольш выразных і значных прадметаў з калекцыі музея за перыяд 2020-2025 гадоў.
«Гэта фрагменты асабістага і калектыўнага досведу, праз якія праступаюць рэпрэсіі, гераізм, страта, надзея і годнасць. Выстава паказвае, як праз матэрыяльныя сведчанні, асабістыя рэчы, дакументы, самаробныя артэфакты, мастацкія працы фарміруецца жывая памяць сучаснай гісторыі Беларусі», — распавядае пра падзею каманда інстытуцыі.
Сярод экспанатаў – гумавая куля, што засталася ў целе ўдзельніка акцыі пратэсту і была выдалена хірургічна; самаробныя прадметы, створаныя палітвязнямі ў зняволенні; разламаны напалам тэлефон рэжысёра-дакументаліста, якога жорстка збілі; асабістыя рэчы Рамана Бандарэнкі; паліто пратэсту са стужкамі; сцяг з імёнамі палітвязняў, які працягвае дапаўняцца.
Усяго будзе прадстаўлена каля 20 экспанатаў, сведчанняў пераменаў, што адбываюцца разам з людзьмі і праз людзей.
А 18 ліпеня музей запрашае на вялікі музычны канцэрт беларускіх музыкаў. У праграме імпрэзы — выступы Уладзіміра Пугача, этна-электра-гурта Kriwi і інды-поп дуэта Zui.
«Гэта будзе вечар жывой музыкі, сустрэч і супольнасці — нагода сабрацца разам і пачуць беларускую культуру ва ўсім яе гучанні», — адзначае каманда.
Уваход на ўсе мерыпрыемствы — вольны.
17 ліпеня роўна тры гады таму Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адкрыўся выставай мастака Ігара Цішына «Дом, у якім разлятаюцца сцены. Паміж двума імгненнямі». (Куратарка — Вольга Мжэльская).
За тры гады працы інстытуцыі, ініцыяванай Паўлам Латушкам і НАУ пры падтрымцы польскіх уладаў і мецэнатаў, было зладжана больш за сотню мерапрыемстваў у падтрымку беларускай грамадскай супольнасці, пратэснага руху і культуры. Кіраўніцай музея з’яўляецца Наталля Задзяркоўская.
Музей адкрыты для наведвання з аўторка да пятніцы з 16:00 да 20:00, у выходныя з 12:00 да 20:00.
Пачатак падзей 17 і 18 ліпеня — а 19.00.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram