Сёння, 4 красавіка, свой Дзень народзінаў адзначае легенда беларускага фолк-мадэрну, заснавальнік гурта «Палац» і палітвязень Алег Хаменка. Сёлета музыка сустракае гэтае свята не на сцэне і не ў коле сяброў, а ў СІЗА.
Паводле інфармацыі Радыё Свабода, Алег зараз знаходзіцца ў менскім СІЗА ў Калядзічах, дзе чакае разгляду апеляцыі.
«Ён не пагадзіўся з прысудам, спадзяецца на скасаваньне. Але як праходзіў працэс, вядома вельмі мала: людзі, у тым ліку сталічныя музыкі, баяцца прыходзіць на такія працэсы», — расказала крыніца «Свабоды».
Нагадаем, 4 сакавіка музыку асудзілі на 3 гады калоніі і прызначылі велізарны штраф за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (супрацу з «Радыё Рацыя»).
Паводле звестак крыніцы, Алег не падаваў скаргі на ўмовы ўтрымання.
«Перапіска вядзецца, але пра дэталі знаходжаньня ў СІЗА ў лістах ад яго няма інфармацыі», — паведаміў суразмоўца «Свабоды».
«Чалавеку праз год будзе 60, таму здароўе адпаведнае. Але неабходныя лекі да яго туды даходзяць. Маральны стан таксама можна ўявіць, арышт у такім узросьце ўспрымаецца асабліва цяжка, але сказаць, што ён зусім разгубіўся, нельга. Трымаецца», — дадала крыніца.
Алег Хаменка — адзін з выбітных музыкантаў Беларусі. Заснавальнік гурта «Палац», фолк-мадэрн калектыву, які выбухнуў на беларускай сцэне ў 1990-я, змяніўшы яе аблічча. Хіты «Палаца»: «Русалкі», «Як пайду я ў новую канюшню», «Кола грукатала», «Ой, божа ж, мой божа», «Каляда», «Дарожка» спалучаюць выразны аўтэнтычны вакал і смелыя, наватарскія апрацоўкі беларускіх старадаўніх песень. «Палац» выходзіў і на міжнародную арбіту: у розныя гады гурт удзельнічаў у такіх фестывалях як: «Славянскі базар» (Беларусь), «Басовішча» (Польшча), «Tanz und Folkfest» (Германія), «Азія Даўысы» (Казахстан), «Суклегас» (Літва), «Маладзечна», «Рок-каранацыя» (Беларусь), «Краіна мрыі» (Украіна), «Bela Music» (Беларусь) і шматлікіх іншых. Калектыў — уладальнік шматлікіх музычных узнагарод і прэмій.
Алег Хаменка мае адукацыю культуролага і доўгі час выкладаў у Беларускім інстытуце культуры і мастацтва.
Таксама ў даробку артыста — вялікі досвед у якасці радыёвядоўцы. Доўгі час Алег Хаменка быў вядучым радыёверсіі хіт-параду «Tuzin.fm». Таксама вёў праграму «Брама Існасці» на «Аўтарадыё» да закрыцця радыёстанцыі па палітычных матывах 12 студзеня 2011 года. Аўтарская праграма творцы «Фолк-брама» выходзіла на «Радыё Рацыя» — пасля 2020 года рэжым прызнаў медыя «экстрэмісцкім», і за супрацу з ім Алег Хаменка і быў асуджаны.
Каб больш дазнацца пра адзін з найвыбітнейшых беларускіх гуртоў, раім паглядзець выпуск музычнага журналіста Аляксандра Чарнухі «Міністэрства сепультуры», прысвечаны «Палацу».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
