«Мова — гэта таямніца і супраціў»: Альгерд Бахарэвіч стаў адным з галоўных гасцей фестывалю Poetica ў Кёльне

Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч прымае ўдзел у адным з самых прэстыжных літаратурных форумаў Еўропы — Poetica 11. Фестываль у Кёльне, які сабраў інтэлектуалаў з усяго свету, набліжаецца да развязкі, а беларускае слова ўжо стала адным з самых гучных на яго пляцоўках.

Бальбута па-нямецку: прэм’ера на фестывалі

Адной з адметных падзеяй фестываля стала дыскусія «Дзіўная мова» (A Strange Language). Разам з калегамі з Егіпта і ЗША — пісьменнікам Хайсамам Эль-Вардані і паэткай Джоэл Максўіні Альгерд Бахарэвіч шукаў адказы на пытанні: ці можа паэтычнае слова быць формай палітычнага актывізму і дзе пралягаюць межы мовы?

Фота: silviuguiman, сацсеткі фестываля.

«Мова не з’яўляецца мовай, калі яна не мае сакрэтаў», — гэты тэзіс Альгерда стаў ключавым для разумення яго пазіцыі.

Для аўтара «Сабак Эўропы» мова — гэта не проста сродак камунікацыі, а таемнае сховішча, крэпасць, якая дазваляе чалавеку захоўваць свабоду нават пад ціскам тыраніі.

Падчас сустрэчы адбылася і паэтычная прэм’ера: вядомая нямецкая паэтка Ульяна Вольф зачытала свой пераклад верша «Legoing klinkutima». Унікальнасць у тым, што пераклад быў зроблены наўпрост з бальбуты — навастворанай мовы, якая з’яўляецца адной з гераніяў рамана «Сабакі Эўропы» беларускага пісьменніка.

Магічны аб’ект: гук пацукалова ў Кёльне

Сёлета фестываль у Кёльне праходзіць пад дэвізам «Soft Magic – Poetry & Worldmaking» («Мяккая магія: Паэзія і стварэнне светаў»).

Фота: silviuguiman, сацсеткі фестываля.

28 студзеня, адпавядаючы тэме «Мяккай магіі», аўтары прэзентавалі на дыскусіі «Паэзія як прасвятленне» свае «магічныя аб’екты». Альгерд Бахарэвіч паказаў публіцы старую драўляную арганную дудку — падарунак ад свайго нямецкага перакладчыка Томаса Вайлера.

«Гэты аб’ект для мяне — і знак сувязі аўтара зь перакладчыкам, і напамін пра тое, што мастацтва гучыць па-сапраўднаму толькі само па сабе, а ня як частка вялікага інструмэнта, і мэтафара мовы, і таямніца дыханьня, якім ад пачатку і ёсьць слова, паэзія, літаратура,распавёў пра гэты аб’ект творца. — Выдзьмуў з дудкі ўсяго адзін гук — працяжны, самотны, маркотны, у той самай танальнасьці, у якой некалі гучала дудка менскага пацукалова ў далёкім, больш ня існым падземным пераходзе», — падзяліўся літаратар.

Фота: silviuguiman, сацсеткі фестываля.

Наперадзе — вялікі фінал

Фестываль завершыцца заўтра, 31 студзеня, грандыёзным вечарам «Come – into the green night». Разам з акцёрамі Schauspiel Köln аўтары імпрэзы яшчэ раз звернуцца да «рэзістэнтнай магіі» мовы — здольнасці літаратуры вылечваць і даваць надзею нават у часы поўнага бяссілля. Падчас імпрэзы прагучаць і творы Альгерда Бахарэвіча.

Фота: silviuguiman, сацсеткі фестываля.

Poetica — гэта міжнародны фестываль сусветнай літаратуры, які штогод ладзіцца Кёльнскім універсітэтам і Міжнародным калегіумам «Morphic Waves». Гэта адна з самых значных літаратурных пляцовак Германіі, якая збірае знакавых аўтараў з усяго свету для інтэлектуальнага абмену на стыку паэзіі, філасофіі і навукі.

Сёлетняя эдыцыя праходзіць пад тэмай «Мяккая магія: паэзія і стварэнне светаў». Куратаркай падзеі, якая ладзіцца з 26 па 31 студзеня. выступіла вядомая нямецкая паэтка Рыке Шэфлер. Poetica 11 адраджае старажытнае разуменне мовы як сакральнай сілы, здольнай не проста апісваць, а літаральна ствараць і фарміраваць рэчаіснасць (Worldmaking). У цэнтры ўвагі — «адваротны заклён» супраць брутальнасці, войнаў і сацыяльнай несправядлівасці нашага часу. Фестываль даследуе, як праз літаратурныя рытуалы, новыя спосабы маўлення і радыкальнае пашырэнне прасторы свабоды ў тэксце паэзія ператвараецца ў інструмент актывізму, які спрыяе салідарнасці, ацаленню і глыбокай сувязі паміж чалавекам і светам.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!