«Мой унутраны монстр кажа мне, што трэба часцей гуляць па лесе»: мастачка Марыя Гвардзейцава — пра містычную выставу ў Музеі Вольнай Беларусі

Марыя Гвардзейцава, беларуская мастачка, якая жыве і працуе ў Лондане, адкрыла персанальную экспазіцыю ў варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі. Выстава «The Adoration of Mystic Goat. The Fall» («Пакаленне містычнай казе. Падзенне») распавядае пра ідэнтычнасць, памяць і міфалогію. Аўтарка стварае алтар ідэнтычнасці, што спалучае асабістую памяць з гістарычнымі сімваламі.

Марыя Гвардзейцава нарадзілася ў Мінску, цяпер жыве і працуе ў Лондане. У сваіх шматслойных творах, якія парушаюць межы паміж рэальнасцю і міфалогіяй, мастачка звяртаецца да тэмаў страты, болю, гендару і складанасцей самавызначэння.

Фрагмент экспазіцыі выставы Марыі Гвардзейцавай «The Adoration of Mystic Goat. The Fall». Фота: Ганна Шот.

— Як нарадзілася ідэя вашага праекта і як вы знайшлі такую нечаканую форму, каб распавесці пра свае ідэнтычнасці?

— Так, гэты праект пра мае ідэнтычнасці і пра даследаванне сябе ў межах і па-за межамі розных ідэнтычнасцей.

У яго цэнтры — невялікі відэаперформанс з казой. Чаму з казой?

Калі я думаю пра сваю беларускую ідэнтычнасць, мне ў галаву прыходзяць два вобразы… А калі вобраз прыходзіць, ты ўжо нічога з гэтым не можаш зрабіць. Яго ўжо не пазбыцца.

Першы вобраз — гэта агеньчыкі на балоце, яны даволі прывідныя, таму трэба рабіць пэўныя намаганні дзеля таго, каб да іх дайсці.

Другі вобраз, які з’яўляецца ў мяне ў галаве, — вобраз казы, і казы каляднай.

Ёсць такі вершык, які спяваецца падчас калядавання: «Го-го-го каза, го-го шэрая, ой каза ўпала, трэба даць казе сала, на правы ражок — піражок, на левы ражок — сала шматок». І вось калі я думаю пра сваю беларускую ідэнтычнасць, я разумею, што яе можна ўявіць праз вобраз казы, якая ўпала. Яна вельмі вітальная, у ёй шмат жыцця, але яна ляжыць, яна ўпала. І трэба зрабіць шмат намаганняў дзеля таго, каб яна паднялася. Таму ў цэнтры майго праекта — відэаперформанс з фрагментам каляднага рытуалу.

Фрагмент экспазіцыі выставы Марыі Гвардзейцавай «The Adoration of Mystic Goat. The Fall». Фота: Ганна Шот.

— Чаму вы выбралі такую незвычайную форму прэзентацыі — вокны-люстэркі?

— Так, у сваім праекце я выкарыстала вельмі старыя вокны, у якія ўставіла люстэркі, частка з іх — вінтажныя. Такім чынам у мяне з’явілася магчымасць разважаць пра тэму выставы ў тэрмінах люстэркавага мышлення. У людзей ёсць адметная асаблівасць памяці: яны запамінаюць вобразамі, своеасаблівымі адлюстраваннямі нібы ў люстэрку. І пра нас саміх мы найлепш памятаем тое, што захавалася на здымках.

У гэтым праекце я выкарыстоўваю шмат архіўных здымкаў.

Фрагмент экспазіцыі выставы Марыі Гвардзейцавай «The Adoration of Mystic Goat. The Fall». Фота: Ганна Шот.

— Чаму на выставе восем вокнаў?

— Я пачала з вялікай васьмёркі сацыяльных ідэнтычнасцей: узросту, полу, расы, здольнасці, класа, нацыянальнасці, рэлігіі і сексуальнай арыентацыі. Аднак у працэсе працы ўсё змянілася.

Напрыклад, можна выказацца на тэму сваёй расы, аднак наўрад ці я магу нешта новае сказаць, бо нарадзілася з прывілеяванай у гэтым сусвеце скурай белага чалавека.

Насамрэч мне больш важная ідэнтычнасць майго ўнутранага монстра — маёй адзіноты, і мой монстр кажа мне, што мне трэба часцей гуляць па лесе.

Аказалася важным выказацца на тэму майго мужчынскага роду і майго жаночага роду. Я натхнілася Генцкім алтаром, па абодвух баках якога размешчаны сцэны з Адамам і Евай. На маёй выставе самае правае і самае левае вокны прысвечаны роду бабулі і роду дзядулі.

На самым правым люстэрку, дзе бабулін род, я размясціла фотаздымак з майго першага святкавання Новага году. Мне падаецца, што працэс сталення — гэта пра тое, каб забіць свайго ўнутранага Дзеда Мароза. Таму мне было так цікава адлюстраваць сваю першую ёлку.

Фрагмент экспазіцыі выставы Марыі Гвардзейцавай «The Adoration of Mystic Goat. The Fall». Фота: Ганна Шот.

Яшчэ адно люстэрка — пра мае стасункі з рэлігіяй. Я была хрышчаная ў праваслаўе, калі мне было чатыры ці пяць гадоў, і памятаю той хрост. Доўгі час была практыкуючай верніцай, але калі пачалася вайна, я ўбачыла відэа, на якім праваслаўны святар асвячае танкі. Тады вырашыла, што практыкаваць больш не буду. У гэтай працы я выкарыстоўваю тонкі латэкс, на якім ёсць друк маёй скуры, ім я закрываю люстэрка. Таксама я адшукала маленькіх вінтажных салдацікаў і маленькі дзіцячы танк.

Фрагмент экспазіцыі выставы Марыі Гвардзейцавай «The Adoration of Mystic Goat. The Fall». Фота: reform.news.

Таксама тут ёсць маленькія іншапланецяне. Так атрымалася, што калі мне было гадоў пяць ці шэсць, мы бачылі неапазнаную лятаючую талерку. Мая дзесяцігадовая дачка распавяла, што гэтыя фігуркі называюцца сірэнагаловыя і яны забіраюць людзей у рабства — паводле сюжэту мульціка. І я падумала, што гэта цікавая і смешная гісторыя, і добра, што я выпадкова знайшла гэтыя фігуркі. Бо ўсё аказалася звязаным.

У трох іншых вокнах — мае асабістыя фотаздымкі Мінска. Другі слой тут — таксама люстэрка. Калі падысці бліжэй, ён спрацуе.

Я не магу ездзіць у Мінск, таму адзіная магчымасць гуляць па горадзе — гэта вандраваць па ім у сваёй памяці. Таму я і выкарыстала марлю, матэрыял, падобны да прывідаў у маёй галаве.

На здымках — Парк Горкага, парк Марата Казея і від з акна музея Янкі Брыля.

Наступнае акно — аповед пра маю гендарную ідэнтычнасць. Тут таксама латэкснай шторка з прынтам маёй скуры. Я размясціла свой фотаздымак у малым узросце, на ім я каштую свае першыя суніцы. Важны аспект маёй памяці, таму што мне здаецца, што мая жаночая ідэнтычнасць — яна пра задавальненне. А першае задавальненне, якое я памятаю, было звязана з гэтымі суніцамі.

Таксама тут ёсць маленькі здымак, на якім мне 4 гады. Здымак важны для мяне, бо ў той момант на мяне глядзяць два мае першыя прыхільнікі. Тады я першы раз адчула, што я дзяўчынка.

Фрагмент экспазіцыі выставы Марыі Гвардзейцавай «The Adoration of Mystic Goat. The Fall». Фота: Ганна Шот.

Мяне выхоўвалі дастаткова традыцыйна, і мне было важна адлюстраваць гэта праз рэчы, звязаныя з ручной працай. Тут ёсць карункі фрывалітэ і розныя прадметы для пляцення, якія нагадваюць пра маю першую прафесію каруначніцы.

Я размясціла ў гэтым акне засушаную жабку. Я працавала з вобразамі розных казак, і адзіная казка, дзе я знайшла згадку пра развод — казка пра Васілісу, якая ператвараецца ў жабку. І калі пасля ўсіх выпрабаванняў яна зноў становіцца жабкай, яна сыходзіць ад Івана Царэвіча, а ў маёй інтэрпрэтацыі — яна з ім разводзіцца.

— На выставе шмат цікавых і загадкавых аб’ектаў, аднак каб гледачу гэта ўсё зразумець, яму трэба прачытаць тлумачэнні… Як гэта лакуна будзе запаўняцца паміж словам і вобразам, паміж ведамі і асэнсаваннем таго, што тут паказана? То-бок гледачы будуць бачыць проста загадкавыя аб’екты ці іх таямніца будзе раскрытая?

— Чаму я выкарыстоўвала люстэркі? Мы цяпер знаходзімся ў перыядзе метамадэрнізму, таму мая роля як мастачкі заканчваецца там, дзе глядач пачынае глядзець на гэтыя творы. У гэтым была мая задумка: выкарыстоўваць люстэркі, каб гледачы, разглядаючы творы, маглі бачыць сябе.

Апісанне будзе, але зусім невялікае.

— Вы не будзеце раскрываць да канца ўсе сюжэты ў тым ліку і таму, што звяртаецеся да архетыпічных вобразаў.

— Канешне: каза, акно, жаночы і мужчынскі род, салдаты…

Фрагмент экспазіцыі выставы Марыі Гвардзейцавай «The Adoration of Mystic Goat. The Fall». Фота: Ганна Шот.

— Вы адмовіліся ад беларускага грамадзянства ў 2022 годзе… Аднак адмовіўшыся ад дзяржавы, вы не адмовіліся ад краіны… Ці ваша ідэнтычнасць нейкім чынам змянілася пасля таго, як вы сабралі ўсе патрэбныя дакументы і перасталі быць грамадзянкай Беларусі?

— Мне падаецца, што грамадзянства і ідэнтычнасць не перасякаюцца. Для мяне было важна рэалізаваць палітычнае рашэнне — не мець беларускае грамадзянства. Але на гэтым не скончылася мая беларуская ідэнтычнасць. Цяжка падтрымліваць ідэнтычнасць без магчымасці прыехаць, без магчымасці бачыць тыя мясціны, у якіх я вырасла. Але я раблю шмат рэчаў для таго, каб падтрымаць яе.

— З якім настроем вы рабілі свой праект у музеі? З усведамленнем таго, што вы няхутка прыедзеце ў Беларусь, ці ўсё ж нейкая вера застаецца? Што вам трэба, каб падтрымліваць духоўную сувязь з радзімай?

— Мы ўсе цяпер жывём у адкрытым сцэнары, асабліва пасля выбараў у ЗША. Аднак вы бачыце, што каза жывая.

Ідэнтычнасць — гэта працэс, яна мяняецца. Я вечная эмігрантка і ніколі не буду нідзе сваёй. Я жыла ў многіх краінах — у ЗША, у Латвіі, на Мальце, ва Украіне. І ўсюды была не свая. І мне абсалютна нармалёва з гэтым жыць. Унутры нас ёсць вельмі шмат розных ідэнтычнасцей, і працэс змены ідэнтычнасці вельмі цікава даследаваць.

— Добра, а каб каза паднялася, што ёй там трэба на рогі прычапіць?

— Сала шматок і піражок.

— Каза з’яўляецца для вас сімвалам Беларусі?

— Так.

— Што трэба нашай беларускай казе?

— Я магу сказаць, што я раблю для падтрымання маёй казы. У Лондане ёсць цудоўная Скарынаўская бібліятэка, у якой ладзіцца шмат імпрэзаў. Мне да яе паўтары гадзіны дарогі, але я езджу на гэтыя імпрэзы.

У мяне ёсць кола беларускіх сябровак, вельмі важнае для мяне. Я чытаю беларускія кнігі і слухаю дыскусіі, лекцыі і канферэнцыі. Вось, што раблю для таго, каб падымаць сваю казу.

— Што вам трэба для таго, каб сказаць: «Вось мой дом!», якія базавыя рэчы для адчування свайго дома?

— Хацелася б сказаць, што мой дом там, дзе я складаю свае чамаданы, але гэта не так. На дадзены момант мой дом — гэта Лондан, тое месца, дзе я жыву разам з маёй малодшай дачкой, дзе знаходзіцца мая студыя і мае сябры.

Мая сяброўка кажа, што для таго, каб мець адчуванне дома, трэба знайсці сваіх і пасля гэтага супакоіцца, бо ідэальных сітуацый не бывае ніколі. Сапраўды, вельмі важна мець сваё кола, сваіх сяброў — людзей, падобных да цябе па духу.

— Ну і апошняе пытанне: дзе вы ўзялі такія прыгожыя старыя рамы?

— Канешне, я хацела набыць беларускія рамы, але, на жаль, не атрымалася. Гэты праект я рабіла ў Латвіі, таму рамы ўзятыя са старога дома ў Латгаліі, якога ўжо няма. Ім больш за сто гадоў, і для мяне важна, што гэты дом стаяў не вельмі далёка ад Беларусі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!