Міжнародную Букераўскую прэмію атрымаў раман тайваньскай пісьменніцы, стылізаваны пад гастранамічныя падарожныя нататкі

Раман «Taiwan Travelogue» («Падарожныя нататкі пра Тайвань») тайваньскай пісьменніцы Ян Шуан-цзы атрымаў міжнародную Букераўскую прэмію 2026 года.

Імёны пераможцаў абвясцілі падчас цырымоніі ў лонданскай галерэі Tate Modern.

Галоўны прыз — 50 тысяч фунтаў стэрлінгаў — паводле правілаў прэміі пароўну падзеляць аўтарка кнігі Ян Шуан-цзы і яе перакладчыца на ангельскую мову Лінь Кінг. Дарэчы, раман стаў першым у гісторыі лаўрэатам Букера, перакладзеным з кітайскай мовы.

Журы назвала кнігу і гістарычнай гісторыяй кахання, і вострым посткаланіяльным раманам. Гэта не проста раман, а тонкая літаратурная гульня. Твор пабудаваны як выдуманы пераклад знойдзеных японскіх мемуараў. Сюжэт пераносіць чытача ў 1930-я гады, калі Тайвань знаходзіўся пад японскім каланіяльным праўленнем.

У цэнтры гісторыі — японская пісьменніца, якая адпраўляецца ў гастранамічнае падарожжа па Тайваню разам з мясцовай перакладчыцай. Паміж жанчынамі ўзнікаюць пачуцці, аднак іх адносіны разгортваюцца на фоне няроўнасці, каланіяльнай улады, культурных адрозненняў і класавых межаў.

Аўтарка настолькі па-майстэрску выбудавала форму рамана, дадаўшы пасляслоўі і шматлікія заўвагі ад выдуманых і рэальных перакладчыкаў, што пасля выхаду кнігі ў 2020 годзе частка чытачоў ўспрыняла кнігу як сапраўдныя гістарычныя мемуары.

Брытанская пісьменніца Наташа Браўн, якая ўзначальвала журы, назвала кнігу тонка іранічным раманам, які гуляецца з тэмамі мовы і ўлады і падчас чытання пастаянна здзіўляе.

Перакладчыца Лінь Кінг мяркуе, што кніга паказвае не толькі траўму каланіяльнага перыяду, але і паўсядзённае жыццё тайванцаў. Паводле яе слоў, нават у самыя цяжкія часы людзі знаходзяць месца для гумару, смачнай ежы, кіно, бытавых дробязяў і любові, і нельга зводзіць культуру толькі да перажытага болю.

Міжнародная Букераўская прэмія была заснаваная ў 2005 годзе. У адрозненне ад Букераўскай прэміі, якая штогод прысуджаецца толькі англамоўным аўтарам з Вялікабрытаніі, Ірландыі і краін Брытанскай Садружнасці, міжнародны «Букер» уручаецца замежным пісьменнікам, чые кнігі перакладзены на англійскую мову.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!