Вечарам 21 траўня ў лонданскай галерэі «Тэйт Мадэрн» быў абвешчаны лаўрэат Міжнароднай Букераўскай прэміі 2024 года. Прэстыжную літаратурную ўзнагароду атрымала пісьменніца з Германіі Джэні Эрпенбек, ураджэнка Усходняга Берліна, за раман «Кайрос», паведамляецца на сайце прэміі.
У кнізе апісана гісторыя адносін дзяўчыны і сталага мужчыны, якая разгортваецца на фоне падзення Берлінскай сцяны ў 1989 годзе і папярэдніх падзей. Як пазначана на сайце прэміі, «гэта інтымная і разбуральная гісторыя шляху двух закаханых праз руіны адносін, якая адбываецца на фоне сейсмічнага перыяду еўрапейскай гісторыі».
Джэні Эрпенбек стала першым аўтарам з Германіі, удастоенай гэтай узнагароды.
Перакладчык кнігі – Міхаэль Хофман.
Міжнародная Букераўская прэмія была заснаваная ў 2005 годзе. У адрозненне ад Букераўскай прэміі, якая штогод прысуджаецца толькі англамоўным аўтарам з Вялікабрытаніі, Ірландыі і краін Брытанскай Садружнасці, міжнародны «Букер» уручаецца замежным пісьменнікам, чые кнігі перакладзены на англійскую мову.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram