Нацыянальны мастацкі музей не застаўся ў баку ад II Гульняў краін СНД — установа падрыхтавала для трымальнікаў карты госця Мінска — а ёсць і такая! — пэўныя прапановы.
Так, з 5 па 13 жніўня ўладальнікі Карты атрымаюць зніжку ў памеры 50% ад кошту комплекснага білета. У яго ўваходзіць наведванне Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і яго філіялаў – музея “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы ХІХ стагоддзя” і Музея беларускага народнага мастацтва.
З 14 жніўня 2023 года па 15 жніўня 2024 года зніжка на комплексны білет для трымальнікаў карты будзе складаць 10%.
Што ж могуць паглядзець у бліжэйшы час госці Мінска? Якія адметныя выставы?
Так, 9 жніўня ў Нацыянальны мастацкім адкрыецца выстава Уладзіміра Пракапцова «Пад знакам бясконцасці» — яна прымеркавана да 70-годдзя мастака і экс-дырэктара Нацыянальнага мастацкага.
«Творчасць мастака характарызуецца арыгінальным пазнавальным стылем, глыбокім філасофскім зместам, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей, зваротам да сваіх каранёў, любоўю да сваёй зямлі, сваіх бацькоў. Карціны ўяўляюць сабой сплаў суб’ектыўна-лірычнага і рацыянальна-прагматычнага пачаткаў, што дае магчымасць раскрыць і паказаць на палатне парыў сваіх пачуццяў і думак праз гарманічную завершанасць, кампазіцыйную, пластычную і колеравую арганізацыю твора», — анансуецца будучая выстава.
Гэтаксама адносна нядаўна — з 3 жніўня — ва ўстанове працуе юбілейная выстава жывапісца Мікалая Таранды.
«Мікалай Таранда з’яўляецца тым унікальным прыкладам мастака, які ў сваёй творчасці спалучае фігуратыўны і абстрактны жывапіс. Гэтыя два полюсы – пейзаж і беспрадметная кампазіцыя – узаемадзейнічаюць у прасторы яго паэтыкі і складаюць галоўную інтрыгу творчасці, — гучыць анатацыя да падзеі.
У экспазіцыі юбілейнай выставы будуць прадстаўлены жывапісныя творы, што найбольш яскрава выказваюць творчае крэда аўтара – пейзажныя матывы, кветкавыя нацюрморты і вялікая серыя абстрактных кампазіцый».
То-бок у топе музея зараз — дзве юбілейныя выставы.
Нагадаем, што квіток для дарослага наведвальніка ў галоўны і выставачны корпусы музею каштуе 14 рублёў. Толькі ў выставачны — 10 рублёў.
Комплексны білет, які дае магчымасць наведать Нацыянальны мастацкі музей, Музей Дом Ваньковічаў, Музей беларускага народнага мастацтва каштуе 20 рублёў.
Чароўная “Карта госця г. Мінск – гарады і рэгіёны Беларусі” прадаецца ў ГЦ “Сталіца” і на стойцы “Інфармацыйна-турысцкага цэнтра “Мінск”.