Фота: Культурны кластэр «Сустрэча»
У Беларусь па запрашэнні лідарскай платформы «Каманда будучыні» (дзейнічае пры Савеце Рэспублікі пад патранатам Наталлі Качанавай) і Беларускага саюза архітэктараў прыязджаў маскоўскі горадабудаўнік і віцэ-прэзідэнт Саюза архітэктараў Расіі Аляксей Комаў.
Ён выступіў з лекцыяй «Маякі Рускага свету: суверэнны адказ сучасным выклікам» у Рэспубліканскім доме архітэктара, дзе заявіў беларускім калегам і студэнтам, што знаходзіцца «на абароне Рускага свету, нашага адзінага, вялікага», працытаваў Уладзіміра Пуціна пра адсутнасць у Расіі межаў і заклікаў разглядаць архітэктуру як служэнне і палітычны інструмент.
А пасля Комаў, як кансультант праекта па развіцці гістарычных мястэчак Беларусі, наведаў Гальшаны і замак Сапегаў.
Тэлеграм-канал «Спадчына» прааналізаваў планы Комава ў Беларусі.
У Расіі 51-гадовы Аляксей Комаў вядомы як суаўтар праекта «Маякі Рускага свету», запушчанага ў 2023 годзе для візуальнай маркіроўкі захопленых украінскіх гарадоў стэламі і абеліскамі. Такія аб’екты ўжо ўсталяваныя ў Сімферопалі і Бярдзянску, а таксама распрацаваныя для Марыупаля, Данецка, Луганска, Купянска, Адэсы і Кіева.
У сваіх публічных выступах Комаў ставіць у прыклад ліквідацыю ўкраінскай мовы з публічнай прасторы Крыма пасля 2014 года, тлумачыць сучасную забудову гарадоў дыверсіяй USAID і фондаў Джорджа Сораса, а эталонам кіравання галіной называе сталінскі перыяд, калі галоўныя архітэктары гарадоў падпарадкоўваліся непасрэдна Лаўрэнцію Берыі.
У Беларусі Комаў стаў афіцыйным кансультантам культурна-сацыяльнага кластара «Встреча / Сустрэча», якім кіруе рэжысёрка Аляксандра Крот і які з’яўляецца праектам лідарскай платформы «Каманда будучыні»
Першай пляцоўкай для рэалізацыі кластара «Сустрэча» з удзелам расійскага спецыяліста выбраныя Гальшаны Ашмянскага раёна. Тут Аляксандра Крот выкупіла на аўкцыёне закінуты двухпавярховы будынак былой бальніцы па вуліцы Барунскай, 2Б, каб пры фінансаванні па лініі «Саюзнай дзяржавы», краўдфандынгу і БРСМ перарабіць яго ў грамадска-дасугавую прастору з рамеснымі майстэрнямі і візіт-цэнтрам. Аляксей Комаў стаў афіцыйным кансультантам па архітэктуры праекта.
Падчас паездкі на аб’ект Комаў прапанаваў усталяваць у мястэчку копію пскоўскага помніка князю Даўмонту, якога ў Расіі шануюць як праваслаўнага святога: «Першае для мяне што важна — што гэта радзіма Даўмонта, нашага святога выбітнага, які заснавальнік Пскова. І літаральна паўтара месяца таму з маім сябрам Андрэем Марцьянавым, аўтарам помніка Даўмонту, мы на гэтую тэму размаўлялі. І мне здаецца, што апроч таго, што мы з вамі зробім гэты цудоўны кластар творчы, безумоўна, гэтае месца важнае яшчэ і для таго, каб там усталяваць помнік, прычым копію менавіта таго, што ўсталявана сёлета ў Пскове. Таму не трэба баяцца ніякіх складанасцяў, у тым ліку і тэхнічных».
Таксама маскоўскі архітэктар заклікаў цалкам адбудаваць руіны Гальшанскага замка Сапегаў паводле ўзору гіганцкага псеўдагатычнага навадзела ў маскоўскім Царыцыне, адкінуўшы навуковыя і рэстаўрацыйныя абмежаванні:
«Па замку я б хацеў сказаць асобную гісторыю, таму што гэты замак варты таго, каб яго цалкам аднавіць і зрабіць з гэтага паўнавартасны комплекс. І гісторыя з палацам імператарскім у Царыцыне ў Маскве — гэтаму пацвярджэнне.
І нічога тут, ніякія, мне здаецца, археалагічныя і іншыя гісторыі, звязаныя з аб’ектам спадчыны, не павінны перашкодзіць, таму што галоўнае — палітычная воля. А яна ў Беларусі ёсць».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram