У выдавецтве «Вясна» ў перакладзе Сяргея Шупы выдалі першыя дзве кнігі самай значнай падзеі літоўскай літаратуры ХХІ стагоддзя — гістарычнага чатырохкніжжа Крысціны Сабаляўскайце «Silva rerum». Кнігі серыі налічваюць у Літве ўжо больш за 20 перавыданняў.
Гэта захапляльная сага шляхецкага роду Нарвойшаў гербу Касцеша ад сярэдзіны XVII стагоддзя праз усё XVIII і да канца існавання Вялікага Княства. «Дагэтуль яна была перакладзеная на латыскую і польскую мову, але нікому гэтая яскравая і драматычная гісторыя ня будзе так блізкая, як двум народам — літоўцам і беларусам. Падзеі сэрыі адбываюцца як у Вільні, гэтак і ў розных кутках Княства — ад жамойскай вёскі да Нясьвіжу і Слуцку», — пішуць у выдавецтве.
Першая «Silva rerum» выйшла ў 2008 годзе. Перакладчык Сяргей Шупа падзяліўся сваёй прафесійнай гісторыяй на Фэйсбуку.
«Да гэтай кнігі была даўгаватая дарога. Калі выйшла годзе, я доўга прымерваўся — чытаць не чытаць, уражаньні з розных бакоў чуліся розныя, адны захапляліся, другія круцілі носам. Але мінуў час, кніжак у сэрыі выйшла цэлых чатыры, посьпех і розгалас у Літве ніяк не спадаў, і, пераклаўшы і выдаўшы кнігі маёй мары — «Белы саван» і «Туўлу», — я адчуў, што гэты час настаў. Паўтара года таму на Віленскім кніжным кірмашы пагаварылі з аўтаркай, яе выдаўцамі і папярэдне дамовіліся. Пасьля былі сустрэчы ў Франкфурце зь яе агенцтвам, куча рознай іншай арганізацыйна-выдавецкай працы.
Ну і на пачатку 2025-га я сеў за пераклад. Наперадзе былі 1300 старонак не такога ўжо і простага тэксту. Было крыху страшна ўвязвацца — амаль на год фактычна на адзін праект… Але вось, кнігі І і ІІ ужо ёсьць на сьвеце, ІІІ у рэдактуры, перакладзена палове IV. І мы ўжо не баімся сказаць — усё ідзе паводле пляну.
Чым так важная і цікавая для беларускага чытача гэтая Вялікая Віленская Сага? А тым, што гэта фактычна «свая» літаратура, «свой» гістарычны раман. Амаль усё, што адбываецца ў гэтых кнігах, адбываецца і гучыць на польскай мове. Так што арыгінальны тэкст можна ў пэўным сэнсе лічыць «перакладам» на адну з моваў, якія існавалі пад польскамоўнай культурнай паверхняй. І ў гэтым сэнсе і літоўскі арыгінал і беларускі пераклад — роўнааддаленыя ад рэальнага фону падзеяў.
А падзеі тыя адбываюцца ў розных кутках ВКЛ, у тым ліку на тэрыторыі цяперашняй Беларусі (напрыклад, большая частка кнігі ІІІ). Згадваюцца, хоць і нячаста, і мясцовыя, «сялянскія» мовы.
І яшчэ вельмі важна, што гэтыя кнігі, літаратурная вартасьць якіх не выклікае ніякіх сумневаў, пісала аўтарка, якая прафэсійны гісторык, якая доўгія гады вывучала архіўныя крыніцы і ведае пра рэальнае жыцьцё той эпохі ўсё, што толькі можна ведаць. У гэтым сэнсе можна цалкам давяраць усім яе апісаньням побыту, нораваў, духу эпохі, або, дакладней, эпохаў — розьніца паміж абранымі для кожнага тома сэгмэнтамі часу (1660 — 1710 — 1748 — 1773) моцна адчуваецца.
Ці мог бы нешта падобнае, на такім самым літаратурным і аўтэнтычным узроўні, напісаць беларускі пісьменьнік? Спрабую сабе ўявіць, і нешта ў мяне нічога не выходзіць…»
«Выдатна напісаны, маркесаўскі раман, дзея якога адбываецца ў Літве XVII стагоддзя і які разам з тым нагадвае, што гісторыя Цэнтральнай Эўропы — гэта наш агульны наратыў», — напісала польская пісьменніца і нобелеўская лаўрэатка Вольга Такарчук.
«ВКЛ у кнізе — складаны і неймаверна цікавы арганізм, шматмоўны, шматкультурны, шматканфэсійны, шматгалосы. Сямейны. З пакручастымі артэрыямі, супярэчлівы, дзікаваты, раскошны, крывавы, плоцевы, юрлівы. Жаночы. Мужчынскі. Хворы. Поўны колішняй велічы, згаслай моцы, любові, каханьня, бруду, сьнегу і дажджу, сонца і пладоў. І, як ні дзіўна – надзеі», — піша ў рэцэнзіі на сагу Альгерд Бахарэвіч.
Выдавецтва плануе серыю прэзэнтацый у розных краінах і гарадах, але кнігу можна купіць ужо цяпер. У «Кнігаўцы» першую і другую кнігі. Праз allegro першую і другую кнігі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram