У Берліне завяршылася 38-я цырымонія ўручэння прэмій Еўрапейскай кінаакадэміі. Галоўная кінападзея кантынента сёлета прайшла з беларускім акцэнтам: у намінацыі «Адкрыццё года» за перамогу змагалася Мара Тамковіч з камернай драмай «Пад шэрым небам». Дэбютная стужка беларускай кінематаграфісткі, створаная пры падтрымцы Польскага інстытута кінамастацтва, стала сімвалам таго, як гісторыі пра беларусаў, нягледзячы на межы і перашкоды, выходзяць у вышэйшую лігу еўрапейскага кінематографа.
Мара Тамковіч: намінацыя, якая вартая перамогі
Поўнаметражны ігравы метр Мары Тамковіч, натхнёны гісторыяй журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, прэтэндаваў на ўзнагароду ў катэгорыі «Еўрапейскае адкрыццё — прыз FIPRESCI». Фільм пра Беларусь часоў «прыцемкаў дыктатуры» прайшоў шлях ад прэм’еры на прэстыжным амерыканскім фестывалі Tribeca да афіцыйнага прызнання еўрапейскімі крытыкамі і кінематаграфістамі.

Канкурэнцыю Мары скалі пяць фільммейкераў: славенская рэжысёрка Уршка Джукіч з гісторыяй сталення «Маленькія дзяўчынкі-непаседы», брытанска-нігерыйскі рэжысёр Акінола Дэвіс-малодшы з псіхалагічным этна-трылерам «Цень майго бацькі», партугульская кінематаграфістка Лаўра Карэйра з сацыяльнай драмай «Пра падзенне», дацкі рэжысёр Маціяс Броэ з візуальнай драмай «Саўна» і прадстаўнік турэцкага арт-кіно Мурат Фіратаглу з філасофскай карцінай «Адзін з тых дзён, калі памірае Гемэ».
У выніку напружанай барацьбы прыз усё ж дастаўся фільму «Пра падзенне» («On Falling») партугальскай рэжысёркі Лаўры Карэйры. Стужка распавядае пра лёс маладой жанчыны ў жорсткім свеце сучаснай «гіг-эканомікі». Праца ўжо мела поспех на фестывалі ў Сан-Себасцьяне, што зрабіла яе моцным канкурэнтам.
Нягледзячы на тое, што статуэтка паехала ў Партугалію, знаходжанне Мары Тамковіч у шасцёрцы найлепшых маладых рэжысёраў Еўропы — гэта магутны поспех для беларускай аўтаркі.
Адзначым, што «Пад шэрым небам» — гэта трэцяя стужка, створаная беларускімі рэжысёрамі — пасля «Мы жывем на краі» Віктара Аслюка і «Радзімы» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка, якая змагаецца за перамогу на Еўрапейскай кінапрэміі.

Галоўныя ўзнагароды
Галоўныя ж узнагароды вечара размеркаваліся наступным чынам.
Трыўмафатарам прэміі стаў нарвежскі рэжысёр Ёакім Трыер. Яго драма «Sentimental Value» («Сентыментальная каштоўнасць»), якая даследуе складаныя сямейныя сувязі і прафесійны крызіс, была прызнана найлепшым еўрапейскім фільмам. Сам Трыер атрымаў статуэтку за найлепшую рэжысуру, а выканаўца галоўнай ролі ў карціне нарвежская актрыса Рэната Рэінсве была прызнана найлепшай еўрапейскай акторкай. Легенда кіно Стэлан Скарсгард, які іграе ў «Сентыментальнай каштоўнасці», узяў прыз як найлепшы еўрапейскі актор. Кіно Трыера таксама было адзначана і за найлепшы сцэнар.
Што такое Еўрапейская кінапрэмія?
Еўрапейская кінапрэмія — гэта вышэйшая прафесійная ўзнагарода ў галіне кіно ў Еўропе, якую часта называюць «еўрапейскім Оскарам». Яна была заснавана ў 1988 годзе такімі мэтрамі, як Бернарда Берталучы і Інгмар Бергман, каб стаць процівагай амерыканскаму Галівуду і падтрымаць аўтарскае кіно.
Абіраюць пераможцаў больш за 5000 членаў Еўрапейскай кінаакадэміі. Трапіць нават у намінацыю гэтай прэміі — значыць афіцыйна ўвайсці ў вышэйшую лігу сусветнага кінематографа. Для беларускага незалежнага аўтара гэта знак таго, што нашая гісторыя і нашая кінамова зразумелыя і прызнаныя на самым высокім узроўні.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
