Гравюра “Горад і замак Берасце Літоўскае”, выдадзеная ў 1696 годзе ў Нюрнбергу. Мастак – Эрык Ёнсан Дальберг. Каманда MALDZIS злева направа: Павел Мацукевіч, Таццяна Капітонава, Рыгор Астапеня. Варшава, жнівень 2026 года. Фота – Саша Івулін.
Ініцыятыва MALDZIS набыла гравюру “Горад і замак Берасце Літоўскае” (арыгінальная назва “Urbs et Castellum Brestzie Litewski”), выдадзеную ў 1696 годзе ў Нюрнбергу. Гэта адзіная дэталёвая выява старога Берасця, якое было цалкам знішчанае ў XIX стагоддзі ўладамі Расейскай імперыі для будаўніцтва Берасцейскай крэпасці.
“Гэтая гравюра – рэдкае акно ў гісторыю Берасця XVII стагоддзя. Горад, які больш не існуе, паказаны такім, якім яго запомнілі ўдзельнікі гістарычных падзей, – з умацаваннямі, забудовай і храмамі, што зніклі назаўжды. Такія візуальныя сведчанні дазваляюць беларусам па-новаму ўявіць гісторыю беларускіх зямель да ўваходжання ў склад Расейскай імперыі”, — распавядае пра набыты твор кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч.
Твор быў набыты на аўкцыёне ў Польшчы на сродкі Дар’і Сліж і ў будучыні будзе перададзены ў Музей гісторыі горада Берасця ў якасці грамадскага падарунка.
Гравюра выканана ў тэхніцы медзярыту. Сам твор каляровы, з ручной размалёўкай, памерам 35 на 49,5 см. На першым плане – панарама шведска-венгерска-казацкага войска каля сцен горада; у цэнтры – панарама і план Берасця з умацаваннямі, замкам, касцёламі і сінагогай.
Аўтар гравюры – шведскі вайсковы інжынер, архітэктар і мастака Эрык Ёнсан Дальберг.
Гравюра выйшла ў кнізе шведскага барона Самуэля фон Пуфендорфа “De rebus a Carolo Gustavo Sueciae rege gestis”, прысвечанай Другой паўночнай вайне 1655–1660 гадоў (вядомай як Патоп). Выданне змяшчае 115 медзярытаў, аснову якіх складаюць малюнкі Эрыка Ёнсана Дальберга (1625-1703). Берасце – адзіны населены пункт у сучасных межах Беларусі, які трапіў у гэтую серыю.
Гравюра адлюстроўвае аблогу Берасця ў траўні 1657 года. Горад асадзілі шведскія войскі Карла X Густава разам з венграмі і запарожскімі казакамі на чале з князем Ракоцы. Пасля трохдзённага гарматнага абстрэлу гарнізон здаў горад. Праз два тыдні шведскае войска пакінула горад, перадаўшы яго венграм.
У цэнтры гравюры – панарама Берасця з паўночнага боку: замак, касцёлы, сінагога, умацаванні і прадмесце Лозкі. Ніжэй паказаная сутычка літоўскіх драгунаў з варожай конніцай. У правым ніжнім куце – дзевяць найвышэйшых асобаў варожых войскаў, у тым ліку сам шведскі кароль Карл X Густаў і князь Трансільваніі Юрый II Ракоцы. А над ніжнім картушом – сам аўтар, Эрык Дальберг, паказаны ў выглядзе вершніка. Мастак увекавечыў сябе як удзельніка тых падзеяў.
Паводле меркавання берасцейскага краязнаўцы і гісторыка Анатоля Нікітчыка (артыкулы “Берестейский кроссворд Э. Й. Дальберга” і “Берасце, май 1657 года. Шведскія намаганні і трансільванская роспач”), Дальберг стварыў гравюру ў 1691–1696 гадах на падставе ранейшых замалёвак і ўспамінаў. Яна лічыцца адным з найлепшых прыкладаў еўрапейскага гарадскога пейзажу ў стылі барока на беларускіх землях.
Гравюры Дальберга ў добрым стане і з нанесенымі колерамі – рэдкія. Для Беларусі гэты твор яшчэ больш каштоўны праз тое, што дапамагае візуалізаваць гісторыю і ўмацоўвае нацыянальную гістарычную памяць. Дзякуючы гравюры можна даведацца, як выглядала Берасце больш за 360 гадоў таму.
У верасні гравюру можна будзе пабачыць і даведацца цікавінкі пра яе ў межах “Art-кавярні MALDZIS” у Варшаве, адзначае ініцыятыва.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram