«Паўтарайце за мной». Фота: facebook / zacheta
У Нацыянальнай галерэі мастацтваў «Захэнта» ў Варшаве адкрылася выстава «Паўтарайце за мной II» украінскага аб’яднання Open Group. Гэты праект стаўся спробай паказаць вайну з дапамогай галасоў сведак.
Відэаінсталяцыя пад куратарствам Марты Чыж рэпрэзентавала Польшчу на 60-й Венецыянскай біенале. Яна складаецца з дзвюх відэапрац, створаных у 2022 і 2024 гадах.
Відэа 2022 года былі знятыя пад Львовам у лагеры для ўнутраных уцекачоў, якія распавядаюць пра свой нядаўні вопыт. Праца 2024 года здымалася за межамі Украіны, але для яе герояў гукі вайны застаюцца часткай траўмы.
Людзі на экране голасам прайграюць гукі зброі, якія захаваліся ў іх памяці, і просяць гледачоў паўтарыць гэтыя гукі ўслед за імі: рух танка, артылерыйскія стрэлы, кананаду гармат, выбухі касетных авіябомбаў.
Ваеннае караоке выглядае забавай даволі жудаснай, нездарма амаль ніхто з гледачоў не падыходзіць да мікрафону і не паўтарае гукі. Форма забаўляльнага жанру караоке абраная аўтарамі свядома, у ёй ёсць прыхаваны сімвалізм.
Куратарка Марта Чыж лічыць, што і тыя, хто адважыўся паўтарыць гукі вайны, і тыя, хто не змог, усё роўна з’яўляюцца роўнымі ўдзельнікамі гэтай інсталяцыі. Тыя, хто не адважыўся, могуць проста адысці ў глыбіню так званага мілітары караоке-бара будучыні, і проста глядзець відэа, а таксама назіраць за тым, як гэтыя гукі паўтараюць іншыя.
Мастакі Open Group Юрый Білей, Паўло Ковач і Антон Варга нібы спрабуюць стварыць універсальную мову, што не занадта змянілася за апошнія два стагоддзі, таму што канфлікты канца ХІХ стагоддзя, ХХ і ХХІ маюць нешта агульнае, бо гукі зброі гучаць амаль аднолькава.
У адрозненне ад іх ранейшых прац, гэтая выглядае вельмі простай. Пры гэтым яна вельмі красамоўная і гучная, бо час для доўгіх разважанняў скончыўся.
«З моманту, як мы пачулі першую сірэну паветранай трывогі, наша «ўнутраная трывога» заўсёды напагатове. Яна трымае нас у пастаянным напружанні і прымушае прыслухоўвацца да кожнага гуку, да кожнага шоргату. Часам падазрэнні закрадваюцца нават у цішыні», — адзначаюць аўтары праекта «Паўтарайце за мной II».
Кожны гук, які па ўспамінах прайграваюць героі відэа, суправаджаецца падрабязным апісаннем смяротнай зброі, з усімі тэхнічнымі падрабязнасцямі і далёкасцю стральбы. Гэтыя веды ў ваенных абставінах нярэдка могуць захаваць жыццё.
«Знаходзячыся ва Украіне, ты з’яўляешся мэтай. Кожны раз пры ўключэнні сірэны ты думаеш: «цяпер я ці не я? Гэтая рулетка і латарэя спрацуе на мяне ці не?». Сірэна выключаецца, і ты думаеш: «А, сёння не я. Сёння мне пашанцавала». Будучы ваенным, працэнт, што ў цябе трапяць, нашмат павялічваецца. Але ўсё роўна гэта ўмоўнасць, — расказваў пра праект Паўло Ковач. — Я распавядаў гісторыю свайго субрата, у якога жонка загінула ад ракетнага абстрэлу, а ён, ваюючы з 2014 года, дагэтуль жывы. То-бок, гэта — выпадак. Другое пытанне — гэта прывыканне да вайны. На жаль, гэта становіцца нормай. Я прывык да смерці сваіх субратоў. Спачатку мне было складана, я моцна перажываў, цяпер я не магу сабе гэтага дазволіць, таму што калі я ўключу эмоцыю, я вельмі хутка перагару. —У нас так працуе псіхалогія. Мы сябе засцерагаем, таму сёе-тое забываем. Мы не можам успомніць усё, таму што ў адваротным выпадку мы б проста страцілі розум. Іншая сітуацыя, калі ты глядзіш на вайну з большай адлегласці, гэта таксама складана, таму што ты псіхалагічна сябе накручваеш, дадумваеш, перажываеш і прапускаеш усё заўсёды праз сябе. І ты знаходзішся ў гэтым стрэсе, які сам сабе ствараеш, таму што ў цябе мала візуальнай інфармацыі, і ты яе дапрацоўваеш.
Чым бліжэй ты да вайны, да фронту, тым менш ты пра гэта думаеш, у цябе на гэта няма часу. Ты проста выконваеш сваю працу. Вы прывыкаеце да гэтых гукаў і павінны ведаць іх, таму што гэта захоўвае вашае жыццё. Ты ведаеш прыкладны вылет снарада, калі ён павінен і куды прыкладна прыляцець. Ці табе хавацца ў акоп, ці не. Ты ведаеш, калі пралятае «Калібр».
А ёсць рэчы, калі ты проста не паспееш, як авіяналёт. Таму што там спачатку прылёт, а потым ты чуеш, што пралятае самалёт. Нешта падобнае і з танкам… Спачатку, калі я толькі мабілізаваўся, я хадзіў па казарме і падсвістваў нейкую песеньку па звычцы. А мне пабрацім кажа: «Адразу відаць, што ты яшчэ не быў на перадавой. У нас свістаць нельга, таму што ўсе адразу думаюць, што гэта міна».
Сярод многіх пластоў сэнсаў і задач, якія выконвае выстава «Паўтарайце за мной II», — зрабіць бачным досвед цывільных ахвяраў вайны, але таксама паказаць невыносны траўматызм гэтага досведу, якога — пры знаходжанні ў эпіцэнтры ваенных дзеянняў — будзе цяжка пазбегчы. Куратарка Марта Чыж называе выставу антываенным маніфестам, перададзены мірным спосабам: тут няма акопаў і смерці, але ёсць чалавечыя эмоцыі, пошук спагады і суперажывання.
Відэаінсталяцыю можна ўбачыць у Нацыянальнай галерэі мастацтваў «Захэнта» да 4 красавіка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram