Максім Жбанкоў і Арцём Лобач запусцілі YouTube-праект «Сто год беларускага кіно», у якім прэпаруюць айчынны кінематограф

«Сто год беларускага кіно» — стваральнікі «ШокінгКульту» замахнуліся на «найгалоўнейшае з мастацтваў» — кіно. Прычым беларускае. Якога, як вядома, «няма». І якому сёлета, між іншым, спаўняецца сто гадоў. Культурны аналітык Максім Жбанкоў і рэжысёр Арцём Лобач у новым YouTube-праекце і паспрабавалі разабрацца — што з сябе прадстаўляе наш шматпакутны айчынны кінематограф.

Фармат праекта заяўлены як поп-культурны і аналітычны.

«Поп-культурны – бо аджыгае, шызуе і зіхаціць як можа. І пры тым аналітычны – бо разбірае трэнды і тлумачыць сэнсы, — распавядаюць пра сваю працу аўтары. — Гэта не ШокінгКульт — тут менш стэнд-апу, больш адукацыйных складнікаў. Але ж Жбанкоў застаецца Жбанковым: спрэчным, нязручным і канцэптуальным».

У кожным выпуску будзе прадстаўлена кожнае дзесяцігоддзе беларускага кіно. «Галоўныя стужкі, подых эпохі, перамогі і паразы – усё вачыма культурніцкага спікера нашых няўцямных часоў», — «раскрываюць карты» стваральнікі.

Стартавы эпізод прысвечаны 1920-м, калі былі здзейсненыя першыя крокі айчыннага кіно. «Рэвалюцыйны шал і агітацыйны экстаз, крытыка сексу на продаж і нараджэнне беларускага псіхадэлу» – як вы, магчыма, здагадаліся, гаворка ў выпуску пойдзе пра стужкі «У вагні народжаная» Уладзіміра Корш-Сабліна, «Прастытутка» Алега Фрэліха і «Кастуся Каліноўскага» Уладзіміра Гардзіна — «хіты» 1920-х. Цікава, што Максім Жбанкоў, распавядаючы пра фільмы «эпохі нямога кіно», выяўляе трэнды, якія ўласцівыя беларускаму кінематографу не толькі ў агавораны перыяд.

«Сто год беларускага кіно» — гэта перагляд (не) зробленага ў айчыннным кінематографе. Пошук сэнсаў са стогадовай дыстанцыі. Як кажуць аўтары, «Зроблена сёння. Для тых, хто хоча свайго».

Праект ладзіцца ў межах праграмы #ArtPowerBelarus Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры пры фінансавай падтрымцы Еўразвязу.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!