Фота: фрагмент афішы спектакля.
30 і 31 студзеня Магілёўскі абласны драматычны тэатр прадставіць прэм’еру спектакля паводле знакамітай трагікамедыі Андрэя Макаёнка «Трыбунал». Рэжысёрка Каміля Хусаінава істотна перапрацавала класічны тэкст, дадаўшы ў яго «хронікі вайны» і новых персанажаў. Але жанр пастаноўкі акрэсліваецца як «народны лубок».
Дзеянне адбываецца ў 1942 годзе ў акупаванай беларускай вёсцы. У цэнтры сюжэта — сям’я пастуха Цярэшкі Калабка, дзе парадкам запраўляе яго жонка Паліна, «генерал» хатняга маштабу. Звыклы свет руйнуецца, калі Цярэшка аб’яўляе, што прыняў прапанову немцаў стаць старастам. Сям’я, не ведаючы праўдзівых матываў бацькі, вырашае наладзіць над ім уласны трыбунал.
«Трыбунал» Андрэя Макаёнка лічыцца адной з самых паспяховых беларускіх п’ес ХХ стагоддзя. Яна была пастаўлена ў дзесятках тэатраў СССР, а яе галоўны герой Цярэшка Калабок стаў адным з самых пазнавальных народных тыпажаў у беларускай літаратуры.
Рэжысёрка і аўтарка сцэнічнай версіі Каміля Хусаінава ў сваёй адаптацыі твору спалучае два жанры. Пастаноўка будзе існаваць адначасова ў дзвюх прасторах: прасторы дома, якая вырашаная ў жанры народнага лубка. А таксама прасторы вайны, якая ўвасобленая праз тэатральную метафару. Спецыяльна для гэтага былі ўведзены новыя персанажы, якія «адказваюць за вайну» і ўвасабляюць яе непазбежны і жудасны ход.
«Да сцэнарыя, які дастаўся мне «ў спадчыну», я дапісала інсцэніроўку — хронікі вайны. Гэтую сцэнічную версію літаратурнага твора мы ўвасобім у жанры тэатральнай метафары», — адзначае рэжысёрка.
«Трыбунал» — п’еса, у якой перамяшаны грубы народны гумар і высокія драматычныя моманты, шум жыцця і цішыня смерці, смех і слёзы. Тое, што чалавек можа пераадолець, і тое, дзе ён бяссільны», — анансуе прэм’еру Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
Падкрэсліваецца, што гэта будзе рухавы спектакль: харэаграфія — Дзмітрый Мураўёў, музычнае афармленне — Ігар Бычкоў, Каміля Хусаінава, Алена Крыванос.
Каміля Хусаінава прыйшла ў магілёўскую ўстанову да 2020 года. У даробку аўтаркі спектаклі: «Любоўныя лісты» Альберта Гурнея, «Чайка» паводле Антона Чэхава, «Лілічка» паводле Уладзіміра Маякоўскага, «Жоўты пясочак» паводле Васіля Быкава ды іншыя.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram