Беларускі інстытут публічнай гісторыі да 9 траўня распачаў дыскусію ў сваім тэлеграм-канале па тэме — якую дату мусяць адзначаць беларусы: 8 траўня — Дзень памяці і прымірэння ці 9 траўня — Дзень Перамогі? «Асабліва вострым гэта пытанне стала пасля пачатку паўнавартаснай расейскай агрэсіі ва Украіне, якая таксама мімікрыравала пад «барацьбу з нацызмам» і шмат у чым выкарыстоўвае савецкую сімволіку Вялікай Айчыннай вайны», — адзначаюць чальцы Інстытута. Па тэме выказваюцца вядомыя беларускія гісторыкі, Reform.news з цікаўнасцю сочыць за палемікай, і меркаваннямі некаторых з даследчыкаў вырашылі падзяліцца.
«Гэта была скрадзеная перамога»
Доктар гістарычных навук, прафесар Інстытута славістыкі ПАН Алесь Смалянчук лічыць, што памятнай датай павінна быць 8 траўня — Дзень памяці і прымірэння, «дзень смутку, сумных успамінаў пра тое, што адбылося».
«У мяне быў праект «Беларусь у ХХ стагоддзі ў памяці жыхароў краіны, — распавёў навукоўца. — Галоўным чынам, згадваючы сваё жыццё, людзі распавядалі пра падзеі апошняй сусветнай вайны, пра нямецкую акупацыю Беларусі, 1944 год… Я адну рэч заўважыў, што ў тых успамінах практычна не было ўспамінаў пра перамогу. Беларусы, якія перажылі тую вайну, не згадвалі 1945 год наогул. Не згадвалі нават тыя, хто ваяваў на фронце і вярнуўся. І для мяне гэта быў момант нават шоку. То-бок гэта была гісторыя народа, які проста не адчуў перамогі. Які быў у гэтай вайне з 1939 года, перажыў такія вялізарныя трагедыі, а перамогі не адчуў. Тое, што адбылося ў 1945 годзе, у маі і пазней для жыхароў беларусі, усяго постсавецкага рэгіёна, гэта была скрадзеная перамога. Вельмі добра пра гэта ў свой час напісаў Васіль Быкаў. Ёсць у яго такое невялічкае эсэ «Скрадзеная перамога», што вялікімі намаганнямі людзей, іх крывёй і жыццём была дасягнутая перамога над нацысцкай Германіяй, але яе вынікі былі скрадзеныя ўладамі, якія яшчэ больш умацавалі таталітарны сталінскі рэжым. Людзі нават не адчулі, што перамаглі. Можа, у гэтым быў і разлік тагачаснай улады. Народ-пераможца, які раптам аказаўся ў сітуацыі, якая была ў 1930-я гады, — народа-закладніка вялікай палітыкі камуністычнай эліты».
«Вайна ва Украіне — гэта злачынства супраць належнай памяці пра Другую сусветную вайну»
Навуковы супрацоўнік кафедры публічнай гісторыі Гістарычнага інстытута Фернуніверсітэта (Хаген, Германія) Аляксей Братачкін лічыць, што пакаленне 1960-х, 1970-х, 1980-х жыло ў паваенным свеце, які зараз разбурылі.
«Пасля «аксамітавых рэвалюцый», падзення Берлінскай сцяны і распаду СССР, здавалася, скончылася сітуацыя, якая вынікала з Другой сусветнай вайны, скончыўся ваенны і паваенны гвалт у Еўропе. Аднак гэты аптымізм стаў паступова згасаць, бо Еўропа сутыкнулася з новымі праблемамі, новым гвалтам, хоць і значна меншага маштабу. Кожны раз гэты гвалт (прыкладам, у былой Югаславіі) спрабавалі ўрэгуляваць і спыніць.
Нейкі час пасля фіналу СССР 9 траўня святкавалі як дзень, калі мы адчувалі сапраўдны цень вайны, і ніхто не хацеў нічога «паўтарыць». Але сёння, і ўжо дастаткова доўгі час, мы бачым мілітарызацыю памяці пра вайну (перадусім сярод палітыкаў у Расіі, і, на жаль, у Беларусі), маніпуляцыі, якія злучаны з гэтай памяццю і пачатак новай вайны.
Мне здаецца, што вайна ва Украіне — гэта злачынства супраць належнай памяці пра Другую сусветную вайну. Думаю, што ва ўсіх павінен быць выбар, які дзень яны святкуюць, 8 траўня і/ці 9 траўня. Але вельмі хочацца, каб гэты выбар быў асэнсаваным, накіраваным да міру, а не цынічным выкарыстаннем памяці пра вайну».
«Памяць пра вайну ў гэтай форме дашчэнту дыскрэдытавалі»
Кандыдат гістарычных навук Алесь Пашкевіч бачыць глыбокі ідэалагічны сэнс у тым, што на большай частцы постсавецкай прасторы адзначаюць дзень перамогі над нацысцкай Германіяй не 8 мая, як ва ўсім іншым свеце, а на дзень пазней.
«Саюзніцтва паміж таталітарным СССР і заходнімі дэмакратыямі растварылася ў паветры адразу пасля таго, як зніклі агульныя ворагі, — звяртае ўвагу гісторык. — У савецкай інтэрпрэтацыі перамогі дасягнутая яна была савецкім народам ледзь не аднаасобна, заходнія саюзнікі добра калі не заміналі. І розніца ў датах канчатковай капітуляцыі Германіі добра клалася ў агульную канву.
За гады савецкай улады святкаванне Дня перамогі менавіта 9 мая стала традыцыяй. І, магчыма, нічога шкоднага ў гэтым не было б, каб Расея з прыходам да ўлады Пуціна не вярнулася на рэйкі аднаўлення імперыі, а непераасэнсаваная савецкая канцэпцыя не стала адным з нарожных камянёў для культывавання імперскай пыхі ў звыродлівай форме «победобесия» і «можем повторить».
У Беларусі ад самага прыходу Лукашэнкі да «Вялікай Перамогі» таксама прызвычаіліся апеляваць для апраўдання самых адыёзных дзеянняў, тым самым памяць пра вайну ў гэтай форме дашчэнту дыскрэдытавалі. У ёй усё забіў панылы афіцыёз.
І з гэтым ужо нічога не зробіш. Калі 30 ці нават 20 гадоў таму яшчэ можна было спадзявацца, што савецкая канцэпцыя «Вялікай Айчыннай» можа з часам эвалюцыянаваць у нешта больш прыстойнае, то цяпер такіх ілюзій захоўвацца не павінна. Памяць пра Другую сусветную вайну і яе ахвяры мусіць намі захоўвацца, але яе савецкая форма, скіраваная на супрацьпастаўленне заходняму свету, у новых умовах павінна быць абавязкова дэмантаваная. І чым хутчэй пазбавяцца ад ілюзій тыя, хто на гэты конт іх яшчэ захоўвае – тым лепей».
Пазнаёміцца з меркаваннямі іншых даследчыкаў па пытанні можна тут.
***
Да слова. Сёння ў прамым эфіры акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі, кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі і прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык працягнуць абмеркаванне па тэме, якая дата больш пасуе для Беларусі. Размова будзе транслявацца ў акаўнце Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: