Лабараторыя даследаванняў візуальнай культуры і сучаснага мастацтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў верасні ладзіць міждысцыплінарную канферэнцыю, на якой прапануе асэнсаваць спадчыну беларускага пісьменніка. Падаць заяўку на ўдзел можна да 10 ліпеня.
«Жыццёвы і мастацкі свет выбітнага беларускага пісьменніка Васіля Быкава структураваны лініяй фронту, як асабістага, так і палітычнага, — акрэсліваюць кірунак навуковай падзеі арганізатары. — У драматычна насычаных аповесцях і раманах Быкава героі размяшчаюцца адносна лініі фронту, незалежна ад таго, ці сустракаюцца яны з ёю або пераходзяць яе. У асноўным гэта не тая фізычная лінія, якую можна намаляваць на стратэгічнай ваеннай мапе: хутчэй, гэта лінія, за якой ляжыць варожы сьвет. Гэтая лінія можа праходзіць па прасёлкавай дарозе побач з вёскай пасярод акупаванай тэрыторыі. У той жа час лінія можа праходзіць «па псіхіцы» яго герояў у моманты іх экзістэнцыяльнага крызісу».
Лабараторыя даследаванняў візуальнай культуры і сучаснага мастацтва прапаноўвае шэсць тэмаў для выступоўцаў, у тым ліку наступную: «Спадчына Васіля Быкава і палітыка памяці ў Беларусі: да і пасля 2020 года».
Да ўдзелу запрашаюцца як навучэнцы і выпускнікі ЕГУ, так і незалежныя даследчыкі і аспіранты. Прадугледжваецца магчымасць анлайн-выступу.
Канферэнцыя адбудзецца 14-15 верасня.
Падрабязней пра падзею тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram