Фота: тэлеграм Belarus Passport Center.
Сімвал беларускай непахіснасці ХХ стагоддзя Ларыса Геніюш атрымала Нацыянальны пашпарт Беларусі (пашпарт вольнай Беларусі). Дакумент быў падрыхтаваны і выдадзены Беларускім пашпартным цэнтрам пасмяротна са згоды сям’і паэткі — яе ўнука. Гэта падзея стала сімвалічным адказам на рэпрэсіі супраць спадчыны паэткі і грамадскай дзяячкі ўнутры краіны.
На жаль, у сучаснай Беларусі імя Ларысы Геніюш дагэтуль застаецца мішэнню для ідэалагічных атак. Паэтка не была рэабілітаваная ні ў савецкі час, ні пасля абвяшчэння незалежнасці. Больш за тое, пасля 2020 года супраць яе памяці пачалася маштабная кампанія «ачарнення».
У роднай вёсцы паэткі быў прымусова дэмантаваны помнік, які стаяў на тэрыторыі храма. Сёлета пераслед дайшоў да абсурду: мінская пракуратура назвала «рэабілітацыяй нацызму» звычайныя ёлачныя цацкі з выявай Геніюш, якія прадаваліся ў сталічнай «Каляднай краме». Прадукцыя была канфіскаваная з продажу пасля «маніторынгу Інтэрнэту» прапагандыстамі, якія палічылі дэманстрацыю твару паэткі злачынствам.
Выдача пашпарта Беларускім пашпартным цэнтрам стала сімвалічным адказам на спробы афіцыйнага Мінска выкрасліць Геніюш з гісторыі. Гэта акт прызнання яе вернасці ідэалам БНР, якім яна не здрадзіла нягледзячы на лагеры ГУЛАГу. Калісьці яна адмовілася ад савецкага пашпарта, каб застацца вернай Беларусі — 31 снежня, у апошні дзень мінулага году, Беларускі пашпартны цэнтр апублікаваў дакумент, які магла бы мець беларуская паэтка і пісьменніца.
Унук Ларысы Геніюш, Міхаіл, адзначыў знакавасць гэтага моманту:
«Мая бабуля сваім жыццём даказала, як можна і як варта паступаць. Ёй належыцца пашпарт незалежнай Беларусі, якога яна так і не дачакалася пры жыцці».
Нацыянальны пашпарт Беларусі — праект, закліканы забяспечыць правы беларусаў, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі і абмежаваннямі рэжыму, — праз гэты крок дэманструе сваю глыбінную сувязь з гісторыяй. Калі савецкая і сучасная сістэмы лічылі і лічаць Геніюш «непажаданай асобай» ці «апатрыдам», то новая нацыянальная інстытуцыя прызнае яе паўнапраўнай грамадзянкай.
«Спадарыня Ларыса, вы — грамадзянка вольнай Беларусі. Цяпер і назаўсёды», — падкрэслілі стваральнікі пашпарта.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram