Аргкамітэт літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» вызначыў найлепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года 2024 года. Ёй стаў зборнік вершаў «Аранжавы» паэта, літаратуразнаўца і перформера Віктара Жыбуля. Пра гэта паведаміла «Радыё Рацыя».
Кніга «Аранжавы» выдадзена ў берлінскім выдавецтве hochroth Minsk.
Віктар Жыбуль нарадзіўся ў 1978 годзе ў Менску. Ён адзін з найбольш вядомых беларускіх паэтаў-авангардыстаў новай генерацыі, які спалучае эксперыментальны падыход з арыгінальным гумарам. У сваёй творчасці спрабуе не толькі гуляць са словам, але і камбінаваць хімічныя, біялагічныя, матэматычныя і фізічныя паняцці, апяваць урбаністычныя рэаліі і экзістэнцыйныя праблемы. Акрамя таго, ён даўно і прадуктыўна працуе ў жанры паліндрому.
«Гліняны Вялес» – найстарэйшая беларуская незалежная літаратурная прэмія, заснаваная ў 1993 годзе Таварыствам вольных літаратараў. Прысуджаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва. Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.
Сярод мінулых лаўрэатаў прэміі — Валянцін Акудовіч, Міхал Андрасюк, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Пятро Васючэнка, Наста Кудасава, Алег Мінкін, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Віктар Сазонаў, Юры Станкевіч і інш.
«Упершыню ў шорт-ліст прэміі не трапіла ніводная кніга, выдадзеная ў Беларусі, — заўважае «Радыё Рацыя». — Кнігі, якія вылучаны на прэмію, выходзілі ў Лондане, Берліне, Вільні, Варшаве, Беластоку».
З дзесяці вылучаных кніг – тры прозы і сем паэзіі.
Кароткі спіс прэміі можна паглядзець тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram