Макс Шчур. Фота: racyja.com
Аргкамітэт літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» вызначыў найлепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года 2025 года. Ёй стаў беларускі паэт, які жыве ў Чэхіі, Макс Шчур за паэтычны зборнік «Чайны збор» (SayBeat, Варшава). Дарэчы, кніга ўваходзіла ў шортліст літаратурнай прэміі імя Наталлі Арсеньевай.
У шорт-спісе прэміі «Гліняны Вялес» за 2025 год былі два раманы, адзін зборнік апавяданняў, адна кніга п’ес, адна рэпарцёрская і адна эсэістычная кніга; а таксама тры кнігі паэзіі.
«Гліняны Вялес» – найстарэйшая беларуская незалежная літаратурная прэмія, заснаваная ў 1993 годзе Таварыствам вольных літаратараў. Прысуджаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва. Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.
Сярод мінулых лаўрэатаў прэміі — Валянцін Акудовіч, Міхал Андрасюк, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Пятро Васючэнка, Наста Кудасава, Алег Мінкін, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Віктар Сазонаў, Юры Станкевіч і інш.