Куратарка і арт-менеджарка Вольга Мжэльская распачала відэапраект пра беларускае мастацтва «Размовы маленькага геданіста»

«Размовы маленькага геданіста» — так будзе называцца новы відэапраект пра беларускае мастацтва куратаркі і арт-менеджаркі, аўтаркі блога Little gedonist ( «Маленькі геданіст») Вольгі Мжэльскай. Ад сёння пілот новага праекта можна глядзець у Instagram i Tiktok.

«У кароткіх відэа я буду расказваць пра беларускае мастацтва: рэпартажы з выстаў, дыялогі з артысткамі і артыстамі, пэўныя ўрыўкавыя думкі ці рэакцыі на падзеі, — прадстаўляе сваю новую працу ў сацсетках беларуская арт-дзяячка. — Я б хацела паспрабаваць злавіць гэты час за яго гузікі, — дадае яна. — У культуры адбываецца шмат працэсаў, і яны дужа хуткія і хаатычныя. Я не ў стане асягнуць усё, але хачу ўхапіцца за тое, што мне даступна і цікава. Таму выбар падзеяў і персанажаў будзе вельмі суб’ектыўны», — адзначае Вольга.

Разам з Вольгай Мжэльскай над праектам працуе аператар Алекс Скідан.

Спасылкі на запрашэнне да відэапраекта можна паглядзець тут і тут.

Вольга Мжэльская — куратарка, арт-менеджарка, журналістка, PR-менеджарка, сузаснавальніца ініцыятывы Dyslexia Belarus. Жыве ў Варшаве. Апошнія праекты, якія курыравала дзяячка — выстава Ігара Цішына «Дом, у якім разлятаюцца сцены. Паміж двума імгненнямі» ў Музеі вольнай Беларусі, выстава «209 дзён шэрага» Ташы Кацуба ў галерэі Galeria Promocyjna; проста зараз куратарка рыхтуе да адкрыцця выставу Рамана Камінскага «Past Garden» у HOS gallery. Актыўна займаецца прамоцыяй беларускіх мастакоў і мастацтва.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.