Сузаснавальнік ФШ1 Андрэй Дубінін. Фота: Reform.news.
У варшаўскай кавярні Turnus 25 кастрычніка адбылося святкаванне дзесяцігоддзя фатаграфічнай платформы ФШ1. Павіншаваць ініцыятыву прыйшло некалькі дзесяткаў чалавек — заснавальнікі, фатографы, мастакі і сябры супольнасці сабраліся разам, каб адзначыць юбілей, падвесці вынікі і паказаць, чым жыве беларуская незалежная фатаграфія ў эміграцыі.
Дзесяць гадоў таму ў Мінску пяцёра энтузіястаў стварылі Школу фатаграфіі (ФШ1), якая першапачаткова грунтавалася на прасторы «Студыя 67» і факусавалася на фотаадукацыі. Аднак пасля 2020 года і вымушанага ад’езду каманды з Беларусі праект апынуўся на паўзе.
Новая глава арганізацыі пачалася ў 2023 годзе ў Варшаве: каб працягнуць працаваць на карысць супольнасці, ініцыятыва трансфармавалася ў міжнародную платформу. Цяпер яе мэта — зрабіць беларускіх аўтараў больш бачнымі ў свеце. Для гэтага каманда запісвае падкасты, рыхтуе публікацыі на розных мовах, арганізуе жывыя размовы, артыст-токі і будуе міжкультурныя сувязі.
Як адзначыў у сваёй прамове сузаснавальнік ФШ1 Яўген Атцецкі, вяртанне да праекта стала адказам на асабісты досвед эміграцыі:
«Маё асабістае адчуванне таго, што такое быць без кам’юніці, прывяло да думкі, што гэтае пачуццё ёсць у шмат якіх беларускіх фатографаў. Быць у эміграцыі і заставацца творчай асобай — вельмі цяжка. Таму для нас важна заставацца ў творчасці і падтрымліваць адзін аднаго».
Сёння ФШ1 працуе ў новым фармаце, выбудоўваючы сувязі з еўрапейскай фатаграфічнай інфраструктурай. Асаблівую падзяку каманда выказала сваім польскім партнёрам — фундацыі Picture Doc (і прасторы Duży Pokój) ды кавярні Turnus, якія сталі пляцоўкамі для рэалізацыі ініцыятывы.
Польскія калегі адказалі такім жа цёплым прызнаннем. Прысутная на святкаванні прадстаўніца фундацыі Picture Doc Юлія Клеванец павіншавала каманду з юбілеем і звярнулася да прысутных з заклікам падтрымаць беларусаў:
«Тое, што вы робіце, надзвычай важна для ўсіх беларускіх творцаў і для беларускай культуры. Гэта ўнікальная, але і вельмі цяжкая праца, якая вымагае вялікага самаахвяравання. Таму вашу супольнасць трэба падтрымліваць. Мы часта гартаем Instagram і думаем: “Які прыгожы профіль, як ён натхняе!”, але за гэтым стаіць цяжкая праца людзей. Зычу вам сто гадоў!».
Кульмінацыяй святкавання стаў мастацкі кірмаш, дзе можна было набыць работы беларускіх аўтараў і незалежных выдавецтваў (у тым ліку арт-выданняў TAMAKA і кніг сучаснай літаратуры ад «Мяне няма»). Сярод аўтараў, чые творы былі прадстаўленыя на кірмашы, — Іра Арахоўская, Яўген Атцецкі (з здымкамі Мінска 2015–2020 гадоў), Каця Смурага, Глеб Бурнашаў і Alexandra Se Glück.
Арганізатары нагадалі галоўны пасыл ініцыятывы — «Купляйце ў жывых аўтараў» — і заклікалі падтрымліваць супольнасць ), бо на дадзены момант праект функцыянуе без сталага фінансавання.
Акрамя таго, ФШ1 застаецца адкрытай гарызантальнай платформай для калабарацый: кожны фатограф ці мастак можа прыйсці са сваёй ідэяй і далучыцца да новых праектаў супольнасці.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram