Наступнай пастаноўкай рэжысёра «Купалаўцаў» Аляксандра Гарцуева стане спектакль па кнізе «Плошча Перамогі» Альгерда Бахарэвіча. Пра гэта рыжысёр паведаміў у інтэрв’ю Радыё Ўнэт: «Зусім нядаўна я скончыў інсцэніроўку па раману Бахарэвіча, які называецца «Плошча Перамогі». Гэта фантазійны раман, дзеянне якога адбываецца, па знешніх прыкметах, ці то ў ХVІІІ стагоддзі, ці то ў наш час. Нейкі сярэднявечны горад, а імёны ці то беларускія, ці то нямецкія… Ці, як напісаў аўтар у прадмове, усё гэта адбывалася невядома калі і невядома дзе».
«Плошча Перамогі» Альгерда Бахарэвіча – гэта метафарычная прыпавесць пра маніпуляванне свядомасцю з дапамогай канцэпту «перамога». Ідэя кнігі ўзнікла пасля паўстання 2020 года, з разважанняў пра тое, ці можам мы гаварыць пра падзеі ў Беларусі ў катэгорыях нечай паразы або перамогі. «Аднойчы восеньскім вечарам, курачы на бальконе нашай аднапакаёўкі, я раптам пабачыў перад сабой у цемры лясную дарогу і жаўнера на ёй, — расказваў Альгерд Бахарэвіч для Радыё Свабода, — і пачуў гук жалейкі. І імгненна прыдумаў гісторыю, у якой адзін вястун хлусіць, каб уратаваць сабе жыцьцё. Несумненна, гэтую дзіўную мрою справакавалі беларускія падзеі. Мы ўсе паўсталі ў 2020-м ня толькі супраць гвалту, але й супраць хлусьні».
Кніга выйшла ў 2021 годзе ў электронным фармаце і была названая найлепшай прозай года, паводле Радыё Свабода. Цяпер да друку рыхтуецца яе папяровы варыянт.
Калі выйдзе спектакль, яшчэ невядома: ідзе пошук сродкаў, пляцоўкі, падбор акцёраў, якія жывуць не толькі ў Варшаве, але і ў іншых гарадах Польшчы.
Аляксандр Гарцуеў патлумачыў, што ёсць запатрабаванасць у спектаклях «Купалаўцаў», аднак існуюць праблемы з пляцоўкамі, якія паступова вырашаюцца: «Мы спадзяемся, што мы знойдзем сваё месца ў афішы Варшавы», — падсумоўвае рэжысёр.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram