Фота: сацсеткі ўніверсітэту.
Заўтра, 12 красавіка, Варшаўскі ўніверсітэт ладзіць Дзень адчыненых дзвярэй. Беларускія абітурыенты змогуць даведацца пра ўсе магчымасці паступлення, у тым ліку на кафедру беларусістыкі факультэта прыкладной лінгвістыкі.
Кафедра беларусістыкі дзейнічае пры Варшаўскім універсітэце з 1956 года — ужо амаль 70 гадоў. Да яе стварэння і развіцця спрычыніліся многія выбітныя асобы, сярод якіх першая амбасадарка Польшчы ў незалежнай Беларусі прафесар Эльжбета Смулкова.
Як адзначае супрацоўніца кафедры, кандыдат філалагічных навук Вольга Трацяк, кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта з’яўляецца адзінай у свеце па-за межамі Беларусі.
«Наша кафедра прапануе спецыяльнасць „беларуская філалогія з вывучэннем англійскай мовы“. Мы рыхтуем спецыялістаў — мовазнаўцаў або літаратуразнаўцаў. Па гэтай спецыялізацыі студэнты абараняюць дыплом бакалаўра або (на наступным этапе) магістарскую працу. Гэта даволі шырокі профіль. Акрамя таго, універсітэт дае магчымасць выбіраць разнастайныя цікавыя прадметы, у тым ліку і іншыя мовы, што пашырае прафесійныя перспектывы. Студэнты таксама маюць шырокія магчымасці ўдзелу ў міжнародных абменах», — кажа Вольга Трацяк.
Важна: для абітурыентаў са статусам міжнароднай абароны ў Польшчы навучанне ў Варшаўскім універсітэце з’яўляецца бясплатным, калі яны праходзяць конкурсны адбор. Таксама няма ўзроставых абмежаванняў для паступлення на любую ступень навучання.
Падрабязней пра ўмовы паступлення і магчымасці навучання, у тым ліку на аддзяленні беларусістыкі факультэта прыкладной лінгвістыкі, можна будзе даведацца 12 красавіка (субота) з 10:00 да 16:00.
Месца правядзення: галоўны кампус Варшаўскага ўніверсітэта, Warszawa, ul. Krakowskie Przedmieście 26/28.
Дазнацца больш тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram