Маладая мастачка Кацярына Пашкевіч над сваім апошнім праектам працавала зусім нядоўга – каля чатырох месяцаў.
«Што застаецца ад нашай асобы, калі мы знаходзімся ва ўладзе калектыўнай эйфарыі?» – задала яна сабе пытанне і пачала разважаць на гэту тэму на старонках свайго візуальнага дзённіка. Напісала маленькія палотны – крыху большыя за старонкі дзённіка, пасля некалькі вялікіх. Пасля вырвала старонкі дзённіка і прымацавала іх на сцяну галерэі, выразала абрысы людзей, падвесіла іх да сцяны.
Вялікія палотны сталі акцэнтамі экспазіцыі.
Па розных паверхнях – паперы і палатна – прабягае пужлівы алень, збіраюцца людзі для выканання нейкіх, часам зразумелых, часам загадкавых калектыўных дзеянняў, апранаюць уніформу, разам маўчаць ці пагружаюцца ў таямніцу сузірання, апынаюцца ў адзіноце на краі выбару ці шукаюць паратунку.
«Харысты, вучні закрытых школ, удзельнікі магічных і рэлігійных абрадаў, гульцы адной каманды-вобразы, вакол якіх я хаджу, нібы па спіралі, разглядаючы знешнія атрыбуты і спрабуючы зразумець унутранае ўладкаванне» – мастачка пагружае гледача ў экзістэнцыйныя станы, пры гэтым пакідае яго самастойна разбірацца са сваімі карцінамі, бо стварае наўмысна недаказаныя вобразы.
Кацярына вучылася на мастака кіно – і гэта адразу не скажаш, таму што яна смела працуе з колерам, практыкуе раскошнае і тонкае пісьмо, з лірычнымі нюансамі і драматычнымі кантрастамі.
Аднак кінасюжэты ляжаць дзесьці ў глыбіні гэтых вобразаў, як і характар пабудовы твораў абумоўліваецца шмат у чым кінасцэнаграфіяй. Выпісаныя ў карцінах плоскасці размяшчаюцца пад рознымі нахіламі, нечаканы антураж, павароты дарог – у гэтае царства крывых люстэрак змяшчаюцца героі, каб апынуцца ў ілюзорнасці і шукаць выйсця. І гэта заўсёды недаказанасць, заўсёды рух і пераходныя станы – нібы скончылася адна сцэна, а зараз мусіць пачацца іншая, а мы заміраем у чаканні і не зусім разумеем, што здарылася. Аднак наш эмацыйны стан чамусьці супадае з мастакоўскім – так часта бывае, калі чытаеш старонкі чужога дзённіка.
У яе візуальных дзённіках часам з’яўляюцца словы, яны складаюцца ў фразы і перакрываюць выявы, блытаюцца з імі. Аднак прамоўленае ў словах адступае, і тады форма пачынае жыць сваім жыццём. Яе вобразы складаюцца ў няпэўныя, мігатлівыя калажныя кампазіцыі – перад некім яны раскрываюць свой змест, а некаму недаступныя.
Самае неверагоднае ў гэтай экспазіцыі – складаная сцэнаграфія самой выставачнай прасторы. Выстава раскрываецца перад намі на розных узроўнях – на давяральна-інтымным – у россыпе каляровых дзённікавых старонак і на больш іерархічна выбудаваным – у карцінах, але рэхам і паўтаральным вобразам, які нібы ўспышка маланкі яднае ўсю гэтую прастору, з’яўляецца вобраз аленя. Ён як пячатка ці аўтарскі подпіс фіксуе агульны настрой трывожнай імклівасці.
Адшукаць ключавыя кропкі тут зусім няпроста. Сюжэты здаюцца няпэўнымі, выпадковымі. Можа, гэта кампазіцыя з татэмным аленем, прынамсі гэта карціна самая вялікая? Цікавы сюжэт, калі ружовы каўнерык уніформы ператвараецца ў ярмо, аднак гісторыя не такая і адназначная, можа, гераіню ўсё задавальняе? А магчыма, самае важнае тут невялікае палатно, дзе голая дзяўчына трымае ў руках адзенне, якое збіраецца апрануць. Зараз яна разгорне яго, апранецца і стане сацыяльнай «адзінкай», максімальна непрыкметна ўпішацца ў вялікі калектыў. А пакуль яна сам-насам з сабой, вельмі крохкая ў стане максімальнай няпэўнасці.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram