Конкурс на ўсталяванне манумента на Кастрычніцкай плошчы Мінска выйграў аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам скульптара Канстанціна Касцючэнкі

Міністр культуры Анатоль Маркевіч на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы расказаў, што над скульптурнай кампазіцыяй цяпер працуе аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам Канстанціна Касцючэнкі.

Манументальны праект будзе прысвечаны адзінству беларускага народа. У цэнтры кампазіцыі плануюць размясціць фігуру, якая ўвасабляе Беларусь, са сцягам у адной у руцэ і дзіцем — у другой. Вакол яе будуць размешчаны фігуры — вобразы абласцей. Барэльефы на пастаменце цэнтральнай фігуры будуць апавядаць пра розныя перыяды беларускай гісторыі.

Праект, а яго назва, як і назва цэнтральнай фігуры, яшчэ прапрацоўваюцца.

Пакуль на папярэдніх эскізах мы бачым ідэалагічны канцэнтрат дзяржаўнай палітыкі.

Беларуская культура прадстаўлена сялянкай, дэмаграфічная палітыка — дзіцем, а ідэалогія — сцягам.

Вычышчаная гісторыя дзяржавы будзе прадстаўлена на пастаменце цэнтральнай фігуры барэльефамі, а адзінства тэрыторыі — фігурамі — сімваламі абласцей.

Нагадаем, што паставіць помнік народнаму адзінству прапанаваў у лютым 2021 года Аляксандр Лукашэнка.

Восенню 2021 года Міністэрства культуры аб’явіла новы конкурс эскізных праектаў скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай адзінству беларускага народа, якая павінна быць размешчана на Кастрычніцкай плошчы Мінска.

Папярэдні конкурс, абвешчаны яшчэ ў ліпені, скончыўся безвынікова: журы прыняло рашэнне не вызначаць пераможцу і пачаць конкурс паўторна.

Увосень 2022 года сем скульптараў і аўтарскіх калектываў прадставілі свае эскізы міжведамаснай рабочай групе, праекты былі адпраўлены на дапрацоўку.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!