«Колеры Балтыкі распускаюцца ў агульнай гаме сярэднявечных фрэсак»: выстава Марыі Алены Банэт адкрылася ў італьянскім храме XII стагоддзя

У італьянскай царкве Санта-Марыя-Маджорэ ў мястэчку Сант-Элія-Фьюмерапіда адкрылася выстава Марыі Алены Банэт «Заручыны з морам».

Праект уключае ў сябе фатаграфіі, створаныя з выкарыстаннем гістарычнай тэхнікі, мастацкія відэа і паэтычныя тэксты, перакладзеныя на італьянскую мову.

Экспазіцыя выставы «Заручыны з морам». Фота: Марыя Алена Банэт.

У «Заручынах з морам» закладзены вельмі асабісты аповед, які пераносіць гледача ў метафарычнае падарожжа ва ўнутраны свет мастака ў пошуках сапраўднай сутнасці.

«Апраўленая фрэскамі выстава загучала па-новаму, — каментуе сваю выставу мастачка. — Шлях ад крыніцы да крыніцы праз Балтыйскае халоднае мора адкрыў новы этап — вырошчванне саду. Відэа і фотаработы з праекта «Заручыны з морам», створаныя ў Марыяцкім касцёле ў Гданьску, уваходзяць у дыялог з жывапісам на сценах царквы. Колеры Балтыкі на працах распускаюцца ў агульнай гаме сярэднявечных фрэсак і сцен, як сустрэча і прыняцце інтымнага разумення сябе і сваёй свабоды, дзе храмам можа быць – і мора, і сад. Пігменты з натуральных мінералаў, якія я выкарыстоўвала для стварэння работ, я знаходзіла ў адценнях жывапісу на сценах. Мне важна было ўбачыць, як выстава раскрываецца, нібы споведзь, у гэтай царкве і дыхае, акружаная прыродай».

Экспазіцыя выставы «Заручыны з морам». Фота: Марыя Алена Банэт.

Арт-відэа праекта было агучана кампазіцыяй Віктара Сямашкі, запісанай у Кракаве падчас першага паказу.

Куратаркай выставы з’яўляецца Вольга Кліп.

Мастачка наведала Італію у рамках рэзідэнцыі пры падтрымцы праекта Мост +.

Цяпер яна працуе ў Італіі над новым мастацкім праектам, прысвечаным саду – як канцэпцыі жыцця. Яго мэта — раскрыць шматслойнасць чалавечага існавання і паслядоўныя этапы выспявання асобы.

Экспазіцыя выставы «Заручыны з морам». Фота: Марыя Алена Банэт.

Ідэя новага праекта ўзнікла ў жніўні мінулага года ў Кракаве, дзе яна прадстаўляла тую ж выставу «Заручыны з морам». У той час яна завяршыла навуковы стаж у Варшаўскім універсітэце і дапісала працу пад назвай «Алхімія творчасці. Значэнне мануальных тэхнік фатаграфіі ў фарміраванні аўтарскай мовы ў лічбавую эпоху». Як навуковая праца, так і творчая ахоплівалі яе даследаванні ў сферы аналагавай фатаграфіі і гістарычных тэхнік друку ў філасофскім кантэксце: як пакрокавы працэс тварэння фатаграфіі ўплывае на развіццё ўнутранага бачання. Абапіраючыся на свой вопыт і інтэрв’ю з артыстамі, якія яна праводзіла падчас навуковага стажу, мастачка паглыблялася ў алхімічныя якасці творчасці – як інструмент развіцця і росту асобы.

Экспазіцыя выставы «Заручыны з морам». Фота: Марыя Алена Банэт.

«У той ціхі жнівень, пасля двух гадоў працы з Балтыйскім морам – у глыбіні Кракаўскага саду я пражывала ледзь не фізічна стан плато або выхаду з кокана, з лялячкі матылька, — згадвае мастачка. — Эфект пройдзенага творчага шляху да мора адкрываў мне ідэю саду, саду, у якім я садоўнік і сама з’яўляюся садам».

Адначасова да яе прыйшла ідэя візуальнага вобраза: «Калі я яшчэ жыла ў Мінску, у жніўні матылькі часта заляталі да мяне ў кватэру – зімаваць. Або паміраць. Памятаю, як мяне кранаў гэты давер, — расказвае пра канцэпцыю новага праекта Марыя Алена Банэт. — І вось у маю Кракаўскую мансарду заляцеў матылёк і сеў на руку. З адчуваннем адліпаючай скуркі чарговага кокана я ўпершыню стала думаць пра скульптуру, каб выказаць гэта візуальна. Паспрабаваўшы розныя інструменты і не знайшоўшы адпаведнага, паехала ў Італію – за новым матэрыялам.

Я апынулася ў невялікай вёсцы, акружанай гарамі і аліўкавымі гаямі, пабачыла выток хуткай ракі Ф’юмерапіда, у гонар якой названая вёска.

Італія аказалася правільным месцам — і мой сад стаў развівацца. Я знайшла неабходны мне раслінны матэрыял для стварэння скульптур. Аліўкавы гай з антычнымі дрэвамі, поўнымі смагі і зацятасці да жыцця, стаў маёй галоўнай галерэяй для работ».

Новы праект «Tu sei il Giardino» атрымаў падтрымку ад Power Belarus, і цяпер скульптура будзе суправаджацца гукамі і музыкай, над якімі аўтарка працуе сумесна з кампазітаркай Вольгай Падгайскай і гітарысткай Наталляй Ліпніцкай.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!