Код і матэрыя жывапісу: пасляслоўе да выставы без назвы Лявона Тарасэвіча

Главное
Твор Лявона Тарасэвіча на выставе ў галерэі Monopol. Фота: reform.by.

У варшаўскай галерэі Monopol адкрылася выстава жывапісу аднаго з найбольш вядомых мастакоў Польшчы, беларуса па паходжанні Лявона Тарасэвіча – невялікая колькасць палотнаў розных памераў на белых галерэйных сценах. Выставу зладзілі ў так званым «белым кубе»: работы выцягнулі з хаосу майстэрні, пазбавілі слядоў «бруднага» творчага працэсу і акуратна развесілі. Даволі экзатычны фармат для мастака, які працуе з фарбаваным цэментам і залівае музейныя лесвіцы і кляшторныя сады рознакаляровай акрылавай тынкоўкай!

Галерэйны «белы куб» — стратэгія, супрацьлеглая ўпусканню гледача ўнутр артэфакта, збудаванага як лабірынт ці асобная канструкцыя, і агаленню рабочых момантаў творчасці. Таму, каб зразумець экспрэсіўныя і адначасова канцэнтравана-сузіральныя палотны на сценах невялікай галерэі Monopol, важна прасачыць мастакоўскі шлях, надзвычай дынамічны, але лагічны, забазаваны на падставовых прынцыпах і перакананнях.

Рамка для бясконцага краявіду

Лявона Тарасэвіча яшчэ ў студэнцкія гады захаплялі вялікія маштабы, таму ён маляваў птушак непасрэдна на сценах галерэі і склейваў між сабой гіганцкія аркушы паперы.

Па заканчэнні Варшаўскай Акадэміі мастацтваў у 1984 годзе ён распрацоўвае асаблівую форму карціны: геаметрызаваную і рытмізаваную адаптацыю прыроды на плоскім палатне. Кампазіцыі гэтых твораў адкрытыя, краі палатна мастак прынцыпова «не заўважаў».

Сярод матываў – барозны, што сыходзілі ў нікуды, дрэвы бясконцага лесу. Аўтар вывучаў структуры розных ландшафтаў, шукаў іх колеравы код. У колер верыў, паклаўшы яго ў аснову сваіх мастакоўскіх даследаванняў. Таму дасюль не дае сваім творам назваў, мяркуе, што «карціна заўсёды павінна абараняцца жывапісам і толькі жывапісам».

Код і матэрыя жывапісу: пасляслоўе да выставы без назвы Лявона Тарасэвіча
Лявон Тарасэвіч. Без назвы. 1987. Фота: Galeria Arsenał w Białymstoku.

Чым ёсць мастацтва, як не ўпарадкаваннем хаосу? Гэта асабліва разумееш, разглядаючы раннія творы Тарасэвіча – фрагменты бясконцай прыроднай прасторы, прыручаныя, структураваныя яе адбіткі. І што зацвярджае мастацтва ў яго падставовых матэрыяльных асновах, як не аб’ект, да якога можна дакрануцца ці ўзяць у руку?

Верагодна, паводле гэтай логікі і рухаўся мастак, калі з усяго інвентару жывапісца вылучыў фарбу і склаў яе у прасторавыя формы. Колер, набыўшы форму і аб’ём, загучаў больш выразна, упэўнена і пераканальна.

Код і матэрыя жывапісу: пасляслоўе да выставы без назвы Лявона Тарасэвіча
Выстава ў галерэі Biała. Фота: Galeria Biała.

Засваенне прасторы і яе маркіроўка

Што такое фарбы, якія, злучаныя рукой мастака, ствараюць карціну? Гэта проста нейкі колер у выглядзе пігмента, звязаны з рэчывам, якое гэта ўсё склейвае, – тлумачыць Тарасэвіч у каталогу да выставы 2003 года ў галерэі Biała. Што ён хоча давесці? Што задача мастацтва для яго не заключаецца ў тым, каб ствараць жывапісныя ілюзіі рэальнага жыцця. Яна ў тым, каб прадукаваць абсалютна рэальныя новыя формы жыцця, надзеленыя небанальным зместам.

У тым жа тэксце аўтар апісвае сваю творчую эвалюцыю і пошук новага матэрыялу, які значна пашырыў яго мастакоўскі інструментарый і радыкальна вывеў жывапіс у аб’ём: «Павольна карціна перайшла ад папяровай плоскасці да сцен галерэі, каб анексаваць столі, падлогі, слупы, калоны… Пачалі стварацца штучныя калідоры, лабірынты… З галерэі карціна стала выходзіць у знешнія прасторы, адаптуючы фасады будынкаў, тратуары, плошчы, гарады… Я ўжо быў унутры карціны, але мне трэба было шмат густой арганічнай фарбы… Таму натуральнай справай была адаптацыя да выяў акрылавай тынкоўкі, той самай, паўз якую мы праходзім кожны дзень, гуляючы па вуліцы, на фасадах сучасных будынкаў… Аднак я выявіў, што з больш тоўстымі тэкстурамі акрылавая тынкоўка не палімерызуецца цалкам, і я пачаў задавацца пытаннем, што можа задаволіць мае патрэбы ў жывапісе… Адказ быў бліжэй, чым я думаў, бо цэмент застывае ў любой таўшчыні і масе… А што шэры? Гэта лёгка змяніць. У цэмент трэба дадаць пігмент, і тады я атрымаю каляровую масу-фарбу… Нарэшце я зноў злучыў пігмент са злучальнікам, і так з’явіліся мае першыя цэментавыя працы, якія даюць новыя магчымасці для малявання… Нічога новага я не прыдумаў… Рымляне даўно гэта рабілі… Але ж так нядаўна мы выявілі густ натуральнай вады, хоць пілі яе кожны дзень… Нейкім чынам я міжволі з’яўляюся спадчыннікам працы свайго бацькі, які быў муляром і штодня працаваў з цэментам».

Код і матэрыя жывапісу: пасляслоўе да выставы без назвы Лявона Тарасэвіча
Інсталяцыя Лявона Тарасэвіча ў парку ў Буска-Здруй. Фота: whitemad.pl.

У Беларусі, магчыма, захаваўся пад слоем малярскай фарбы зроблены ў 1995 і замазаны ў 2007-м роспіс калоны Тарасэвіча – у Віцебскім мастацкім музеі. Калоны ўвогуле выдатна структуруюць прастору, на нядаўняй выставе ў парку ў Буска-Здруй аўтар стварыў цэлы лабірынт з распісаных калон, пазначаючы месца забаў і рэлаксу.

Аднойчы ён выбудаваў лабірынт з карцін, павярнуўшы іх падрамнікамі да гледача, а падрамнікі злучыў грубымі і моцнымі балтамі, тым самым выявіўшы матэрыяльны бок ілюзорнай прыроды мастацтва.

У 2011-м у польскіх Кельцах узвёў канструкцыю плошчай дзвесце квадратных метраў і вышынёй амаль тры метры, якая хавала ўнутры лабірынт з жывапісу і люстэркаў. Увайшоўшы туды, глядач літаральна трапляў унутр жывапіснай карціны.

Большасць сваіх прасторавых аб’ектаў мастак ствараў, зважаючы на гісторыю і культурныя традыцыі месца, для якога працаваў, маркіраваў яго праз асаблівыя прыёмы – галоўным чынам праз канструкцыю і колер. У гэтым кірунку мастацтва (site specific art) творцы арыентуюцца як на фізічныя асаблівасці прасторы, якую збіраюцца засвоіць, так і на культурна-гістарычны кантэкст.

На плошчы ў Барселоне Лявон Тарасэвіч намаляваў квадраты, у якіх праз колер паспрабаваў перадаць складаную гісторыю рэгіёна.

Код і матэрыя жывапісу: пасляслоўе да выставы без назвы Лявона Тарасэвіча
Плошча Real у Барселоне. 2002. Фота: Гжэгаж Дамброўскі. https://archiwum.galeriabielska.pl.

Інсталяцыя «Modry» – праект пра Сілезію і мультыкультуралізм яе жыхароў — была створана спецыяльна для новага будынка Сілезскага музея ў Катавіцах, збудаванага на месцы ранейшай капальні. Паводле праекта мастака з драўляных дошак узвялі вялізную вежу, што нагадвала шахцёрскую і запоўніла ўвесь вестыбюль будынка. Праз дошкі працякала блакітная фарба. Такім чынам аўтар не толькі пазначыў прастору капальні, але і вырашыў разбурыць стэрэатыпы пра Сілезію, падахвочваючы глядзець на неба і адкрываць у сабе блакітны (modry) – колер неба, мары і мудрасці сілезцаў.

Код і матэрыя жывапісу: пасляслоўе да выставы без назвы Лявона Тарасэвіча
Інсталяцыя «Modry» у Слёнзкім музеі. Фота: Соня Шэлонг, magazynszum.

У Музеі архітэктуры ва Уроцлаве мастак пазначыў мінулае гэтага будынка – кляштар бернардзінцаў. У мес­цы, дзе не­ка­лі ста­яў алтар, аўтар уста­ля­ваў драў­ля­ную скры­ню, з якой вы­ця­ка­ла чыр­во­ная фар­ба і лілася ў апсі­ду. У апсі­дзе раз­мяс­ці­лі­ся 12 шчы­тоў, пад­клю­ча­ных да элек­трыч­нас­ці, яны свя­ці­лі­ся чыр­во­ным ко­ле­рам. У садзе, дзе ка­лісь­ці ад­па­чы­ва­лі і ма­лі­лі­ся ма­на­хі, мастак распісаў да­рож­кі рознымі колерамі. Рознакаляровы сад застаўся ў падарунак музею.

Код і матэрыя жывапісу: пасляслоўе да выставы без назвы Лявона Тарасэвіча
Праект у Музеі архітэктуры ва Уроцлаве. Фота: Muzeum Architektury we Wrocławiu.

Татальны колер і геаметрыя святла

У праекце для ўроцлаўскага Музея архітэктуры мастак выкарыстаў лайтбоксы з падсветкай. Гэта ўзмацніла ўздзеянне колераў да максімальнай ступені — з дапамогай святла, кантрасту і акцэнтаў. Асабліва эфектна глядзяцца ў аўтара татальна зафарбаваныя прасторы, нават без культурнага падтэксту. Толькі чыстае мастацтва! Толькі камунікацыя з колерам сам-насам!

Код і матэрыя жывапісу: пасляслоўе да выставы без назвы Лявона Тарасэвіча
Праект у Музеі архітэктуры ва Уроцлаве. Фота: Muzeum Architektury we Wrocławiu.

На выставе ў познанскай галерэі Ego 2016 года мастак развесіў рознакаляровыя лайтбоксы з аргшкла. Іх успрыманне залежала ад многіх фактараў: ад часу сутак, фізічнага размяшчэння гледача, асаблівасцей яго зроку. Светлавыя формы былі з аднаго боку — экранамі, што выпраменьвалі святло і ўздзейнічалі на эмоцыі, з іншага – люстэркамі, праз якія глядач мог камунікаваць са светам уяўнага.

Адзін з самых эфектных татальна-колеравых праектаў адбыўся ў 2003 годзе ў Цэнтры сучаснага мастацтва «Замак Уяздоўскі». Аўтар пабудаваў складаную канструкцыю, якая разам з падлогай была пакрыта масай інтэнсіўна афарбаванага цэменту, што надавало паняццю «карціна» зусім новыя сэнсы і вымярэнні.

Код і матэрыя жывапісу: пасляслоўе да выставы без назвы Лявона Тарасэвіча
Лявон Тарасэвіч падчас падрыхтоўкі выставы ў Цэнтры сучаснага мастацтва. 2003. Фота: archiwum.galeriabielska.pl.

Культурны код

Адказваючы на пытанне, чаму жыве ў сваёй роднай вёсцы Валілы на Беласточчыне, за дваццаць кіламетраў ад беларуска-польскай мяжы, Лявон Тарасэвіч паведаміў, што не хоча быць польскім эмігрантам. «Я беларус. Польскі грамадзянін. Тут я нарадзіўся, тут жыву. Быў момант, калі мае тэрыторыі былі нямецкімі, былі беларускімі, былі польскімі. Цяпер гэта тэрыторыя, на якой дзейнічае польская адміністрацыя. У мяне няма праблем з гэтым».

Мастак выразна падкрэслівае сваё беларускае паходжанне і бярэ актыўны ўдзел у жыцці беларускай супольнасці ў Польшчы. Напрыклад, быў адным з заснавальнікаў штогадовага беларускага фестывалю «Басовішча».

Гэта важная падстава творчасці гэтага аўтара – выразная і дэклараваная нацыянальная ідэнтычнасць, якая ўплывае і на чыста фармальныя рэчы яго жывапісу: колеравую гаму прац, на змест, на засяроджанасць аўтара на ўнутраным свеце.

«Вырастаючы з нейкай культурнай прасторы, — перакананы творца, — зрастаешся з яе колерамі, якія становяцца часткай тваёй асобы… Колер пакідае на карціне генетычны след… Колер ідзе за кожным з нас». Нягледзячы на тое, што ён вучыўся ў польскай школе і Варшаве, месца яго нараджэння як мастака і асобы і выток яго жывапісу –  Вялікае Княства Літоўскае. Гэта традыцыя дайшла да яго праз колер, форму і ідэю — з дапамогай настаўніка Тадэвуша Дамініка, вучня народжанага ў Мінску авангардыста Уладзіслава Стрэмінскага, праз мастакоў, звязаных з гэтай зямлёй — Казіміра Малевіча і Марка Ротку. Тарасэвіч памятае, што вёска, дзе ён жыве, знаходзіцца непадалёк ад галоўнага шляху з Кракава да Вільні.

Код і матэрыя жывапісу: пасляслоўе да выставы без назвы Лявона Тарасэвіча
Экспазіцыя выставы ў галерэі Monopol. Фота: reform.by.

Таму на выставе ў галерэі Monopol буяюць дух родных мясцін і колеры вясны. Праз нейкія творы (напрыклад, з падвоенай вясёлкай) Тарасэвіч вядзе дыялог з іншым праваслаўным мастаком памежжжа Ежы Навасельскім. Мясцовая ружа на зялёным дыване травы, вужы, што выпаўзлі грэцца на сонца, ланцужкі сіняга скрозь маладую зеляніну. Усё чытаецца і ўсё зашыфравана…

Код і матэрыя жывапісу: пасляслоўе да выставы без назвы Лявона Тарасэвіча
З выставы ў галерэі Monopol. Фота: reform.by.

Мастацтва – гэта прадчуванне немагчымага, упэўнены Тарасэвіч. Творца з кожнай новай працай перасякае межы, пра якія сам яшчэ не ведае: «І вы павінны цвёрда верыць у тое, што перад вамі ёсць дзверы, якія трэба адчыніць, дарогі, па якіх вы яшчэ не ішлі, ні вы, ні іншыя».
***
Выстава Лявона Тарасэвіча будзе працаваць у галерэі Monopol да 28 красавіка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: