Сяргей Будкін і Адам Галацінскі. Фота: сацсеткі Беларускай Рады культуры
Амбасадар Адам Галацінскі, упаўнаважаны ад МЗС Польшчы ў супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, сустрэўся з кіраўніком Беларускай Рады культуры Сяргеем Будкіным.
У цэнтры размовы — як забяспечыць візавую падтрымку для беларускіх творцаў, і як зрабіць так, каб голас культурнай супольнасці быў пачуты. Гаварылі пра магчымасць рэальнага дыялогу, а таксама пра патрэбы і выклікі, з якімі штодня сутыкаюцца незалежныя прадстаўнікі культуры.
«Мне было прыемна пачуць, што спадар амбасадар разумее, якую вялікую ролю адыгрывае культура — як у дачыненнях паміж нашымі краінамі, так і як інструмент супрацьдзеяння рускаму міру», — падвёў вынікі сустрэчы Сяргей Будкін.
Амбасадар Галацінскі ў сваю чаргу адзначыў:
«Цікава было даведацца пра разнастайныя арт-праекты, падтрымку маладых творцаў і новыя тэндэнцыі ў культуры з належнай павагай да традыцый. Гэта важны крок да збліжэння палякаў і беларусаў, а таксама асабісты унёсак беларускіх культурніцкіх дзеячаў у еўрапейскую супольнасць свабоды і каштоўнасцяў».
Быў абмеркаваны і працяг дыялогу, распачатага падчас Форума Касцюшкі. Па яго выніках была падрыхтавана сумесная прапанова ад культурніцкай супольнасці з ключавымі пытаннямі і рашэннямі, скіраванымі на ўмацаванне супрацоўніцтва.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram