Кіраўніца мінскага хору «Салютарыс» Вольга Янум, якая «здавала сваіх супрацоўнікаў» у 2020-м, выступіць з канцэртам у Германіі

Дырыжорка і кампазітарка Галіна Казіміроўская напісала пост у Фэйсбуку, у якім абурылася канцэртам у Германіі мінскага хору «Салютарыс».

Хорам кіруе Вольга Янум, яна ж і дырыжорка капэлы імя Рыгора Шырмы.

«Дык вось менавіта Янум у 2020 годзе здавала сваіх супрацоўнікаў — харавікоў, якія праз яе дзеянні прайшлі звальненні, пераслед, а некаторыя трапілі ў турмы! — напісала Галіна Казіміроўская. — Калі мы стаялі на ступеньках філармоніі ў жніўні 2020 года і выконвалі «Магутны Божа», Янум стаяла збоку і назірала. А пасля на рэпетыцыях пагражала ўдзельнікам словамі: «Я ведаю ўсіх, хто там быў, і калі мне будзе патрэбна, усіх магу здаць». І здала…

Янум зрабіла свой выбар у 2020-м, і яна адкрыта падтрымоўвае крывавы рэжым Лукашэнкі, падтрымоўвае вайну ва Украіне, ездзіць з хорам на канцэрты ў Расею, заўзята ўдзельнічае ў мерапрыемствах крывавага рэжыму. У Менску ладзіць канцэрты «Дыхание Питерского времени», прасоўваючы і праслаўляючы «русский мир». Капэла рэгулярна ездзіць у Аўстрыю на заробкі як танная музычная працоўная сіла і абслугоўвае еўрапейскія праекты. І для мяне і раней было дзіўна, чаму іх зноў і зноў запрашаюць…

Але там еўрапейскі праект і дырыжор, ну дапусцім, можна заплюшчыць вочы — людзям патрэбны грошы. Але тут, сольны канцэрт хору, дырыжор якога — частка дыктатарскага рэжыму!!! Як такое магчыма? Чаму ім адчыняюць візы і дзьверы еўрапейскія арганізацыі? Калі ты выбіраеш зло, павінны быць наступствы! Для мяне тут няма чагосьці пасярэдзіне, «ну вы же понимаете»…

Нельга сядзець на двух крэслах! І не кажыце мне, што мастацтва — не палітыка! Я ведаю пра гэта даволі шмат і на сваёй скуры гэта адчуваю ўжо 5 год! Ездзіць беларускаму хору на канцэрты ў Перм ці Навасібірск у той час, калі кожны дзень рускія забіваюць людзей ва Украіне — не палітыка? Гэта свядомы выбар! Гэта пазіцыя!»

Кампазітарка просіць еўрапейскіх дыпламатаў больш шчыльна верыфікаваць асобаў, якім даюць візы. «Нельга, што здраднікі, з-за якіх людзі знаходзяцца ў турмах, спакойна перамяшчаюцца па Еўропе»….

У каментах да допісу згадваюць, што выпадкі падобных гастроляў — не адзінкавыя.

Хор «Салютарыс» быў заснаваны ў в 2007 годзе Вольгай Янум.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!