Кім быў Якуб Колас — канфармістам ці антысаветчыкам? У Варшаве раскажуць пра цэнзуру твораў пісьменніка савецкімі ўладамі

«Дачыненнні з савецкай уладай у Якуба Коласа былі досыць складаныя: з аднаго боку, яна давала яму розныя званні і ўзнагароды, з іншага – забараняла і моцна цэнзуравала творы, трымала яго пад пастаянным ціскам і кантролем». Сёння ў варшаўскай прасторы Witryna Domu Wschodniego раскажуць пра стасункі беларускага пісьменніка з савецкім рэжымам. Малавядомыя старонкі біяграфіі аўтара «Новай зямлі», «Сымона-музыкі», якому сёлета споўнілася б 142 гады, сталі прадметам даследавання коласаведа Алеся Ляўкі.

«Можна сказаць, што савецкая ўлада абласкала творцу, хоць кошт прыхільнасці камуністаў да беларускага класіка быў вельмі высокім: рэпрэсіі сваякоў, немагчымасць вольна выказвацца і пісаць, жыццё ў чаканні арышту і публічнага асуджэння, – зрабіў адмысловыя ўводзіны да свайго выступлення для Reform.news Алесь. Музейшчык вывучае спадчыну Кастанціна Міцкевіча ўжо шмат гадоў. – У 1930- х гадах Якуба Коласа і яго сябра Янку Купалу хацелі савецкія ўлады арыштаваць, але перадумалі і замест гэтага далі па ордэну Леніна, пагэтаму ў творчых колах узнік жарт з разраду чорнага гумару аб тым, што славутым пісьменнікам замянілі «ордэры на ордэны».

Даследчык назваў творы Коласа, якіх закранула рука савецкага цэнзара.

«Напрыклад, казка «Як пеўнік курачку ратаваў» прызнана контррэвалюцыйнай у 1930-я гады, падвяргаліся цэнзуры «Сымон-музыка і «Новая зямля». У 1930-х гадах Колас хацеў напісаць твор, прысвечаны Крычаўскаму паўстанню пад кіраўніцтвам Вашчылы, але пабаяўся гэта зрабіць, бо праца ў жанры гістарычнай аповесці/п’есы была небяспечнай», – кажа ён.

Сёння на адмысловай сустрэчы «Урад і творца ў таталітарнай дзяржаве на прыкладзе твораў Якуба Коласа» Алесь Ляўка распавядзе, кім быў беларускі пясняр — канфармістам ці антысавечыкам.

Час і месца сустрэчы: 5 лістапада,19.00, Witryna Domu Wschodniego, Warszawa, plac Konstytucji, 6 (правы бок).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!