185 гадоў таму, 2 лютага 1838 года, нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве.
Якую ролю адыграла вядомая постаць у гісторыі Беларусі, у чым палягалі галоўныя ідэі Кастуся Каліноўскага, што да гэтай пары з’яўляюцца актуальнымі — ва ўгодкі нацыянальна-вызваленчага паўстання Reform.by даследаваў тэму ў вялікім інтэрв’ю з гісторыкам Сяргеем Абламейкам.
Сёння, у дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага, мы паспрабавалі змяніць фокус цікавасці з фігуры палітычнага дзеяча на яго спадчыну, пераламленне — кім у нашы дні для сучаснікаў з’яўляецца ягоная постаць? Ці адбылася актуалізацыя гэтай асобы і перагляд здзейсненага ім, яго паплечнікамі і паплечніцамі пасля «паўстання 2020-га» (як часам называюць пратэсты ў Беларусі), падзей 2020-2022 гадоў?
Спадзяемся, што гэта толькі пачатак нашай размовы, у якой першымі прынялі ўдзел: гісторык, даследчык паўстання 1863 года і аўтар кнігі “Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда» Васіль Герасімчык, гісторык, блогер, вядоўца тэлеграм-канала «Беларускі Бабілон», перадачы «Вусы Скарыны» Цімафей Акудовіч і паэтка, аўтарка кніг «Весна. Вуснам цесна», «Маё невымаўля», «Рыбы» Наста Кудасава.
Васіль Герасімчык, гісторык, даследчык.
— Спадар Васіль, як мы сёння ўспрымаем Кастуся Каліноўскага? Чаму такія супрацьлеглыя погляды на гэту асобу?
— Каліноўскі нашмат апярэдзіў свой час. Яго ідэі не страцілі сваёй актуальнасці і ў ХХ стагоддзі, яны паспрыялі з’яўленню на мапе свету і БНР, і БССР, а пазней – і Рэспублікі Беларусь.
Менавіта таму гэту постаць немагчыма выкрасліць з нашай гісторыі, нягледзячы на ўсе спробы, што адбываліся ў розныя часы. А спробы прадпрымаліся таму, што Каліноўскі, калі казаць сучаснай мовай, падтрымліваў заходні вектар развіцця Беларусі, нездарма ён напісаў такія радкі: «З-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе». Думка актуальная і сёння, таму яна выклікае заклапочанасць у тых асобаў, якія не разумеюць нашы нацыянальныя інтарэсы ці ўвогуле лічаць, што нас як нацыі не існуе, што мы частка так званага «трыадзінага рускага народа». А паколькі гэтыя людзі пасля падзей 2020 года атрымалі карт-бланш, то яны намагаюцца гэтай сітуацыяй скарыстацца, каб дыскрэдытаваць асобу Каліноўскага.
Пра актуальнасць постаці Каліноўскага сведчыць з’яўленне палка імя Кастуся Каліноўскага падчас вайны ва Украіне. Беларусы, што змагаюцца за незалежнасць «нашу і вашу», абралі яго ў якасці яднальнага ядра.
Асоба і дзейнасць Кастуся Каліноўскага дагэтуль застаецца ў падручніках па гісторыі Беларусі. Аднак выкрэсліванне цэлых пластоў беларускай гісторыі, не толькі ХІХ, але і ХХ стагоддзя, актыўна працягваецца. Вось, напрыклад, 1 лютага споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння Сяргея Прытыцкага, які змагаўся з польскай уладай на тэрыторыі Заходняй Беларусі, здзяйсняў, як бы мы цяпер сказалі, тэрарыстычныя акты. У Мінску гэтая постаць увекавечана, аднак яго 110-годдзе абышлі ўвагай. Хоць афіцыйная ідэалогія стараецца паказаць, што Беларусь — гэта пераемніца БССР, а БССР — дзіця рэвалюцыі, бо ў яе пабудове ўдзельнічалі рэвалюцыянеры, такія, як Каліноўскі і як Прытыцкі. Аднак сёння ідэі рэвалюцыйнага змагання ўспрымаюцца ўладай зусім інакш. Выкрэсліваюць нават герояў савецкага часу, бо ў Беларусі можа быць толькі адзін герой, імя якога мы ведаем… На гэтым моцны фундамент не збудуеш, таму рана ці позна жыццё возьме сваё.
— Якія паралелі можна адшукаць паміж двума паўстаннямі – 1863-га і 2020-га?
— Паўстанню 1863-1864 гадоў папярэднічаў маніфестацыйны рух, які распачаўся з пахавання ў Варшаве жонкі слыннага генерала Лістападаўскага паўстання 1931 года. Падзеі у Беларусі сімвалічна распачаліся з урачыстага пахавання Каліноўскага і паўстанцаў, якое адбылося ў лістападзе 2019 года. Аднак наш маніфестацыйны перыяд яшчэ працягваецца.
Калі браць паралелі з часоў паўстання, то многія практыкі, якія прымяняліся ў той час, ужываюцца і сёння. Мяркую, што тыя, хто змагаўся супраць выступоўцаў, нязгодных з вынікамі выбараў, шмат у чым бачаць сваім героем генерала-губернатара Мураўёва, вядомага як «вешальнік». Гэта жорсткі, рэакцыйны, тэрарэстычны спосаб змагання з выступамі. З адзінай мэтай: больш такога не дапусціць.
Таму, як паказвае прыклад таго ж паўстання, задушэнне нязгодных будзе працягвацца і надалей.
Яшчэ адна паралель тычыцца амністыі.
Яна праводзілася і падчас паўстання, каб выманіць людзей, што сышлі ў лес змагацца супраць царскай улады.
Для паўстанцаў, якія ўдзельнічалі ў змаганні са зброяй у руках, адзін са спосабаў уратавацца быў пераход з каталіцтва ў праваслаўе. Трэба было змяніць імя, часам нават прозвішча і стаць вельмі актыўным барацьбітом за інтарэсы імперыі. Так зрабіў Вітольд Парфіяновіч, які выдаў Каліноўскага. Ён стаў Іосіфам Парфіяновічам. Або, ксёндз Казлоўскі, таксама паплечнік Каліноўскага, які стаў праваслаўным святаром, бараніў інтарэсы імперыі. Жыццё гэта ім уратавала, але ў гісторыі яны засталіся здраднікамі. Кожны мусіць рабіць свой выбар сам. Гісторыя нам падказвае, што можа адбыцца ў розных выпадках. Варта яе проста чытаць.
Цімафей Акудовіч, гісторык, прадстаўнік Беларускай Рады культуры.
— Сёння цяжка сказаць, як успрымаецца Каліноўскі беларускім грамадствам, бо пасля 2020 года ўсё пераблыталася, а любыя нармальныя апытанні цяпер немагчымыя. Але дакладна тое, што пазнавальнасць гэтага вобраза моцна вырасла.
Мне падаецца, што Каліноўскі, нягледзячы на сваю маладосць, сумяшчаў у сабе вельмі розныя рысы: з аднаго боку вялікую смеласць і цвёрдасць у перакананнях, а з іншага боку — дзіўную для такога маладога чалавека разважлівасць і схільнасць на аналіза. Гэтыя рысы рэдка сустракаюцца побач.
Падзеі 2020-га года павялічылі цікавасць да паўстання 1863-га. Хоць у нашым грамадстве ёсць вельмі слабое разуменне таго, як выглядала паўстанне 1863 года на самай справе. Хутчэй у бліжэйшы час асэнсаванне падзей 1863 года зменіць наша стаўленне да 2020 года. У 2020-м мы лічылі, што ў ХХІ стагоддзі немагчымае ўзброеннае паўстанне супраць прыгнятальнікаў, што гэта недапушчальна. Але вось зараз сітуацыя мяняецца. І гісторыя 1863 раптам можа стаць больш актуальнай.
Вобраз Каліноўскага яшчэ ў ХХ стагоддзі моцна адарваўся ад сваёй першакрыніцы. Таму ён і стаў Кастусём замест Канстанціна. А цяпер і пагатоў. Мне падаецца, што Кастусь Каліноўскі — гэта ўжо хутчэй адлюстраванне нас саміх у наш час. Такі сабе вельмі сімвалічны вобраз беларускай смеласці, схаванай дзесьці ў глыбіні нашай сутнасці.
Наста Кудасава, паэтка, літаратуразнаўца.
— Трэба прызнацца, што быў адзін раз у маім жыцці, калі я наўмысна сапсавала школьны падручнік. Здаецца, я тады вучылася ў дзясятым класе. У тыя часы не было ксераксаў ці прынтараў, і калі хацелася займець нейкую карцінку, яе выразалі з газеты ці часопіса. І вось, аднаго разу, замкнуўшыся ў прыбіральні, я выразала з падручніка па беларускай літаратуры партрэт Кастуся Каліноўскага, бо вельмі марыла аб ім, а падручнік з дзіркай здала назад у бібліятэку.
То-бок для мяне ён быў самым блізкім і зразумелым з беларускіх герояў заўсёды, з дзяцінства. І я не бачу ў гэтым праблемы. Хай яго асоба і рамантызаваная моцна, у нацыі павінныя быць героі-сімвалы, на якіх будзе трымацца наш гістарычыны міф. Я думаю, што гісторыя – заўсёды троху міф, яна не бывае аб’ектыўнай. Важна кожнаму народу выбудоўваць свой нацыянальны міф так, каб не замінаць жыць суседзям. Канечне, з такім нацыянальным героем ёсць рызыка захраснуць у антырасійскай павестцы. А трэба ж ісці наперад, займацца найперш будаваннем сябе і сваёй краіны. Дапусцім, я для сябе ўжо вызначылася з курсам, я жыву і працую так, як быццам ужо не існуе Расіі, як быццам свет ужо стаў такім, якім я хачу яго бачыць. Я жыву троху авансам, навырост, спадзеючыся, што такім настроем магу неяк уплываць на грамадскую свядомасць.
Тым не менш трэба глядзець рэальнасці ў вочы. У сённяшняй сітуацыі, у час адкрытай расійскай агрэсіі і фактычнай акупацыі Беларусі, антырасійскай павесткі пазбегнуць не атрымаецца. На жаль, мы ўсё яшчэ на тым этапе, на якім былі паўстанцы Каліноўскага. І акурат апошнія гады паказалі гэта самым яскравым чынам. Таму сёння Студзеньскае паўстанне блізкае і актуальнае для беларусаў, як ніколі, на жаль.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram