Фота: katolik.life
«Мінская спадчына» з 1 снежня пачынае рэканструкцыю яшчэ аднаго каталіцкага храма, які знаходзіцца ва ўласнасці гэтага дзяржпрадпрыемства. Абвешчаны конкурс аб выбары генпадрадчыка для правядзення рэканструкцыі касцёла Узвышэння Святога Крыжа, шасці капліц-пахавальняў і ўваходных брамаў на Кальварыйскіх могілках у Мінску — піша выданне Katolik life.
З аб’явы вынікае, што будаўніча-мантажныя працы павінны пачацца з 1 снежня 2026 года і завяршыцца да лістапада 2027 года.
Работы абыдуцца ў арыенціровачную суму 7,3 мільёна рублёў – гэта больш за 2 млн еўра, якія павінны быць выдзелены з гарадскога бюджэту.
Верагодна, касцёл закрыюць на час рамонту і вернікам давядзецца шукаць новае месца для малітвы, паколькі працы маюць быць маштабнымі. Мяркуючы па іх пераліку, функцыянаванне парафіі ў храме падчас рэканструкцыі будзе не магчымым.
Непасрэдна ў касцёле праект прадугледжвае рэстаўрацыю фасадаў будынка, уключаючы рэстаўрацыю памятных дошак, замену даху на фальцавы са сталёвага ліста з палімерным пакрыццём, аднаўленне дэкаратыўных элементаў вадасцёкавай сістэмы, замену запаўненняў аконных і дзвярных праёмаў на драўляныя з узнаўленнем гістарычнага выгляду. Унутранае аздабленне прадугледжвае, у прыватнасці, замену падлогі – новае пакрыццё будзе з керамагранітных пліт.
У адным з дакументаў таксама гаворыцца пра дэмантаж з аднаўленнем подыума алтарнай часткі з агароджай і апор хораў.
Касцёл, капліцы і браму планавалі рэканструяваць у 2025 годзе, але тэрміны перанеслі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram