19-я эдыцыя слыннага кірмашу сучаснага мастацтва Volta Basel у Швейцарыі праходзіць не без удзелу беларускага мастацтва — венская галерэя Rodler Gschwenter Gallery прадстаўляе на падзеі творы жывапісца з Барысава Яўгена Шадко.
У праграме сёлетняга кірмашу, які ладзіцца з 10 па 16 чэрвеня, прымаюць удзел больш за 45 галерэй з 24 краін свету. У гэтым годзе форум ладзіцца пад кіраўніцтвам арт-дырэктара Лі Кавальерэ.
Rodler Gschwenter Gallery, якая прадстаўляе Яўгена Шадко, была заснавана ў 2020 годзе куратаркамі Марынай Родлер і Сюзі Гшвентэр. Яны пазіцыянуюць сваю інстытуцыю як месца для асабістых сустрэч і інтэлектуальнага абмену — месца, дзе ствараецца жывы дыскурс. Галерэя прасоўвае пераважна аўстрыйскіх творцаў, але таксама і аўтараў з усёй Еўропы.
Карціны беларускага мастака, у прыватнасці, галерэя называе далікатнымі і эмацыйнымі, у якіх спалучаецца фігуратыўнасць і абстракцыя.
«Карціны Яўгена Шадко з захапляльнай напружанасцю акцэнтуюць увагу на постаці чалавека ў маладосці[…]
Тонкае спалучэнне фігуры і абстракцыі характарызуе яго творчасць, крыніцай якой часта з’яўляюцца фотаздымкі, зробленыя ім самім. Але тут здымак зліваецца з яго бачаннем, бо яркая ўспышка, якую ён выкарыстоўвае, напаўняе выявы сучаснай эстэтыкай. Героі яго твораў вырваны са сваіх індывідуальных гісторый і змешчаны ў безыменную сферу. Тут падкрэсліваецца іх ізаляванасць і ўразлівасць, і ў той жа час яны знаходзяцца ў цэнтры ўвагі ўяўнай сцэны. Прамяністая гульня колераў на цёмным фоне, навязлівая фактура — усё гэта надае вобразам Шадко адценне нерэальнасці. Меланхолія, якая захапляе, часам трывожыць — захапляльнае спалучэнне», — распавядае пра адметнасць стылю аўтара інстытуцыя.
На Volta Basel жывапіс Яўгена Шадко прадстаўлена разам з творамі трох іншых мастакоў: Дома Сімона (Dom Simon) з Францыі, Тэрэзы Мюлер (Theresa Möller) і Крыстафа Рода (Christoph Rode) з Германіі.
Карціна Яўгена Шадко размешчана на візітоўцы галерэі на арт-кірмашы.
Адрас галоўнай пляцоўкі Volta Basel — Klybeck 610, Gärtnerstrasse, 2.
Венская галерэя, дзе можна ўбачыць карціны беларускага мастака, знаходзіцца на гары 7-га раёна ў Вене — па адрасе Zollergasse, 29.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram