“Карані \ Лісце”: новы зборнік тэкстаў пра культуры і мовы Беларусі

Гэтай вясной выйшаў зборнік фемінісцкіх мастацкіх тэкстаў “Карані \ Лісце”, які даследуе моўную і культурную разнастайнасць Беларусі. У зборнік увайшлі празаічныя і паэтычныя працы беларускіх літаратарак па тэмах мовы, крытычнага асэнсавання сямейных гісторый і ўплыву імперый на калектыўную памяць. Reform.by абмеркаваў са стваральніцамі зборніка, што такое дэкаланізацыя і ці актуальная яна для Беларусі?

Фота: Alexdandra Wells

Зборнік “Карані \ Лісце” — гэта вынік працы аднайменнай пісьменніцкай лабараторыі, якая аб’яднала больш за 50 літаратарак з Беларусі. Сярод іх апынуліся і пісьменніцы-пачаткоўцы, і ўжо вядомыя фігуры беларускага літаратурнага поля. Удзельніц лабараторыі аб’яднала цікавасць да тэмы дэкаланізацыі Беларусі і пошуку літаратурных стратэгій, праз якія можна гаварыць і пісаць пра складаную і часта супярэчлівую гісторыю Беларусі. 

Са-арганізатар:ка лабараторыі Тоні Лашдэн распавядае, што адной з ключавых мэт было пераадолець вымушаны разрыў сувязяў паміж літаратурнымі супольнасцямі Беларусі і іншых краін, якія сутыкнуліся з каланіяльным ціскам. Таму на працягу паўгода ўдзельніцы лабараторыі даведваліся пра ўжо напрацаваныя стратэгіі дэкаланіяльнага пісьма ў вядомых літаратарак з Цэнтральнай Азіі і Каўказа, такіх як Тамта Мелашвілі, Эльміра Какабаева, Алтын Капалава і Дынара Расулева. А пасля размаўлялі з беларускімі пісьменніцамі і паэткамі: Ганнай Янкутай, Юліяй Цімафеевай, Вольгай Гапеевай, Ганнай Комар і іншымі — каб зразумець, як гэтыя веды можна перанесці на беларускі кантэкст.

Фота: Alexdandra Wells

Культурная дэкаланізацыя, ці працэс эканамічнага, палітычнага і культурнага вызвалення з-пад уплыву імперый, — для Беларусі працэс не новы. Вялікая ўвага да культурных і філасофскіх аспектаў дэкаланізацыі надавалася ў 90-я і 2000-я. Менавіта ў гэты перыяд з’явіўся часопіс «Фрагменты», галоўным рэдактарам якога выступаў філосаф Ігар Бабкоў, і шматлікія крытычныя даследаванні мінулага і будучыні Беларусі, сярод якіх можна адзначыць працы Вольгі Шпарагі і Альміры Усманавай, у рамках даследчых праграм ЕГУ.

Юля Арцёмава, аўтарка рамана “Я і ёсць рэвалюцыя” (“Я и есть революция”, Пфляўмбаўм, 2021) і адна з аўтарак зборніка “Карані \ Лісце”, лічыць, што зараз тэма дэкаланізацыі стала для Беларусі яшчэ больш актуальнай. “З 2022 Беларусь была ўцягнутая ў каланіяльную па сваёй сутнасці вайну. Цяпер нашая задача як пісьменніц не толькі глыбока адрэфлексаваць каланіяльную спадчыну Беларусі, але і пераасэнсаваць яе такім чынам, каб пабудаваць нешта новае, сваё”.

Юля Арцёмава, фота з архіва гераіні

Для зборніка “Карані\Лісце” Юля напісала тэкст пра моўныя ідэнтычнасці. Пісьменніца дзеліцца, што гэты тэкст увасобіў усю балючасць яе ўласных моўных пошукаў. “У сваім паэтычным тэксце я выкарыстоўвала чатыры мовы, якія так ці інакш прысутнічаюць у маім жыцці: украінскую, беларускую, рускую і польскую. Мой тэкст пра асабістыя межы, вайну і пра тое, як па-рознаму могуць успрымацца словы ў залежнасці ад мовы, на якой яны выказаныя”.

Тэма мовы і гісторыі была актуальнай і для іншай удзельніцы лабараторыі, Вольгі Касцюк, беларускай пісьменніцы з Новай Зеландыі, якая піша на беларускай і англійскай мовах. Вольга дзеліцца, што самай запамінальнай часткай лабараторыі для яе сталі сустрэчы з замежнымі пісьменніцам. «Мяне ўразіла, наколькі каланізацыі падобныя адна на адну, і як мала мы ведаем пра пісьменніц, якія працуюць з тымі ж праблемамі, што і мы», — кажа Вольга.

Вольга Касцюк, фота з архіва гераіні

Фінальны празаічны тэкст Вольгі, які ўвайшоў у зборнік, напісаны на адной з паляшуцкіх моваў. Гэта тэкст пра гісторыю сям’і пісьменніцы ў межах сусветнай гісторыі. Расказваючы пра свайго прадзеда, выхадца з Расійскай Імперыі, і паляшуцкую прабабулю, Вольга паказвае, як краіна-імперыя і краіна-калонія пераплятаюцца ў адной сям’і.

Падсвятленне такіх перапляценняў асабістай і сямейнай гісторыі і пошук свайго месца — важная стратэгія дэкаланіяльнага пісьма. Менавіта на яе абапіралася Станіслава Цярэнцьева, грамадзянская актывістка і ўдзельніца лабараторыі гэтага года, пры стварэнні свайго тэксту. Асабістая гісторыя Станіславы звязана з дзвюма краінамі: Беларуссю і Сакартвэла (Грузіяй), абедзве з якіх адчувалі на сабе наймацнейшы каланіяльны ўплыў. “Для мяне было важна прасачыць, як звязаныя тэмы гвалту, страты дому і пошуку сябе ў мове. Мой тэкст працуе з некалькімі мовамі адразу. Гэта беларуская і руская мовы, дыялектныя словы Мёршчыны, і сванскія словы, запісаныя грузінскімі літарамі. У сваім тэксце я паказваю, як звязаны хатні і палітычны гвалт”, — расказвае яна.

Станіслава Цярэнцьева, фота з архіва гераіні

Увага да рэгіянальнай спецыфікі, уключэнне дыялектаў і непісьмовых моў у мастацкую літаратуру, а таксама стварэнне прасторы для культурнай і моўнай разнастайнасці, на думку Станіславы, з’яўляюцца адметнымі для беларускага дэкаланіяльнага пісьма, створанага жанчынамі.

«Дэкаланіяльнае пісьмо, якое ствараюць у Беларусі літаратаркі, прапануе ўнікальную іншую перспектыву, новы спосаб думаць і гаварыць пра нашу гісторыю», — лічыць Юля Арцёмава. Такое пісьмо не баіцца складанасці гістарычнага досведу і дапамагае пагрузіцца ў яго глыбіню.

Фота: Alexdandra Wells

Зборнік “Карані\Лісце” дасяжны бясплатна ў фармаце электроннай кнігі. Акрамя гэтага, друкаваную версію зборніка за свабодную цану можна набыць на прэзентацыях кнігі ў розных гарадах, дзе жывуць беларусы і беларускі. Прэзентацыі кнігі ўжо адбыліся ў Варшаве, Кракаве, Вільні і плануюцца ў Беластоку і Тбілісі.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!