Кантрабандныя нататкі з Беларусі: «Гарадскія міфы і іншыя навіны Мінска»

Сёння ў нас прэм’ера новага фармату — «Кантрабандныя нататкі з Беларусі». Раз на месяц пра горад M і жыццё ў ім калонку з краіны будуць пісаць нашы адважныя аўтары. Месцы і імёны схаваныя, але не эмоцыі і рэфлексіі. Сёння ў першым тэксце Стэфка з Праспекта распавядае пра тое, што ў Мінску стала гарадскім «фальклорам». Як выглядаюць, гарадскія міфы і іншыя навіны Мінска.

***

Восень толькі пачыналася, неба яшчэ не накрыла трыма купаламі хмар, у твар не пырскала марось. Было сонечна і цёпла. Мяне запрасілі ў кавярню на адкрыццё выставы з міні-канцэртам, і я вырашыла пайсці. Тым больш, што артысты выступалі новыя, а гэта само па сабе цікава.

На ўваходзе ўжо кучкаваліся кампаніі людзей — яны курылі, балбаталі, пілі каву і нешта з прынесеных з сабой бутэлечак і тэрмосаў, ну, гэта класіка. Унутры было даволі шмат народу, кагосьці я ведала, але большасць мне былі не знаёмыя. Пачаўся канцэрт, выступ выглядаў даволі тэатральна, эксцэнтрычна і гучна. Музыка гучала пад мінус, а салісты і размаляваныя сцены кавярні прэсавалі шчыльнымі тэкстамі пра стасункі чалавека са светам і соцыумам. І я падумала, хоць бы хто з суседзяў выклікаў міліцыю.

Раптам я заўважыла хлопца, якога бачу амаль на ўсіх імпрэзах у Мінску. На канцэртах ён заўсёды лёгенька прытанцоўвае, пашчоўкваючы пальцамі, і ніколі не здымае чорных акуляраў. Больш за тое, я яго нават на панк-канцэрце бачыла, дзе ён сядзеў у куце ў цёмных акулярах і амаль у поўнай цемры. «Усё, — падумала я, — пайду высветлю, нарэшце, што гэта за чалавек».

— Добры дзень, вырашыла з вамі пазнаёміцца і даведацца, хто вы?

— Я Дзіма.

— Чым вы займаецеся, Дзіма? Можа быць, вы музыка, мастак? Бачу вас апошнія гадоў 5–6 на многіх культурных тусоўках.

Дзіма аказаўся менеджарам дзесьці там, высветлілася, што ніякага дачынення да музыкі і культуры не мае, але не прапускае ніводнай культурнай падзеі, бо менавіта ў іх бачыць сэнс для сябе.

— А вы чым займаецеся? — спытаў ён мяне. І вось тут, у гэты момант, я злавіла сябе на думцы, што мне гэты чалавек падаецца падазроным назіральнікам.

Што можа быць дзіўнага ў тым, што ёсць заўсёднік тусовак? Яны ж былі ў любыя часы. Чаму цяпер я адчула напружанне?

Фота: С.П.

Рэч жа не ў самім Дзіму, а ў тым, што сёння нават звычайная прысутнасць чалавека ў пэўным месцы можа выклікаць падазрэнне. І гэта тычыцца не толькі людзей. У Мінску ты пастаянна чуеш гісторыі, у якіх за бачнымі падзеямі выяўляецца нешта схаванае. Напрыклад, гісторыі пра закрыццё нейкіх месцаў. Гучаць яны прыблізна так:

— Чулі гісторыю пра тое, чаму закрылася кафэ / клуб? Было ж добрае месца, народ туды хадзіў, усё быццам бы працавала, а потым — раз, і закрылася. Высветлілася, што ў гаспадара знайшлі нейкі кампрамат за 2020 год. Ну і ўсё, бізнес адціснулі, самога альбо пасадзілі, альбо ён паспеў з’ехаць, не зразумела.

Іншая версія пра закрытыя месцы будуецца на напісаных ананімках:

— Адзін чалавек даўно хацеў прыбраць да рук установу, а тут падвярнуўся зручны выпадак.

Які менавіта варыянт праўдзівы, ніхто толкам не ведае, але ў кожнага абавязкова ёсць прыяцель, які ведае чалавека, асабіста знаёмага з былым уладальнікам.

Гісторыі пра ананімкі расказваюць не толькі пра бізнес-канкурэнтаў. Гэты сюжэт можна пачуць адносна любой прафесіі і сферы жыцця. У аповедах фігуруюць суседзі, калегі, сябры, знаёмыя. Фінал — гэта звальненне, спыненне бізнесу і немагчымасць працягваць працу.

Прыклад гісторый пра тое, чаму нешта адкрываецца, гучыць з дакладнасцю да наадварот: такое вось месца існуе або адкрылася і чамусьці не закрываецца, а квітнее, бо ў гаспадара сувязі. І далей ідзе аповед, што, маўляў, ён ці то сам з сілавых структур, ці то з КДБ звязаны, ці то яго зяць, сват, брат — карацей, «патрэбныя людзі маюцца. Інакш як растлумачыць, што ўсе навокал закрываюцца, а гэтыя працягваюць працаваць?». Падрабязнасці, вядома, кожны раз розныя, але сутнасць адна: проста так тут нічога не працуе.

Фота: С.П.

Аповеды пра агентаў звычайна пачынаюцца з якой-небудзь паездкі за мяжу. Вось, напрыклад, чалавек паехаў на імпрэзу, выставу ці канферэнцыю, сустрэў там знаёмага, які з’ехаў з Беларусі. Пагаварылі, выпілі кавы, абмяняліся навінамі. А потым чалавек вярнуўся дадому — і пачалося. Неўзабаве высветлілася, што за ім сачылі, што той знаёмы аказаўся агентам, што інфармацыя кудысьці сышла і цяпер у чалавека могуць быць праблемы. Хто менавіта расказаў пра гэта, звычайна не ўдакладняецца, але крыніца, як заўсёды, надзейная.

Ёсць і адваротная версія. Калі чалавек з’ехаў, але працягвае прыязджаць у Беларусь, значыць, з ім нешта не так. Проста так туды-сюды ніхто не ездзіць. Напэўна дамовіўся з кім трэба, нешта падпісаў, магчыма, супрацоўнічае са спецслужбамі. І зусім няважна, хто гэта — знаёмы знаёмых, былы калега ці чалавек, якога ты бачыў пару разоў у жыцці. Сам факт вяртання ўжо падазроны. Карацей, калі з’ехаў, то невядома, чым там займаецца, а калі вяртаецца, то тым больш.

Чула, што падобнае кажуць і беларусы, якія жывуць за мяжой, у дачыненні да тых, хто прыязджае з Беларусі. Што тут мы ўсе агенты… Ці не забаўна?

У аповедах пра закрытыя ўстановы, «патрэбныя сувязі», агентаў і падазроныя вяртанні бачныя адмысловыя дэталі. Па-першае, паўтараецца адно і тое ж паведамленне — за знешнім бокам гарадскога жыцця мяркуецца існаванне іншага, схаванага ад знешняга позірку.

Па-другое, ананімная крыніца — хтосьці камусьці сказаў, пачуў, знаёмы перадаў… і да таго падобнае — якая пазбаўляе вас магчымасці праверыць гісторыі.

Трэцяе і чацвёртае — гэта паўтаральныя сюжэты і цяперашні час. Можа быць, гэтыя гісторыі ўжо падобныя да гарадскога міфа, і мінчукі вось так, з паўсядзённых назіранняў, урыўкавых звестак і чужых пераказаў складаюць міфы Мінска 2026? Гэтакі гарадскі фальклор першай чвэрці XXI стагоддзя?

І ці магчыма, што ў гэтых гісторыях горад набывае тое, чаго яму бракуе ў афіцыйным вобразе?

Фота: С.П.

Міфы, якія мы чуем цяпер — гісторыі пра закрыццё нейкіх месцаў, пра агентаў і ананімкі — гэта не каталог чутак пра звышнатуральнае ў горадзе, яны не пра загадкавыя месцы і з’явы (як праклён Нямігі, скажам, ці апошні цягнік у метро, ці русалка ў Свіслачы), яны пра напружанне і падазрэнне. Яны гавораць пра непразрыстае грамадства мовай недаверу і страху.

Гэтыя гарадскія міфы жывуць не столькі ў самой падзеі (яе ж не праверыш), колькі ў нефармальным інфармацыйным патоку. Праз іх гараджане спрабуюць сабраць падзеі ў зразумелы сцэнар і знайсці тлумачэнне таму, што адбываецца. І рэч тут не толькі ў канкрэтных сюжэтах, колькі ў самім позірку, які схоплівае горад і жыццё як прастору нябачных небяспечных механізмаў, што вызначаюць лёс жыхароў.

У Платона ў другой кнізе «Государство» ёсць развага пра міфы (Гамера і Гесіёда), дзе ён прапануе разумець міф як алегорыю, за якой хаваецца сапраўдны сэнс таго, што адбываецца. І калі ўжо гарадскі міф балансуе паміж праўдай і выдумкай, ці варта пра мінскія гісторыі думаць у катэгорыях праўды і хлусні? Бо яны не абавязкова адлюстроўваюць рэальныя падзеі, але шмат гавораць пра тое, як яны ўяўляюцца, тлумачацца і перажываюцца.

Фота: С.П.

І, магчыма, праблематыка гарадскіх міфаў Мінска 2026 палягае ў тым, што яны першапачаткова алегарычна гавораць пра тое, што выказаць складана ці небяспечна? Можа быць, яны даюць практычныя веды для гараджаніна? Ці яны проста — метафара цяперашняга стану грамадства?

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram