Канскі кінафэст набірае абароты: наперадзе гучныя прэм’еры і нават мерапрыемствы з удзелам беларусаў

Главное
Мерыл Стрып атрымала на адкрыцці Канаў "Залатую пальмавую галіну" за ўклад у кінематограф. Фота: фейсбук Канскага фестывалю.

У Канах набірае абароты адзін з самых вядомых кінафестываляў свету. Учора адбыліся прэм’еры фільмаў «Мегалаполіс» Фрэнсіса Форда Копалы, «Уварванне» Сяргея Лазніцы, «Дзяўчына з іголкаю» Магнуса фон Хорна, «Фурыёса: Хронікі Шалёнага Макса» Джорджа Мілера; сёння чакаюцца паказы «Віды дабрыні» Ёргаса Ланцімаса, «О, Канада» Пола Шрэдэра, «Птушкі» Андрэа Арнольда ды іншых карцін. У форуме сусветнага кіно ўдзельнічаюць і беларусы — пакуль не з кіно ў асноўных конкурсах, тым не менш важна адзначыць ўключэнне беларускіх незалежных кінарэжысёраў, прадзюсараў і крытыкаў у сусветную кінаіндустрыю.

Так, 18 траўня на панэльнай дыскусіі «Filmmakers Collectives Rising up in Eastern Europe» у межах кінарынку Канскага фестывалю выступіць сузаснавальніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі, прадзюсарка і кіраўніца фестывалю «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская.

Канскі кінафэст набірае абароты: наперадзе гучныя прэм’еры і нават мерапрыемствы з удзелам беларусаў
Фота: фейсбук Беларускай незалежнай кінаакадэміі

«Удзельнікі абмяркуюць, як кінематаграфісты ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе спраўляюцца з падвойнай роляй – мастакоў, што ствараюць у дакументальным кіно, і актывістаў, што змагаюцца за свае правы і прынцыпы, – ва ўмовах сацыяльнай і палітычнай турбулентнасці. Таксама ў межах дыскусіі ўдзельнікі абмяркуюць, як супольнасць падтрымлівае сваіх чальцоў у паўсядзённых клопатах і дасягненнях», — дае прадстаўленне пра падзею Беларуская незалежная кінаакадэмія.

Да абмеркавання можна будзе далучыцца афлайн па адрасе Palais Stage (Palais -1) ці анлайн па спасылцы.

19 траўня сябра Беларускай незалежнай кінаакадэміі і сурэжысёр тытулаванай дакументальнай стужкі «Радзіма», рэжысёр даккарціны «Мая бабуля з Марсу» Аляксандр Міхалковіч выступіць спікерам на круглым стале «Creating in Exile».

Канскі кінафэст набірае абароты: наперадзе гучныя прэм’еры і нават мерапрыемствы з удзелам беларусаў
Фота: фейсбук Беларускай незалежнай кінаакадэміі

«Да імпрэзы далучацца кінарэжысёры ў выгнанні, а таксама прадзюсары і прадстаўнікі інстытуцыяў, што падтрымліваюць дзеячаў у небяспецы», — даецца апісанне падзеі.

Сярод спікераў у круглым стале, які адбудзецца ў межах кінарынку фестывалю: Фархад Дэлярам (кінарэжысёр, Іран), Эт’ен дэ Рыко (прадзюсар, Францыя), Бэнэдыкт Альё (дырэктар Cité internationale des arts). Мадэраваць дыскусію будзе французская журналістка і кінакрытык Катрын Руэль.

Як працягваць пісаць мастацкія творы, калі вы адрэзаныя ад свайго прывычнага кантэксту? Як распрацоўваць дакументальныя праекты, якія патрабуюць здымак на месцах, да якіх вы больш не маеце доступу? Як прыдумляць новыя праекты на незнаёмых вам тэрыторыях? І як можна дапамагчы аўтарам, калі вы прадзюсар ці інстытуцыя? Пра ўсё гэта ўдзельнікі паразважаюць на дыскусіі.

Сустрэча адбудзецца на пляцоўцы Канскага кінарынку — «Les Cinémas du Monde» Pavillon.

Для кінакрытыка, праграмнага дырэктара Ігара Сукманава гэты Канскі кінафестываль стане 21-м. Эксперт падзяліўся з Reform.news, чаго чакае ад фэсту сёлета.

Канскі кінафэст набірае абароты: наперадзе гучныя прэм’еры і нават мерапрыемствы з удзелам беларусаў
Ігар Сукманаў на адкрыцці Канскага фестывалю. Фота: фейсбук кінакрытыка

Па праўдзе кажучы, праграма фэсту адна з самых інтрыгоўных за апошнія гады, калі не дзесяцігоддзі. Нарэшце знойдзены нейкі баланс у конкурснай праграме паміж шанаванымі культавымі імёнамі і так званымі «тёмными лошадками».

Я з 2003 года рэгулярна прыязджаю на форум і вельмі добра памятаю трыўмфальныя фэсты 2003-га, 2006-га, 2010 гадоў. І наступныя гады пэўнай фестывальнай стагнацыі, калі часцей за ўсё вялікія імёны спаборнічалі адзін з адным, і хоць часам з фільмамі і творамі, якія былі па-свойму цудоўнымі, аднак фестываль не адкрываў ніякіх новых гарызонтаў. А гэты год мае шмат цікавага з гэтага пункту гледжання.

Узначаліла журы сёлета рэжысёрка Грэта Гервіг, якая зняла адзін з самых касавых хітоў 2023 года, фільм «Барбі». Яна стала першай амерыканскай рэжысёркай, якая заняла гэтую пасаду. У склад журы таксама ўвайшлі французскія акторы Ева Грын і Амар Сі, амерыканская акторка Лілі Гладстоўн, рэжысёры Хіракадзу Карээда, Хуан Антоніа Баёна і Надзін Лабакі, турэцкая сцэнарыстка Эбру Джэйлан і італьянскі актор П’ерфранчэска Фавіна.

На цырымоніі адкрыцця Грэта Гервіг вымавіла вельмі праніклівую імправізацыйную, чалавечную прамову, — гэта імпануе, — прыкмячае Ігар Сукманаў. — Мне падаецца, яна не з’яўляецца прыхільніцай нейкіх дакладных дактрын ці пэўных кан’юнктур. Таму ёсць надзея, што сёлета будуць перамагаць мастацтва, паэзія, кіно. 

Гэтаксама ў Канах спрабуюць сваю кінаўдачу рэжысёрка з Беларусі Вераніка Бандаровіч (стужка «MAY BEE») і рэжысёр серыялу «Працэсы» Андрэй Кашперскі.

Канскі кінафэст набірае абароты: наперадзе гучныя прэм’еры і нават мерапрыемствы з удзелам беларусаў
Фота: Нэла Васілеўская

Андрэй Кашперскі едзе ў Каны, каб знайсці партнёраў для свайго праекта пад рабочай назвай «Суд мёртвых». Гэта будзе поўнаметражны фільм у жанры хорар з камедыйнымі элементамі.

— Пра беларускую сістэму і міфалогію, — асабліва не раскрывае падрабязнасцяў аўтар. Але дадае дэталь — стужка будзе каляровая.

На дадзеным этапе Андрэй Кашперскі разам з Міхаілам Зуем працуе над сцэнаром «Суда мёртвых». Але кінематаграфісты ўжо знайшлі некалькі партнёраў-фестываляў, якія зацікавіліся будучай стужкай; гэтаксама аўтары з прадзюсарам Ягорам Яфімавым атрымалі фінансаванне на развіццё праекта.

Андрэй кажа, што на Канскім кінафестывалі ён плануе заняцца прамоцыяй будучай карціны і пошукам фінансавання, а гэтаксама паглядзець некалькі фільмаў.

— Чакаю прэм’ер Алі Абасі, Дэвіда Кроненберга і Шона Бэйкера, — падзяліўся ён з Reform.news.

77-мы Канскі кінафестываль працягнецца да 25 траўня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: