«Камера №13 свяцілася любоўю»: Сяргей Доўгушаў — пра спектакль «Казкі з Замка» Andrus Praha. Яго паказ толькі адбыўся ў віленскай турме КДБ

У віленскім Музеі акупацый і барацьбы за свабоду на гэтых выходных прайшлі паказы спектакля «Казкі з Замка». Гэтую пастаноўку мастак Andrus Praha стварыў у 2023 годзе ў мінскім СІЗА №1 для сваіх сукамернікаў. Музыкант Сяржук Доўгушаў, які напоўніў прастору гукамі, падзяліўся рэфлексіяй пра тое, як мастацтва пераўтварыла прастору болю ў прастору супольнай тэрапіі і надзеі.

Спектакль, які апынуўся на волі

Гісторыя «Казак з Замка» пачалася лютаўскай раніцай 2023 года ў прагулачным дворыку мінскай «Валадаркі». Тады Andrus Praha вырашыў зрабіць немагчымае — лялечнае прадстаўленне ў следчым ізалятары.

Некалькі тыдняў ён таемна маляваў лялек на сшыткавых аркушах у клетачку і збіраў дэкарацыі з пустых скрынак ад пральнага парашку, рызыкуючы ўсё страціць падчас вобшуку. Першы паказ адбыўся ў камеры №59 у Мінску.

Цудам Андрусю ўдалося вынесці на волю сапраўдныя артэфакты: тых самых лялек, афішу, лісты і нават аскепкі цэглы Пішчалаўскага замка. У выніку сёння пастаноўка паўстала ў новым месцы — у  знакавым для Вільні былым будынку КДБ.

Падчас спектакля. Фота: @Monika Matilda Andrulytė, Музей акупацыі і барацьбы за свабоду.
Падчас спектакля. Фота: @Monika Matilda Andrulytė, Музей акупацыі і барацьбы за свабоду.

Турма, якая памятае ўсё

Сяржук Доўгушаў прызнаецца, што досвед пастаноўкі ў такім антуражы быў ні з чым не параўнальны:

«Тры дні, можна сказаць, жылі ў турэмнай камеры №13, дзе яшчэ сцены памятаюць боль тых бальшавіцкіх катаванняў. А людзі прыходзілі — літоўская, беларуская публіка — і ў кожным спектаклі мы былі вельмі побач адзін з адным, пражывалі нашу калектыўную траўму».

Музыкант распавядае, што падчас паказаў мяжа паміж стваральнікам і гледачом знікала: ён то гучаў разам са сценамі камеры, то сам станавіўся сведкам дзейства, якое разгортвалася ў гэтай вузкай шэрай прасторы.

Падчас спектакля. Фота: @Monika Matilda Andrulytė, Музей акупацыі і барацьбы за свабоду.
Падчас спектакля. Фота: @Monika Matilda Andrulytė, Музей акупацыі і барацьбы за свабоду.
Падчас спектакля. Фота: @Monika Matilda Andrulytė, Музей акупацыі і барацьбы за свабоду.

Самым моцным момантам, паводле Доўгушава, стала рэакцыя гледачоў. У фінале першага паказу людзі, якія знаходзіліся ў камеры, стыхійна абняліся і доўга не хацелі сыходзіць.

«Маленькая камера стала вялікай прасторай, яна проста свяцілася любоўю і надзеяй. Уся гэта шэрасць, безвыходнасць сышла. Замызганыя вокны з калючым дротам і цяжкія дзверы больш не стрымлівалі нікога, усё паветра было напоўнена водарам свабоды».

Падчас спектакля. Фота: @Monika Matilda Andrulytė, Музей акупацыі і барацьбы за свабоду.
Падчас спектакля. Фота: @Monika Matilda Andrulytė, Музей акупацыі і барацьбы за свабоду.

Як падкрэсліваюць стваральнікі пастаноўкі, «Казкі з Замка» — гэта не проста рэканструкцыя турэмнага побыту, а напамін пра тое, што нават у цемры чалавек захоўвае права выбіраць сваё стаўленне да абставінаў. Як казаў Віктар Франкл: свабода духу не ведае кратаў.

У бліжэйшы час плануюцца паказы спектакля ў Варшаве.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!