Алесь Пушкін. Фота: Сяргей Міхаленка.
Каманда сайта памяці Алеся Пушкіна працягвае папулярызацыю творчасці беларускага мастака і шукае ў праект куратара ці куратарку.
Былі агучаны планы па далейшым прасоўванні спадчыны выбітнага творцы: арганізацыя выставы памяці Алеся Пушкіна, конкурс даследчай стыпендыі імя мастака, падрыхтоўка мастацкага альбома, далейшая супраца з мастакамі і культурнымі інстытуцыямі. Акурат у абавязках куратара будзе рэалізацыя гэтых напрамкаў у справе захавання памяці Алеся Пушкіна, папулярызацыя і асэнсаванне яго творчасці.
Заяўкі чакаюць па адрасе alespushkin@proton.me да 28 лютага. Падрабязней патрабаванні да кандыдата і ўмовы супрацоўніцтва можна даведацца тут.
57-гадовы мастак Алесь Пушкін падчас турэмнага зняволення памёр у шпіталі хуткай дапамогі Горадні 11 ліпеня 2023 года. У мастака была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Алеся ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.
Мастак знакаміты сваім акцыямі і перформансамі, якія ладзіў з канца 1980-х. Быў асуджаны за партрэт удзельніка антысавецкага супраціву Яўгена Жыхара, а таксама за паўтор перформансу «Гной для прэзідэнта» ў Кіеве. На выставе беларускага пратэснага мастацтва «Кожны дзень» Алесь узнавіў свой самы вядомы перформанс у абноўленым выглядзе: на партрэце Аляксандра Лукашэнкі замест надпісу «За 5-гадовую плённую працу» ён разліў чырвоную фарбу, якая сімвалізавала кроў.
Сайт, прысвечаны Алесю Пушкіну, паўнавартасна запрацаваў у снежні 2024 года. Архіў-каталог мае чатыры раздзелы: «Жыццё», «Творчасць», «Падзеі», «Памяць», збор матэрыялаў і твораў мастака працягваецца. Таксама летась у снежні была створаная Instagram-старонка мастака.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram