У берлінскай галерэі ў Кёрнепарку працуе выстава беларускіх мастакоў «Часам я трымаюся за паветра». Дзевяць аўтараў разважаюць пра досвед эміграцыі, пра рэпрэсіі ў роднай краіне, аналізуюць свой страх і шукаюць візуальную форму пачуццю непрытульнасці.
Выстава ініцыявана Гётэ Інстытутам у выгнанні, мяркуецца, што яна стане часткай міждысцыплінарнага фестывалю, што пройдзе з 22 па 25 сакавіка ў мастацкім цэнтры ACUD у Берліне і будзе прысвечаны Беларусі. Сама выстава працуе да 29 мая.
Назва «Часам я трымаюся за паветра» ўзятая з верша беларускай паэткі Вольгі Гапеевай, якая цяпер жыве ў Германіі. У сваім эсэ «У абарону паэзіі ў часы пастаяннага выгнання» яна звяртаецца да паэзіі і мастацтва як да крыніцы свабоднай думкі і сродку супраціву бюракратычнай мове дзяржаў і дыктатарскаму гвалту.
У выставы тры куратары: з нямецкага боку — Катарына фон Хагеноў, з беларускага — Уладзімір Грамовіч і з польскага — Паўліна Альшэўска.
Экспазіцыя сімвалічна і красамоўна адкрываецца плакатам Аляксандра Адамава «Еўропа вітае эмігрантаў». На плакаце мастак змяшчае ўласны партрэт у вобразе талерантнага і ўсмешлівага беларускага эмігранта. Па словах Адамава, на гэты стэрэатыпны вобраз яго натхнілі перадвыбарчыя польскія плакаты са шчаслівымі тварамі кандыдатаў.
«Адамаў з’яўляецца прадстаўніком маладога беларускага пакалення, якое вырасла пры Лукашэнку і не мела прыкладаў сумленнай перадвыбарчай кампаніі, — расказвае адзін з куратараў выставы мастак Уладзімір Грамовіч. — Хоць старэйшае пакаленне таксама даўно не мела такога досведу, але можа нехта памятае часы «да». Беларусы цэлымі пакаленнямі былі пазбаўлены магчымасці выбіраць уладу. А многія з іх нават у эміграцыі маюць часовы побыт, што не дазваляе ім і тут галасаваць».
Варвара Суднік творча перапрацавала траўматычную гісторыю камунікацыі з нямецкай бюракратыяй. Яна паехала ў рэзідэнцыю ў Штутгард з намерам не вяртацца ў Беларусь. У яе была літоўская віза, і яна вырашыла, што за час доўгатэрміновай рэзыдэнцыі здолее зрабіць сабе візу мастацкую. Аднак ёй адмовілі, прапанаваўшы падацца на бежанства, што значыла накіраванне ў адмысловы лагер для ўцекачоў на час разгляду справы. У выніку Варвара была вымушана пакінуць Германію.
Мастачка ў 3D-праекцыі стварае сэрвіз у выглядзе бясконцага чаявання, накшталт каруселькі ў парку атракцыёнаў. «Галавакружэнне, выкліканае каруселлю візавых працэдур і сістэматычным паслядоўным выключэннем», — апісвае свой праект мастачка. Да кожнай філіжанкі дадаецца сурвэтка, на якой з дапамогай вышыўкі старанна зафіксаваны парадоксы яе бюракратычнай гісторыі.
У аснове праекта «База» аўтарства Лесі Пчолкі — копіі базаў ліхтарных слупоў з мінскага праспекта Незалежнасці. У працы прачытваецца некалькі гісторый. Па-першае, яна нагадвае, што ў 2020-м сталічны праспект быў сведкам нашай рэвалюцыі. Адначасова ён сведка шматлікіх савецкіх парадаў і пасляваеннага жыцця Мінска, на што ўказвае стылістыка гэтых калон, выкананых у формах сталінінскага ампіру. Леся дадае камеры відэаназірання, скіраваныя ў розныя бакі. І глядач на выставе можа бачыць сябе на экранах, усталяваных на тумбах.
«Пастаяннае назіранне, сачэнне характэрнае не толькі для беларускага рэжыму, — тлумачыць куратар Уладзімір Грамовіч, — з гэтым сутыкаешся і за межамі Беларусі».
Аднак у гэтай працы ёсць некалькі слаёў прачытання. Гэтыя тумбы былі зроблены пасля Другой сусветнай вайны, зараз гэты стыль называюць сталінскім ампірам, але арнамент на іх узяты са слуцкіх паясоў — узор не народнага, а шляхецкага адзення.
Таксама варта памятаць, што першапачаткова тумбы былі зробленыя з чыгуна, а пасля заменены на пластыкавыя. І гэта стала адной з прычын, чаму мінскаму праспекту адмовілі у статусе помніка са спісаў ЮНЭСКА.
Праект Разаліны Бусел — тэрапеўтычны. Мастачка ўпрыгожвае сцяну папяровымі кветкамі, характэрнымі для беларускай традыцыйнай культуры: на вяселлі жанчынам рабілі папяровыя вянкі, упрыгожвалі імі іконы, рамкі фотаздымкаў. Аднак у Разаліны — кветкі чорныя, жалобныя. Мастачка запрашае людзей на варкшоп па вырабу такіх кветак, на якім удзельнікі расказваюць свае гісторыі — гаруюць, апісваючы сваё быццё.
Надзея Саяпіна паказала дзве працы. Адна з іх — «Where are you from?» — дакументацыя яе перформансу з праекцыямі вуліц. На адной сцяне — вуліцы з Беларусі, а на другой змяняюцца вуліцы папулярных эмігранцкіх гарадоў: Варшавы, Тбілісі, Вільні. Аўтарка рухаецца паміж праекцыямі гарадскіх вуліц у розных гарадах, у той час як беларусы прамаўляюць тэкст на верш Васілісы Палянінай на розных мовах пра сваё жыццё ў эміграцыі. У рэшце рэшт, пытанне «Адкуль вы родам?» застаецца без адказу.
На іншай сцяне — фотаздымкі валізак розных людзей, гэтыя здымкі Надзея атрымала з розных краін. Побач паказана відэа, дзе аўтарка спрабуе змясціцца ў чамадане.
Відэа «Драпіны» Леся Пчолка і Уладзімір Грамовіч зрабілі яшчэ напрыканцы 2020 года. Яны сціраюць пазалоту з герба на вокладцы беларускага пашпарта.
«Зразумелы жэст і плакатная праца», — лаканічна каментуе праект адзін з аўтараў Уладзімір Грамовіч.
Мастачка Анастасія Пальчукевіч свой праект пад назвай «Перамешчаныя» выканала падчас рэзідэнцыі ў Новай Рудзе, у Сілезіі, што размешчана на захадзе Польшчы, былой тэрыторыі Германіі. Пасля вайны, калі заходнія часткі Беларусі і Украіны адышлі да Савецкага Саюза, многія польскія сем’і былі вымушаны з’ехаць на тэрыторыі, якія раней належалі Германіі. Мастачка зрабіла злепкі дрэў у старых садах, што належалі людзям, якія тыя землі пакінулі. Злепкі яна адліла з бетону і зафіксавала на металічных шарнірах. У выніку атрымаліся ўмоўныя археалагічных аб’екты.
Праект Антаніны Слабодчыкавай называецца «Героі, усяго толькі героі». У эміграцыі Антаніна працуе з тымі ж тэмамі, што і раней. Напрыклад, даследуе самаадчуванне чалавека, які вырас у патрыярхальным грамадстве. Аналізуе, наколькі жыццё ў Беларусі прасякнутае вертыкальнымі іерархіямі, як яны ўплываюць на развіццё розных пакаленняў. У гэтым праекце аўтарка выкрывае знакі патрыярхальнасці.
У канцы залы вісіць праца Васілісы Палянінай — керамічная маска з вачымі-вейкамі і крывавымі ручаінкамі з носа. Вобраз, выкліканы вайной з Украінай — яшчэ адным момантам перманентнай гісторыі гвалту.
І ставіць шматкроп’е ў гэтай экспазіцыі відэа Аляксея Талстова, у якім аўтар ходзіць па вуліцах Брэста і звяртаецца да твораў манументальнага мастацтва савецкага часу. Ён задае ім пытанне: «Калі ж скончыцца мінулае?». Твор датуецца восенню 2020 года, калі было яшчэ незразумела, што мінулае скончыцца няхутка.
«Савецкія манументы, — тлумачыць Уладзімір Грамовіч, — ніякім чынам не адказваць на нашы сучасныя патрабаванні, працягваючы быць прыкметай бясконцага мінулага, яны голасна маўчаць».
«Гэта выстава сведчыць пра тое, што адбыўся вялікі сыход людзей культуры, прынамсі найбольш актыўнай іх часткі, — падсумоўвае сутнасць праекта куратар Уладзімір Грамовіч. Творцы меркавалі, што едуць на кароткі час, а ўсё ўжо зацягнулася на гады. Хутчэй за ўсё, большасць не вернецца. Усталявалася новае жыццё, людзі абрастаюць новымі сувязямі, нехта знайшоў свой новы дом.
Выстава паказвае спосабы існавання альтэрнатыўнай беларускай культуры за мяжой. Незалежная культура ў Беларусі пад забаронай. Прычым любая незалежная культура, нават тая, якая не крытыкуе рэжым, а існуе сама па сабе, выклікае ва ўлады пытанні.
Як беларуская культура можа развівацца ва ўмовах эміграцыі? Мяркую, што наша культура выпрацавала стратэгію выжывання ў самых розных умовах, бо і раней у самой краіне яна не мела спрыяльных варункаў.
Таму цяпер мы можам толькі назіраць. Цікава было б праз тры-чатыры гады эміграцыі зрабіць выставу з беларускімі аўтарамі, якія да гэтага часу ўсё яшчэ ідэнтыфікуюць сябе беларусамі», — кажа куратар.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram