Настасся Панкратава. Фота з архіва Настассі Панкратавай.
У выдавецтве Skaryna Press выйшла кніга тэатральнай аглядальніцы Настассі Панкратавай «(Не)выкраслены: Беларускі тэатр 2015–2025. Выбраныя старонкі».
Аўтарка сабрала пад адной вокладкай свае інтэрв’ю і аналітыку, якія выходзілі ў розных медыя, а таксама артыкулы, якія падсумоўваюць працэсы ў беларускім тэатральным свеце з 2015 па 2025 год.
Паразмаўлялі з Настассяй Панкратавай пра тэатральны раскол, забыццё і надзею.
— Ты пісала ў сацсетках, што адной з важных прычын напісання гэтай кнігі сталі «белыя плямы» ў гісторыі тэатра. Раскажы падрабязней пра гэтыя зніклыя старонкі…
— Пасля 2020 года ў тэатрах Беларусі мэтанакіравана зачышчаюцца кадры. Людзей звальняюць, часам проста дачакаўшыся заканчэння кантрактаў.
Цяпер, калі звальняюць нейкага чалавека, адразу прыбіраюць усе згадкі пра яго. І на сайтах тэатраў часта няма інфармацыі пра рэжысёраў, якія там раней працавалі. Як быццам нічога і не было. Напрыклад, калі паглядзець сайт самага папулярнага калектыва Беларусі – Тэатра лялек, то складаецца ўражанне, што акрамя Карняга, больш рэжысёраў у тэатры не працавала. А там усё вялікая гісторыя, і ці стаў бы Карняг такім выбітным творцам, якім мы яго ведаем, калі б не вучыўся ў Аляксея Ляляўскага і не працаваў з ім у гэтым жа тэатры?
Можна адкрыць газету «Беларусь сегодня», каб прачытаць пра прэм’еру спектакля, і там будуць словы, што «спектаклі на гэтую тэму паказваліся на вельмі папулярным фестывалі ў Беларусі». А назва фестывалю – ТЭАРТ — не згадваецца. І такіх прыкладаў вельмі шмат. І мне вельмі не хочацца, каб працягвалася яшчэ адна айчынная традыцыя усё называць першым. Многія проста не памятаюць і не ведаюць гісторыі, таго, што было тут раней. Напрыклад, летась у ТЮГу была прэм’ера спектакля «Пітэр Пэн». На афішы напісалі, што твор упершыню прадстаўлены ў Мінску. Але я ў сваім дзяцінстве ў 1990-я хадзіла ў Оперны тэатр на знакаміты ў той час мюзікл «Пітэр Пэн», які ставіўся дзіцячай опернай студыяй. І той спектакль меў вялікі розгалас.
І мне вельмі хацелася, каб гэтая кніга дапамагла запоўніць прагалы і паказаць, з чаго ўсё пачыналася. З чаго пачынаў Яўген Карняг? У кнізе ёсць інтэрв’ю, калі ў Тэатры лялек рыхтавалася прэм’ера «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі», які пазней стаў культавым спектаклем. І ёсць гаворка з Матэа Сп’яцы якраз напярэдадні прэм’еры яго пастаноўкі «Пансіён «Бельведэр». Ён расказвае пра тое, як рыхтуецца да гэтага спектакля, знаёміцца з трупай. І тады размова ішла пра будучую прэм’еру. Гэта быў 2017 – хто тады мог уявіць, што спектакль стане хітом, да сёння застанецца ў рэпертуары і будзе настолькі запатрабаваным?
Такім чынам, гэта першая прычына з’яўлення кнігі: я хацела, каб з гісторыі не знікалі людзі тэатра, тыя, хто вызначаў кірунак развіцця тэатральнага мастацтва ў гэтае дзесяцігоддзе.
А другая прычына, другая вялікая праблема – знікненне тэкстаў. Я сутыкнулася з гэтым асабіста, бо каля 90 адсоткаў публікацый з гэтай кнігі сёння немагчыма адшукаць у сеціве. Сайты, для якіх я пісала, усе зачыненыя, забаненыя, прычым неабавязкова гэта тычыцца незалежных медыя, закрытых дзяржавай, але і галіновых культурных медыя, такіх, як часопіс «Мастацтва» і газета «Культура». У газеце я прапрацавала 11 гадоў, і на сайце было больш за чатыры сотні маіх тэкстаў. Але новы склад рэдакцыі вырашыў адхрысціцца як ад аўтараў, якія пісалі раней, так і ад творцаў, з якімі рабіліся тэксты, бо многія патрапілі ў спіс «нядобранадзейных». І калі я ў 2024 годдзе паспрабавала адкрыць сайт з архівам публікацый, яго проста не было. І ў мяне такім чынам знікла 10 гадоў майго творчага жыцця. Нібы мяне не існавала.
Многіх крытыкаў, якія працавалі ў Беларусі, выкраслілі. Адсюль і назва кнігі… Калі мы абмяркоўвалі з выдавецтвам будучую назву, пастаянна ўзнікала слова «выкрасліць», таму што імёны нашых творцаў зніклі з сайтаў. І ў той жа Акадэміі мастацтваў сёння гісторыю сучаснага тэатральнага мастацтва Беларусі выкладаюць з замоўчваннямі.
Цяпер у тэатр прыйшло новае пакаленне, людзі, якія ў 2020-м былі школьнікамі. Ім у ВНУ не расказваюць пра многіх народных артыстаў, вядомых рэжысёраў… Ім няма адкуль даведацца, што было да іх. І атрымліваецца, што калі яны прыходзяць у тэатр, то нібы пачынаюць з чыстага аркуша.
— Зыходзячы з гэтых падставовых рэчаў, як ты падбірала тэксты ў кнігу?
— Найперш я брала інтэрв’ю і аналітыку, з акцэнтам на тагачасныя праблемы. Што творцы перажывалі, якія выклікі стаялі перад імі? Тэксты не толькі пра рэжысёраў ці актораў, а і прадстаўнікоў іншых тэатральных прафесій. Напрыклад, калі мастакі гавораць пра свае праблемы, то ў Мінску яны тычыцца творчай рэалізацыі, а ў тэатрах абласных гарадоў мастакі сутыкаюцца з пытаннем банальна знайсці якасную тканіну для сцэнічных касцюмаў.
— Давай вернемся да студэнтаў-тэатралаў, пазбаўленых інфармацыі… Ты выкладзеш сваю кнігу анлайн? І яе можна будзе скачаць і прачытаць?
— Кніга атрымалася вялікай, у ёй 500 старонак. Дзякуючы таму, што мой праект быў падтрыманы ArtPower Belarus, мы з выдавецтвам Skaryna Press змаглі дадаткова да папяровых асобнікаў зрабіць электронную версію кнігі (epub). Яе ўжо зараз можна набыць прыватным карыстальнікам і публічным бібліятэкам на пляцоўках (іх лік перавышае дзясятак) у розных краінах свету, у тым ліку на Apple Books і Google Books. А праз дыстрыб’ютара Easview кніга даступная ў PDF фармаце нацыянальным і універсітэцкім бібліятэкам.
Кніга будзе цікавая, безумоўна, тым, хто сам у гэтым працэсе знаходзіцца, моладзі, якая захоча даведацца, што было да іх, а таксама і шырокаму чытачу, які зможа зразумець тое, што адбываецца за кулісамі тэатра.
— З 2015 па 2025 у Беларусі адбыліся каласальныя змены, сацыяльныя і палітычныя. Сёння беларускі тэатр не сканцэнтраваны ў адной краіне, з’явіўся тэатр эмігранцкі. І ты ў гэтым кантэксце ўжываеш слова «раскол». Што ты ўкладаеш у гэтае паняцце?
— Беларускі тэатр заўсёды быў досыць з‘яднаным. Хоць існавала шмат незалежных пляцовак, але розныя калектывы вельмі моцна ўплывалі адзін на аднаго, таму што прыватныя прасторы ўзнікалі з-за таго, што ў дзяржаўных тэатрах нечага не ставала. Як было з Настассяй Грыненка, якая заснавала «Тэрыторыю мюзікла», бо гэты жанр у Музычным тэатры быў незапатрабаваны ў такім маштабе, у якім ёй хацелася. І з гэтай ідэі аднаго чалавека ўзнік тэатр, які стварыў раптам канкурэнцыю там, дзе ўсё было нібы навек зацэментавана. Як памятаеце, да гэтага на Нацыянальнай тэатральнай прэміі Оперны і Музычны тэатры супернічалі паміж сабой, у іх, па сутнасці, была падзелена сфера інтарэсаў. І раптам урываецца «Тэрыторыя мюзікла» і нават у адзін з гадоў бярэ прэмію за лепшы музычны спектакль.
А пасля 2020 года большасць прыватных тэатраў закрылася. А з тых, што засталіся, многія перасталі ўплываць на якаснае развіццё тэатра. Цяпер яны цяпер проста існуюць як дадатковая пляцоўка, ад іх ніхто цяпер не чакае новых вышыняў.
Калі ж гаварыць пра беларускія тэатры за межамі краіны, то яны існавалі і раней за цяперашнюю хвалю эміграцыі, але іх было няшмат.
— Напрыклад, Ганны Хітрык?
— Так, дарэчы, у кнізе я не проста збірала тэксты пра ранейшыя падзеі, але дадаю звесткі, кім гэтыя людзі сталі сёння.
Напрыклад, Арцём Пінчук, які на момант, калі пра яго пісаўся тэкст, быў акцёрам, сёння галоўны рэжысёр у Тэатры беларускай арміі. Між іншым, дзякуючы яму, гэты калектыў, пра які ў сярэдзіне мінулага дзесяцігоддзя ніхто не ўспамінаў, сёння стаў папулярным у гледача.
Што да Хітрык, то на момант майго з ёй інтэрв‘ю яна толькі пачынала ставіць спектаклі у Ізраілі, а зараз у Ганны ёсць свой паўнавартасны тэатр «Дом Чорнай савы» са сталым рэпертуарам. І яго можна ставіць у шэраг неаматарскіх тэатраў. І гэта кніга якраз паказвае, адкуль гэта ўсё пачыналася.
— Аднак як сёння зафіксаваць, як сабраць у адзін беларускі тэатр усе гэтыя пляцоўкі, калі ўсё расцярушана і расколата, дзе невядома, што робіцца ў самой краіне і наколькі беларускі там тэатр. Як ты бачыш гэтую панараму?
— Праблема тэатральных крытыкаў сёння ў тым, што яны не могуць паглядзець усё тое, што адбываецца па абодва бакі мяжы. Незалежныя даследчыкі па зразумелых прычынах не бачаць спектаклі, якія ідуць унутры Беларусі. Мы можам чэрпаць факты з рылсаў гледачоў ці з інтэрв‘ю ў тамтэйшых медыя. Але мы часта не маем фінансавай магчымасці ездзіць і паміж заходнімі краінамі, а сёння прэм’еры беларусаў адбываюцца паўсюль – ад Познані да Лондана, ад Вільні да Нью-Ёрка.
Вось, напрыклад, Уладзімір Ушакоў цалкам занураецца ў фінскую культуру, ставіць спектаклі сумесна з тамтэйшымі тэатральнымі дзеячамі. Я ведаю, што ён там робіць, але да гэтых спектакляў я не магу даехаць. І не я адна. Зараз атрымліваецца, што ацаніць тое, што адбываецца з беларускім тэатрам мы можам толькі фрагментарна, кожны бачыць свой кавалачак — хтосьці ў Польшчы, хтосьці ў Літве, хтосьці ў Германіі.
Аднак місія тэатральных крытыкаў сёння якраз у тым, каб кожнаму даследаваць даступную яму частку. Упэўнена, з гэтых, здавалася б, асобных кавалачкаў – а мая кніга таксама з’яўляецца толькі фрагментам агульнай гісторыі – у будучым збярэцца паўнавартасная карціна, якая адлюструе, што адбывалася з нашым тэатрам у 2020-я гады. Хочацца, каб моладзь зноў не вынаходзіла ровар, а імкнулася, абапіраючыся на досвед папярэднікаў, выводзіць беларускае мастацтва на новы творчы ўзровень.
Набыць папяровую кнігу Настассі Панкратавай «(Не)выкраслены: Беларускі тэатр 2015–2025. Выбраныя старонкі» ці прачытаць яе ў вольным доступе можна на сайце выдавецтва.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram