«Каб кожны змог адчуць сябе сапраўдным акторам»: каманда фонду Tutaka пра Міжнародны дэкламатарскі конкурс, беларускую мовы і яе дыялекты

Фонд Tutaka і Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку праз некалькі дзён завершаць прыём заявак на чарговы Міжнародны дэкламатарскі конкурс. Да 13 лютага ўключна можна яшчэ даслаць відэазапіс сваёй дэкламацыі і запоўніць анкету праз Google-форму.

Конкурс ладзіцца штогод да Дня роднай мовы і ставіць на мэце падтрымку і папулярызацыю беларускай мовы праз дэкламацыю вершаў, прозы і мастацкія відэа. Ён мае міжнародны характар, арганізаваны па гібрыднай сістэме, што дае магчымасць удзельнічаць беларусам з усяго свету.

Як адбудзецца конкурс? Чаму дыялекты беларускай мовы на конкурсе выглядаюць так арганічна? І чаму прафесійны актор-купалавец хацеў, але не змог на яго патрапіць (а цяпер такая магчымасць зявілася)?

Паразмаўлялі з арганізатарамі конкурсу – кіраўніком фундацыі TUTAKA Паўлам Станкевічам і кіраўнічкай праектаў Настассяй Суханосік.

Міжнародны дэкламатарскі конкурс-2025. Фота: tutaka.org

Як з’явіўся ваш конкурс?

Павел Станкевіч: Дэкламатарскі конкурс адрадзіўся чатыры гады таму, таму сёлета адзначаем яго пяцігоддзе.

Нам хацелася стварыць такую імпрэзу, якая будзе адбывацца на прафесійнай тэатральнай сцэне, каб кожны з удзельнікаў змог адчуць сябе сапраўдным акторам.

І ўжо пасля першай эдыцыі мы зразумелі, што конкурс трэба рабіць у міжнародным фармаце, бо адбор фіналістаў адбываўся анлайн праз дасыланне заявак, і людзі пачалі дасылаць нам гэтыя заяўкі з усяго свету, не толькі з Польшчы, але і з Беларусі, Штатаў, Нідэрландаў, Вялікабрытаніі і іншых краін.

І адразу ж стала відавочна, што трэба зрабіць так, каб людзі маглі ў фінальнай частцы конкурсу выступаць анлайн. У нас фінал адбываецца на сцэне прафесійнага тэатра, і ўдзельнікі, якія дайшлі да фіналу і не могуць прыехаць, напрыклад, з ЗША, выступаюць у анлайн фармаце таксама на гэтай сцэне. Такая форма спадабалася, таму штогод да нас прыходзіць шмат заявак, тым больш, што мы прымаем усіх жадаючых ад пяці гадоў.

Сёлета самаму старэйшаму ўдзельніку — 82 гады, і гэта не ўсе заяўкі яшчэ прыйшлі.

Тры гады таму ўвялі адмысловую катэгорыю — «Мастацкае відэа», там зусім няма абмежаванняў. Туды можна ўжо запрашаць прафесійных рэжысёраў, актораў, аператараў, бо дэкламатарская частка конкурсу накіравана толькі на аматараў.

Настасся Суханосік: Так, гэта аматарскі конкурс, і заяўкі ад прафесійных актораў і рэжысёраў не будуць прымацца, але яны могуць прыняць удзел у конкурсе на лепшае мастацкае відэа, бо там няма ніякіх абмежаванняў. І гледзячы на досвед папярэдніх гадоў, у гэтай катэгорыі ўдзельнічаюць прафесійныя акторы і рэжысёры.

Павел Станкевіч: Мы Алегу Гарбузу казалі, каб ён не дасылаў свае заяўкі на дэкламацыю, але калі хтосьці яго запросіць да стварэння відэа, то калі ласка.

— Актор-купалавец Алег Гарбуз дасылаў заяўку?

— Павел Станкевіч: Так.

— І вы яго не дапусцілі?

— Павел Станкевіч: Так, не дапусцілі.

— А самыя малыя ўдзельнікі якога былі ўзросту?

Настасся Суханосік: Самыя малыя — пяці гадоў, гэта дзеці, якія вучацца тут у беларускамоўных садочках і выхоўваюцца ў беларускамоўных семях. І беларуская мова ў іх розная. Тут Беласточчына, яна рознакаляровая, і гаворкі тут таксама розныя. Таму гэтыя дзеткі са сваімі цікавымі акцэнтамі таксама прымаюць удзел.

І цяпер падляшскія гаворкі становяцца ўсё больш папулярнымі.

Аднак не трэба забываць, што гэта ўсё ж беларуская мова, і сэнс конкурсу ў тым, каб святкаваць гэты дзень менавіта беларускай мовай. Нашыя ўмовы – не больш за тры з паловай хвіліны дэкламацыі і на беларускай мове – з усімі яе дыялектамі.

Міжнародны дэкламатарскі конкурс-2025. Фота: tutaka.org

— Якія былі дыялекты на мінулых конкурсах, што вас саміх уразіла?

Павел Станкевіч: Дыялектаў, на жаль, яшчэ мала, яшчэ не можам пераканаць удзельнікаў, каб сягнуць да гэтай паэзіі ці прозы, але ёсць выпадкі, калі на розных падляшскіх дыялектах зяўляюцца варыянты вершаў.

Калі мы зрабілі аналітыку, чые вершы найбольш папулярныя ў нашым конкурсе, то высветлілася, што Віктара Шведа, паэта з Беласточчыны.

— Ён пісаў на літаратурнай беларускай мове?

Павел Станкевіч: Так, яго ўжо няма з намі, але памяць пра яго жыве, бо год таму адна з пачатковых школ на Беласточчыне ўзяла яго імя як свайго патрона.

— Людзі таксама выступаюць з уласнымі вершамі?

Настасся Суханосік: Сёлета мы ўжо маем некалькі заявак, дзе аўтары будуць дэкламаваць уласныя творы.

— А як вы вызначаеце пераможцу, што для вас важна? Якія тут крытэрыі?

Павел Станкевіч: Мы — толькі арганізатары і не маем дачынення да адбору фіналістаў. Для гэтага ў нас ёсць прафесійнае журы. Штогод склад журы змяняецца. Сёлета будзе цалкам новы склад. Журы адбірае фіналістаў, а пазней — і пераможцаў. Адзінае, што мы просім, каб не вельмі звярталі ўвагу на акцэнт, бо жывём тут у такіх абставінах, што ёсць шмат людзей з польскім акцэнтам, але і з расейскім таксама.

Настасся Суханосік: Сёлета ў журы будзе Аляксей Дзікавіцкі — журналіст і медыяменеджар, аўтар кніг на палескай мове і цыкла дзіцячых вершаў для Тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва». Антон Ільін — рэжысёр, стваральнік спектакляў «Граніца», «Млявасць», які ў «Тэатральнай майстэрні» займаецца адукацыйнымі і творчымі праектамі. Марыя Чыквін — акторка тэатра і кіно, рэжысёрка, яна стварае і прадзюсуе праекты на стыку мастацтва і адукацыі. Ганна Кандрацюк-Свярубская — журналістка Тыднёвіка «Ніва», рэдактарка рубрыкі для дзяцей і моладзі «Зорка», аўтарка кніг і лаўрэатка прэміі Гедройця.

Мы ніякім чынам не ўплываем на іх выбар. Даем магчымасць адабраць лепшыя прэзентацыі. Але, на нашу думку, усе лепшыя, усе, хто падае нам заяўку ці дасылае сваё відэа, – гэта ўсе, можна сказаць, фіналісты, і шкада, што мы не можам запрасіць усіх іх далучыцца да конкурсу ў фінале.

Павел Станкевіч: Конкурс, дарэчы, будзе транслявацца. Хочам звярнуць на гэта ўвагу, калі хтосьці хоча адсвяткаваць гэты дзень разам з намі, мы робім прамую трансляцыю на YouTube-канале фундацыі Tutaka, а таксама ўсім гледачам можна будзе прагаласаваць, у тым ліку і анлайн, таму што мы вяртаем прыз глядацкіх сімпатый.

Настасся Суханосік: Пераможцаў будзе вызначаць прафесійнага журы, а таксама і аўдыторыя, якая будзе выбіраць, хто ёй спадабаўся з усіх узроставых катэгорый. Гэты пераможца таксама атрымае падарунак ад арганізатараў конкурсу.

Павел Станкевіч: А таксама запрашаем проста ў тэатр. Імпрэза будзе пачынацца а 17 гадзіне 24 лютага. Можна прыйсці не толькі на дэкламацыю. Будзе дадатковая артыстычная частка: Яана Троц — рэжысёрка і акторка – пакажа свой спектакль «Брыдкае качаня» на адной з падляшскіх гаворак.

І прызы даволі цікавыя, таму што кожны фіналіст атрымае нешта на памяць, а 15 пераможцаў атрымаюць таксама грашовыя ўзнагароды, ад 450 да 250 злотых, у залежнасці ад месца.

Настасся Суханосік: Міжнародны дзень роднай мовы святкуецца ва ўсім свеце 21 лютага, але мы перанеслі конкурс на 24-га. Бо не толькі 21-га трэба размаўляць на беларускай мове, але штогод, кожны дзень. Таму мы трошачкі расцягнулі святкаванне, каб усе маглі адсвяткаваць і далучыцца да нас 24. І мы заклікаем не толькі 13 лютага паспець даслаць заяўкі, але і далучыцца непасрэдна да фіналу.

Яшчэ хачу звярнуць увагу, што відэа, якое ўдзельнікі адбору дасылаюць на дэкламатарскі конкурс, не мусіць быць прафесійнае, можна зняць сваю дэкламацыю на тэлефон, самае галоўнае, каб быў добры гук і мы маглі дакладна распазнаць кожнае слова і зразумець сэнс аповеду ці верша. Такімі аматарскімі крокамі можна рэальна далучыцца жа фіналу і паўдзельнічаць у вельмі файным мерапрыемстве.

Міжнародны дэкламатарскі конкурс-2025. Фота: tutaka.org

***

Фінал конкурсу адбудзецца 24 лютага з 17.00 на сцэне Беластоцкага тэатра лялек і анлайн.

Да 13 лютага ўключна любы жадаючы можа прыняць удзел у Міжнародным дэкламатарскім конкурсе.

Заяўка на конкурс падаецца шляхам запаўнення і пацвярджэння інтэрактыўнай формы.

Астатнія ўмовы конкурсу можна паглядзець тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!