З 1 студзеня 2025 года для беларускіх дзяржаўных тэатраў надыходзяць складаныя часы: стварэнне новых тэатральных пастановак, правядзенне гастроляў, аплата камунальных паслуг, эксплуатацыйных выдаткаў і выплата заработнай платы будуць ажыццяўляцца на парытэтнай аснове (50/50) са сродкаў бюджэту і ўласных даходаў тэатраў.
У 2024 схема фінансавання расходаў са сродкаў бюджэту і ўласных сродкаў тэатраў дзейнічала па прынцыпе 60/40.
На пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры абмеркавалі працу дзяржаўных тэатраў у новых умовах. Справаздача з’явілася на сайце Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Культура і Мастацтва».
За мінулыя 10 месяцаў доля тэатраў краіны ў агульным аб’ёме фінансавання складала ў сярэднім 45,2%.
«Мы навучыліся зарабляць грошы, але не заўсёды за кошт запатрабаваных у гледача спектакляў, аб чым сведчыць недастаткова высокі ў шэрагу тэатраў паказчык напаўняльнасці залаў», — сказала начальніца галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Кацярына Усава.
Тэатрам прыносіць даходы правядзенне спектакляў на ўласных пляцоўках і арганізацыя на іх мерапрыемстваў з удзелам запрошаных выканаўцаў; стварэнне і пракат прэм’ерных спектакляў; міжнародныя рэспубліканскія тэатральныя фестывалі, абменныя рэспубліканскія гастролі, удзел у фестывалях за мяжой, праект «Культурная карта», выкарыстанне новых форм пастановак, арганізацыя дзіцячых тэатральных студый і іншае.
Асобна дакладчыца спынілася на міжнародных гастролях, адзначыўшы, што колькасць гастроляў беларускіх тэатраў за мяжой у параўнанні з мінулым годам знізілася. Аднак гэты факт спрабуюць кампенсаваць актыўнай работай з Расійскай Федэрацыяй па ўключэнні беларускіх творчых калектываў у федэральныя праекты і праграмы. Ужо дасягнуты папярэднія дамоўленасці. «Замежныя гастролі — гэта не толькі заробленыя сродкі, але і ўклад у імідж краіны, — паведаміла дакладчыца. — Тым больш расіяне гатовыя прыязджаць да нас у любы рэгіён са сваімі мерапрыемствамі, і публіка сустракае іх добра. Ёсць упэўненасць, што расійскі глядач таксама праявіць цікавасць да пастановак нашых тэатраў».
Па выніках апошніх 10 месяцаў у структуры даходаў тэатраў 69,8% — гэта даходы ад рэалізацыі паслуг па паказе спектакляў бягучага рэпертуару. Дадзеная пазіцыя для большасці тэатраў з’яўляецца асноўнай крыніцай атрымання даходаў, што ў большай ступені спрыяе забеспячэнню дзейнасці тэатраў ва ўмовах долевага фінансавання. Гэта таксама той станоўчы момант, які сведчыць аб запатрабаванасці рэпертуарных спектакляў у гледачоў.
Нагадаем, што касавасць спетакляў не заўсёды з’яўляецца гарантыяй іх захаванасці ў рэпертуары тэатра. Напрыклад, самых касавых і надзвычай папулярных спектакляў РТБД — «Шлюбу з ветрам», «Пачупкаў» «Забалоцця» — больш не знойдзеш у афішы. Акторы, якія ў іх ігралі, былі звольненыя з тэатра, і спектаклі, якія закраналі глыбокія пытанні беларускай ідэнтычнасці, вырашылі не аднаўляць.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram